Міністэрства сувязі забароніць апэратарам навязваць высокія тарыфы за мабільны інтэрнэт

Ілюстрацыйнае фота

Апэратары сотавай сувязі ня змогуць аўтаматычна падключыць кліенту мабільны інтэрнэт паводле высокага тарыфу.

Як паведаміў дзяржаўны тэлеканал АНТ, асноўныя дакумэнты ўступяць у сілу да сярэдзіны студзеня 2027 году.

Істота зьменаў у тым, што ў сетках апэратараў сотавай сувязі Беларусі цана перадачы дадзеных звыш аб’ёму, прадугледжанага тарыфным плянам, ня можа выстаўляцца аўтаматычна, бяз згоды кліента. Ясна выказаная згода цяпер будзе абавязковая.

Як заявіў у этэры АНТ намесьнік міністра інфарматызацыі і сувязі Беларусі Павал Ткач, міністэрства інфармацыі і сувязі цяпер аналізуе водгукі, звароты і скаргі кліентаў сотавай сувязі.

Выявілася, што абанэнта пры вычарпаньні прадугледжанага тарыфным плянам аб’ёму дадзеных пераводзілі на тарыфікацыю, значна вышэйшую за звычайную для яго. І абанэнт часта не здагадваўся, што за трафік пачынаюць налічваць плату паводле большага тарыфу.

«Было прынятае рашэньне, што па сканчэньні аплочанага трафіку паслуга, уключаная ў яго тарыфны плян, будзе прыпыняцца датуль, дакуль абанэнт не заплаціць за дадатковы аб’ём трафіку, каб ён разумеў, колькі ён яшчэ набывае і за якую цану. Пра згоду атрымліваць трафік за высокую цану можна будзе паведаміць розным чынам — паслаць СМС, напісаць заяву ў офісе кампаніі, іншым чынам, які прапануе мабільны апэратар», — заявіў Ткач.

Чаму гэта важна

Кліент будзе плаціць толькі за той мабільны трафік, які ёсьць у тарыфным пляне, а пры яго заканчэньні зможа сам кантраляваць далейшы расход трафіку і грошай.

Кліента больш ня будуць ставіць перад фактам пераводу на даражэйшы тарыф безь яго згоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Апэратар А1 зьмяняе правілы роўмінгу з Расеяй. Улады ў Менску і Маскве шмат гадоў абяцалі яго скасаваць