Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве сувязі назвалі плённым абмежаваньне трафіку на безьлімітных тарыфах

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У лютым у Беларусі пачаў дзейнічаць ліміт трафіку на безьлімітных тарыфных плянах у 30 Гб. Цяпер улады падвялі першыя вынікі абмежаваньняў.

Міністар сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Кірыла Залескі на дзяржаўнай тэлевізіі заявіў, што абмежаваньне ўжо прынесла вялікую карысьць.

«У прынцыпе яно дасягнула сваіх мэтаў. Мабільныя сеткі ў нас разгрузіліся, і пэўны ператок трафіку з мабільнага інтэрнэту ў сэгмэнт Wi-Fi усё ж такі адбыўся. Таму, я думаю, у цэлым рашэньне было слушным», — сказаў ён.

Чыноўнік дадаў, што ў іншых краінах таксама ёсьць падобныя меры, а поўны безьлімітны інтэрнэт на максымальна дапушчальнай хуткасьці безь якіх-кольвечы абмежаваньняў за невялікія грошы ўбачыць нібыта нідзе не магчыма.

«Тут альбо пытаньне цаны, альбо пытаньне пэўных абмежаваньняў. Я мяркую, у нас дасягнутыя разумныя абмежаваньні. Падкрэсьлю: мабільны інтэрнэт не адключаецца. На парозе 30 Гб памяншаецца хуткасьць да 1 мэгабіту на сэкунду, якая дазваляе цалкам сабе камфортна карыстацца базавымі паслугамі», — працягнуў міністар.

Паводле яго слоў, летась ёмістасьць сеткі ўпершыню павялічвалася хутчэй за тэмпы прыросту спажыванага трафіку. Тады яна вырасла на 28%, а з пачатку 2026 году — ужо на 17%.

Сёлета ў дзеяньне ўвялі ўжо больш за 900 базавых станцый інфраструктурнага апэратара, а да канца году агульная колькасьць станцый, уведзеных сёлета, перавысіць 2100.

Таксама ў міністэрстве ганарацца тым, што працягваецца ўкараненьне 5G. Пакуль новае пакаленьне сувязі даступнае ў Менску і абласных цэнтрах. Паводле Залескага, ён сам замяраў хуткасьць інтэрнэту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, і там яна склала гігабіт на сэкунду.

Чаму гэта важна?

Намеры і крокі ўладаў у абмежаваньні трафіку выклікалі шмат незадаволенасьці ў кліентаў. Задаваліся ў тым ліку пытаньні, ці можна называць безьлімітным тарыф, дзе хуткасьць імкліва падае і немагчыма карыстацца інтэрнэтам на прадугледжанай тарыфам хуткасьці.

У студзені 2026 году ўлады Беларусі заклапаціліся пытаньнем мабільнага інтэрнэту ў грамадзян. Яны захацелі яго абмежаваць. І неўзабаве Міністэрства сувязі й інфарматызацыі Беларусі ўвяло абмежаваньне для карыстальнікаў мабільнай сувязі зь безлімітнымі тарыфамі на інтэрнэт.

У пастанове, якая набыла чыннасьць у канцы лютага, гаварылася, што цяпер карыстальнікі будуць мець абмежаваньне трафіку ў 30 гігабайт на месяц. Пасьля спажываньня гэтага аб’ёму інтэрнэт для іх будзе запавольвацца — да 1 Мбіт/с. Аднак за грошы апэратары могуць прапанаваць дадатковыя аб’ёмы трафіку з нармальнай хуткасьцю.

З аналізу лічбаў вынікала, што ўлады хочуць зьнізіць мэдыянную хуткасьць загрузкі мабільнага інтэрнэту ў 21 раз.

Ад 22 студзеня апэратары ў Беларусі павінны былі дапасаваць да гэтых патрабаваньняў усе раней падпісаныя паперы і дзейныя тарыфныя пляны.

Экспэрты, да якіх зьвярталася Свабода тады, сярод іншага, адзначалі, што ў Беларусі даўно не абнаўляецца «тэхнічная база», а цана трафіку пры гэтым расьце.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG