Як паведамляе расейскае агенцтва ТАСС, студэнцкія будаўнічыя атрады зь Беларусі і іншых краін СНД плянуюць прыцягнуць да будаўніцтва Паўночнага абходу Омска ў 2027 годзе.
Пра гэта ў інтэрвію ТАСС на палях Транспартнага тыдня паведаміў сябра грамадзкай рады Мінтранса Расеі Аляксей Пацейка.
«Проста цяпер у круглагадовым рэжыме на будаўніцтве Паўночнага абходу Омска ў нас працуе каля 60 студэнтаў. Улетку ў нас там працавалі студэнцкія атрады з Казахстану. У 2027 годзе мы ўжо заплянавалі ўдзел студэнтаў зь Беларусі, з Кіргізіі, Казахстану і Расеі», — сказаў Пацейка.
Паводле яго, студэнты ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы берагавых збудаваньняў галоўнага пераходу праз Іртыш. Ён адзначыў, што праект атрымаў назву «Іртыш — рака дружбы».
Паўночны абход увойдзе ў трасу М-12 «Усход», якая будуецца, і стане часткай транспартнага калідору «Расея».
Чатырохпалосная траса даўжынёй амаль 66 км будуецца з разьліковай хуткасьцю руху 120 км/гадз. Праект уключае будаўніцтва пяці транспартных разьвязак, двух мастоў праз рэкі даўжынёй 1,2 км і 176 м. Таксама плянуецца ўзьвядзеньне 19 пуцеправодаў — 2 праз чыгуначныя лініі і 17 на скрыжаваньнях з дарогамі рэгіянальнага і мясцовага значэньня, а таксама для праезду сельгастэхнікі.
Чаму гэта важна
Траса М12 зьвяжа заходнія рэгіёны Расеі, уключна з Масквой, з Заходнім Кітаем. Траса ўжо часткова працуе, уведзены ў участак ад Масквы да Казані. Яна платная, хуткасьць на ёй будзе 110 кілямэтраў у гадзіну, таму дабрацца з Масквы да Казані цяпер можна за 6,5 гадзіны замест ранейшых 12.
Трасу называюць «пуцінскім аўтабанам», пры неабходнасьці яе можна выкарыстоўваць для вайсковай лягістыкі, асабліва калі ўзьнікнуць праблемы з чыгуначным спалучэньнем.