Паводле экспэрткі, Расея выкарыстоўвае беларусаў як людзкі рэсурс для розных дывэрсійных апэрацыяў, а гэта можа ўскладніць іх становішча за мяжой.
— На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію францускаму часопісу чарговым разам прадэманстраваў жаданьне стаць часткай міжнароднага перамоўнага працэсу. Чаго Лукашэнка хоча ад Трампа і ці патрэбны ён Пуціну як перамоўнік?
— Я думаю, што ён хоча працягу перамоваў. Усе ягоныя, часам літаральна выклікальныя заявы зьвязаныя з тым, што ён хоча прыцягнуць увагу. Зразумела, часам ён, магчыма, хлусіць, часам гаворыць даволі шчыра, але, мне здаецца, галоўная мэта — менавіта прыцягненьне ўвагі. Ці стане ён часткай вялікага перамоўнага працэсу? Я ня ўпэўненая, што Беларусь стане асобным прадметам перамоваў. І ў гэтай сувязі ўсё больш узьнікае пытаньняў адносна суб’ектнасьці Беларусі.
Што да абвінавачаньняў на адрас Эўропы, то яны, вядома, празьмерныя. Завышаныя патрабаваньні перадусім былі з расейскага боку. Патрабаваньні, напрыклад, выключыць Фінляндыю з NATO, скараціць усходні флянг NATO і гэтак далей — загадзя невыканальныя. Гэта сьведчыць пра тое, што расейскі бок альбо спрабуе рэалізаваць абструкцыйную стратэгію вядзеньня перамоваў, каб у выніку іх сарваць, альбо адмыслова павышае стаўкі, каб потым эўрапейскія перамоўнікі пагаджаліся на меншыя патрабаваньні. Гэта звычайны прыём торгу.
Ёсьць і трэці момант. Такім чынам Расея спрабуе ўзьдзейнічаць на ЭЗ праз Трампа. Магчыма, інфармацыя пра тое, што пасьля візыту ў Пэкін Трамп тэлефанаваў з борта самалёта эўрапейцам і патрабаваў спыніць вайсковую дапамогу Ўкраіне, таксама зьяўляюцца часткай крамлёўскай стратэгіі. Тое, што Трамп упісваецца ў яе літаральна як элемэнт, бачна.
Але эўрапейцы не зьбіраюцца ісьці на повадзе. Таму, думаю, мы можам назіраць ускладненьне на гэтым кірунку. З далучэньнем новых перамоўнікаў ускладненьні заканамерныя. Тым больш што Эўропу прадстаўляе не адзін перамоўнік: гэта пяць эўрапейскіх краінаў і прадстаўнікі структураў Эўразьвязу. Гэта істотна ўскладняе сам працэс — нават з арганізацыйнага пункту гледжаньня. Пакуль перамоўнікі яшчэ не перайшлі да прадмету перамоваў, а абмяркоўваюць самі перамовы: месца правядзеньня, склад удзельнікаў, парадак дня. Працэс ускладняецца і запавольваецца. Я стаўлюся да скептыкаў. Лічу, што чым далей, тым больш падставаў казаць пра тое, што гэтыя перамовы зайдуць у тупік.
— Расея ўсё часьцей выкарыстоўвае для дывэрсійных апэрацыяў у ЭЗ у тым ліку грамадзянаў Беларусі. Ці можна казаць, што Беларусь фактычна стала часткай інфраструктуры расейскай гібрыднай вайны? І якія гэта можа мець наступствы для беларусаў?
— Перадусім беларусы цяпер разглядаюцца як рэсурс — людзкі рэсурс, зь якога ідзе рэкрутынг для розных кірункаў дзейнасьці, у тым ліку для правядзеньня дывэрсійных апэрацыяў. У гэтым сэнсе цеснае ўзаемадзеяньне расейскіх і беларускіх спэцслужбаў відавочнае. Як гэта можа адбіцца на становішчы беларусаў? Думаю, што беларусаў усё часьцей будуць успрымаць як не зусім надзейных. Могуць уводзіцца розныя санкцыі і дыскрымінацыйныя захады — як афіцыйныя, фармальныя, так і неафіцыйныя. Я маю на ўвазе ня толькі публічныя рашэньні на ўзроўні ўрадаў. Магчыма, будуць выдавацца пэўныя рэкамэндацыі, якія таксама паўплываюць на становішча беларусаў за межамі краіны. Хутчэй за ўсё, так і будзе. І, вядома, праблемы могуць узьнікаць з атрыманьнем візаў.
Думаю, што на гэтым узроўні таксама будзе ўсё больш складанасьцяў. Фармальна ўсе будуць дзейнічаць у межах існых заканадаўчых нормаў. Але, як вы ведаеце, адна справа — прынятыя законы, а іншая — іх правапрымяненьне. Менавіта на ўзроўні правапрымяненьня магчымае ўзмацненьне жорсткасьці.
— Калі ўявіць, што Лукашэнкі заўтра ня стане, хто насамрэч будзе вызначаць будучыню Беларусі? Сілавікі, ягоная адміністрацыя, Крэмль, народ?
— Гэтая дыскусія вядзецца ўжо даволі даўно. На гэты конт ёсьць розныя дасьледаваньні і праекты, у тым ліку дасьледаваньні беларускіх элітаў. З майго гледзішча, важна думаць ня толькі пра тое, хто будзе вызначаць будучыню Беларусі, але і пра тое, у якіх умовах гэта адбудзецца. Важныя часавы пэрыяд, міжнародныя і рэгіянальныя абставіны. Ці будзе на той момант вайна, ці ўжо будзе заключаны мір? Якую стратэгію ў дачыненьні да Беларусі будуць рэалізоўваць Эўразьвяз, краіны NATO і Злучаныя Штаты? Якая адміністрацыя будзе ў ЗША? Усё гэта — вонкавыя ўмовы.
Але для Беларусі значна важней тое, што будзе адбывацца ў Расеі. Хто будзе ў гэты момант ва ўладзе ў Крамлі? На жаль, калі дапусьціць, што гэты працэс пачнецца ў бліжэйшыя месяцы ці, напрыклад, праз паўгода, то цяперашняя сытуацыя вельмі неспрыяльная. У Беларусі ёсьць палітычная нестабільнасьць. Пасьля сыходу Лукашэнкі непазьбежна настане пэрыяд нестабільнасьці і нявызначанасьці. Гэта, вядома, найбольш небясьпечны момант. Умовы цяпер неспрыяльныя яшчэ і таму, што разьвіваецца так званая інтэграцыя ў рамках Саюзнай дзяржавы. Яна ўжо набыла сурʼёзныя маштабы. Гаворка ідзе не проста пра словы і дэклярацыі, не толькі пра падпісаньне пагадненьняў і правядзеньне ратыфікацыйных працэдураў праз нацыянальныя прадстаўнічыя органы.
На сёньня так званая саюзная інтэграцыя — а насамрэч гаворка фактычна пра паглынаньне — зайшла даволі далёка і мае сыстэмны характар. Гэта адбываецца літаральна ва ўсіх сфэрах. Напрыклад, вельмі далёка зайшла вытворчая каапэрацыя. Гэта тычыцца ня толькі супрацы дзеля вайны, але і ўсяго вытворчага сэктару, а таксама крытычнай інфраструктуры. Наступны этап прадугледжвае такое ж цеснае інтэграваньне сельскай гаспадаркі і маладзёвай палітыкі. Фактычна гаворка ідзе пра ўсе сфэры.
Я цяпер рыхтую аналітычны дакумэнт на гэтую тэму і пакуль магу гаварыць толькі папярэдне. Трэба яшчэ паглядзець, якія кірункі будуць прадугледжаныя трэцім плянам інтэграцыі. Але калі Лукашэнка сыдзе ў такіх умовах, гэта будзе вельмі неспрыяльны сцэнар для Беларусі. Мы можам сутыкнуцца з пагрозай яе далейшага паглынаньня.
Форум