У інтэрвію часопісу Le Point Аляксандр Лукашэнка сярод іншага абвінаваціў Украіну і Эўропу ў тым, што нібыта кіраўніцтва краін Эўропы і Ўкраіна вінаватыя ў тым, што на некаторы час былі спыненыя перамоўныя раўнды, якія былі да гэтага.
10–11 лістапада ўпершыню пасьля вялікага перапынку ў Абу-Дабі прайшлі трохбаковыя перамовы з удзелам прадстаўнікоў ЗША, Украіны і Расеі. Там прысутнічалі і эўрапейскія прадстаўнікі.
«Зноў пачалі па-новаму разглядаць гэта — старыя пытаньні па-новаму. Таму зноў трэба прыцірацца, зноў рабіць першыя крокі. Няхай гэтыя першыя крокі будуць у выглядзе нейкіх гуманітарных акцый, абмену загіблымі і абмену палоннымі — трэба далей ісьці. І добра, што эўрапейцы ўдзельнічаюць у гэтых перамовах», — заявіў Лукашэнка, якога цытуе БЕЛТА.
Лукашэнка пры гэтым пазытыўна ацаніў магчымы ўдзел эўрапейцаў у перамовах, якія цяпер вядуць ЗША, Украіна і Расея, назваў прагрэсам згоду Расеі на гэта.
«Эўропа — наш дом, і мы гэтыя праблемы павінны вырашыць самі. Каб навесьці парадак. А потым ужо амэрыканцы і нехта іншы, — сказаў Лукашэнка францускай журналістцы.— Мы павінны разабрацца ў сваім доме. Не забывайце, што ў гэтым доме ў нас вялікая Расея. І калі вы хочаце выключыць са структуры будучай бясьпекі Расею, гэта ні да чаго не прывядзе», — сказаў ён.
Класкоўскі: Лукашэнка адчувае, што сытуацыя мяняецца
Палітоляг Аляксандр Класкоўскі ў інтэрвію Свабодзе зазначыў, што тут Лукашэнка хоча нагадаць пра сабе і сваю магчымую ролю ўдзельніка мірных перамоваў, хоча быць важнай пэрсонай, без якой гэтыя перамовы нібыта не абыдуцца.
«На мой погляд, гэтым інтэрвію Аляксандр Лукашэнка найперш хоча нагадаць пра сябе: „Я вось ёсьць, я павінен сядзець за сталом вось гэтых імаверных чаканых перамоваў па Ўкраіне“. Ён адчувае, што сытуацыя мяняецца. Ён раней трохі казаў, што ў Расеі ўжо таксама рэсурсы вычэрпваюцца. Ён, відаць, ведае болей, чым мы з вамі пра стан расейскай эканомікі ў прыватнасьці. І таму вось ягоная палітычная чуйка, так бы мовіць, падказвае, што цяпер самы такі момант неяк уплішчыцца за гэты стол мірных перамоваў».
Класкоўскі зьвяртае ўвагу на словы Лукашэнкі, аб тым што беларусы эўрапейцы і Эўропа — гэта і іх дом:
«А быў такім антызаходнікам, і ў гэтым інтэрвію таксама гучаць антызаходнія ноткі, што ён хоча абвінаваць Эўропу ў тым, што яна ваюе супраць Расеі, што яна там сарвала нейкія папярэднія этапы перамоваў, але разам з тым робіць рэвэрансы, нават кідае камень у агарод Трампа. То бок звышзадачай для Лукашэнкі аб’явіць сабе такой важнай пэрсонай, без якой гэтыя перамовы не абыдуцца. І гэта сапраўды для яго важна ў пляне легітымацыі, у пляне, каб, груба кажучы, яго ня зьеў Пуцін», — пракамэнтаваў інтэрвію Лукашэнкі палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.
Форум