— На пачатку гэтага тыдня беларуская хакерская хакерская група «Кібэрпартызаны» і праўкраінская група Silent Crow апублікавалі частку зьвестак, якія яны атрымалі, узламаўшы ІТ-інфраструктуру ў Фэдэральнай службе статыстыкі Расеі. Там былі і зьвесткі пра сьмерці, зьвязаныя з вайной ва Украіне, — у тым ліку там можна было пабачыць месца нараджэньня. Высьветлілася, што ў гэтай базе больш за паўтары тысячы ўраджэнцаў Беларусі.
Варта падкрэсьліць, што гаворка не абавязкова пра беларускіх грамадзян і не абавязкова пра тых, хто ваяваў за Расею. Бо сярод гэтых людзей ёсьць і людзі вельмі сталага ўзросту, і па зьвестках пра сьмерць відавочна, што гэта мірныя жыхары, якія загінулі на ўкраінскай тэрыторыі, акупаванай Расеяй. Але тым не менш, ці можна сказаць, што гэтая лічба паказвае нешта істотнае?
— Так, трэба яшчэ скарэктаваць гэта на колькасьць людзей, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі, але не былі грамадзянамі і сувязь з Беларусьсю маюць дастаткова ўмоўную. Гэта частка людзей, якія нарадзіліся яшчэ ў Савецкім Саюзе і наўпрост ніяк зь Беларусьсю не асацыююцца. Там у Расеі нават чыноўнікі ёсьць, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў савецкія часы, і гэта ўвогуле нам ні пра што не гаворыць, і іх беларускасьць ніяк не вызначае.
Таму мяне, шчыра кажучы, вельмі зьбянтэжыла, калі я Твітэры ў Анджэя Пачобута прачытала, што гэта нібыта кажа пра тое, які расклад насамрэч, — колькі беларусаў за Расею ваююць, а колькі беларусаў за Ўкраіну, — так, там каля сотні загінулых.
Гэта зусім некарэктная выснова, якая з гэтых дадзеных ніяк не вынікае. Гэта сьведчыць аб тым, што так, сапраўды ёсьць беларусы, якія ваююць на баку Расейскай Фэдэрацыі, ёсьць беларусы, якія жывуць на акупаваных тэрыторыях, і ёсьць людзі, якія нарадзіліся, на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Частку мы можам па годзе нараджэньня сапраўды адфільтраваць, але астатніх ніяк. Рабіць высновы аб узроўні падтрымкі Расеі і гэтай вайны з гэтага мы ніяк ня можам.
Тым больш, мы разумеем, што частка людзей, нават калі яны былі грамадзянамі Беларусі, маглі даўно жыць у Расеі, маглі апынуцца на вайне не па сваёй волі, маглі сядзець у расейскай турме і апынуцца там прымусова. Таму гэта дакладна не гаворыць аб узроўні падтрымкі і гатоўнасьці беларусаў ваяваць за Расею. Пра ўсё астатняе гэта крыху, вядома, кажа, але зь вялікімі агаворкамі.
— Я ўсё ж пабуду адвакатам іншага боку, бо акрамя гэтых лічбаў статыстыкі, літаральна кожны тыдзень і нават кожныя некалькі дзён зьяўляюцца новыя гісторыі пра беларусаў, якія пайшлі ваяваць за Расею і загінулі. Гэта можа сьведчыць пра тое, што Расея цяпер, у гэты пэрыяд вайны, нясе большыя страты. Але ці гэта сапраўды не паказвае, што спрацоўвае расейская прапаганда, рэкляма, якая запрашае беларусаў далучыцца да вайны? І ў многіх гэтых гісторыях ёсьць агульны момант, што людзі кепска зараблялі, мелі нейкія эканамічныя праблемы ў Беларусі, паехалі ваяваць і вярнуліся назад у труне.
— Абсалютна, гэта такі «сацыяльны ліфт адчаю», калі ў цябе няма ніякіх варыянтаў.
Гэта вельмі маладыя людзі, якія фактычна ня чулі ніякай інфармацыі, акрамя гэтай прапаганды. На месцы ўладаў Беларусі я б фокус барацьбы зь «беглымі» і іх інфармацыяй усё ж зрушыла б на барацьбу з расейскай прапагандай, на абмежаваньне яе. Таму што ў адзін момант вы заўважылі, што ў вас чамусьці ўся Беларусь трошкі гуляе ў онлайн-казіно, а зараз вы раптам заўважаеце, што ваша моладзь чамусьці бачыць такі цудоўны сацыяльны ліфт, як пайсьці на вайну, паваяваць за Расейскую Фэдэрацыю і вельмі хутка загінуць.
З гэтым варта нешта рабіць. І змагацца з гэтым нашмат складаней, чым складаць чарговыя сьпісы, каго блякаваць, каго палохаць і гэтак далей. Гэты выклік нашмат больш сур’ёзны.
Я таксама пачытала камэнтары, дзе многія пішуць: «Ну, вось бацькі самі вінаватыя». Але ж дзеці ня чулі іншага. Так, бацька ці мама аднекуль зь сельскай мясцовасьці шмат і цяжка працуюць, і ім цяжка адсачыць, хто і што ўплывае на дзіця і які шлях, які сацыяльны ліфт яму паказваюць.
Вось дзіця жыве ў калгасе, бацькі цяжка працуюць, і яно бачыць, як Лукашэнка сказаў, што моладзь будуць замацоўваць у гэтым раёне. А тут абяцаюць добрыя грошы, якіх я ніколі не бачыў і мае бацькі ніколі не бачылі. Вучыцца доўга, цяжка, і потым мяне зноў пакінуць тутака ж, калі я пайду па мэтавым разьмеркаваньні.
Увогуле не вымалёўваецца сацыяльнага ліфта, а тут зразумелы маладому чалавеку шлях, і з тэлевізара яму кажуць, што гэта вельмі добра, ганарова, і ты будзеш, хлопчык, нашым героем. У школе гэтага хлопчыка крытычна думаць не навучылі, і тата з мамай наўрад ці гэтаму могуць навучыць.
0:00 Тэмы тыдня
0:53 Чаму беларусы ідуць на вайну за Расею
6:31 Чаму афіцыйны Менск маўчыць пра расейскія дроны над Беларусьсю: дзьве вэрсіі
10:29 «Эканоміка стамілася»: чаму Лукашэнка больш цьвярозы за Пуціна
12:53 Сям'я Лукашэнкі ў ААЭ: ці пагражае вайна на Блізкім Усходзе інатрэсам рэжыму
16:53 Санкцыйны рээкспарт: як эўрапейскія тавары ідуць у РФ праз Беларусь
25:21 Шчырая размова з Кацярынай Пытлевай: вяртаньне хваробы і барацьба з ракам
Форум