«Cказаў, што паедзе з начоўкай». Маці 18-гадовага беларуса просіць вярнуць яго з расейскага войска

Фота з сайту Дубровенскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжу. Справа хлопец, вельмі падобны да Максіма
Фота з сайту Дубровенскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжу. Справа хлопец, вельмі падобны да Максіма

18-гадовы Максім з Дуброўна таемна ад маці зьехаў у Расею і падпісаў кантракт з войскам. Жанчына запісала эмацыйны відэазварот да сына, а таксама да Аляксандра Лукашэнкі. Свабода знайшла вельмі падобнага да Максіма хлопца на выявах удзельнікаў вайскова-патрыятычнага клюбу, створанага пры садзейнічаньні міліцыі.

Жыхарка Дуброўна Віцебскай вобласьці апублікавала ў TikTok відэа, у якім са сьлязьмі просіць свайго 18-гадовага сына Максіма вярнуцца дадому. Паводле жанчыны, хлопец разам зь сябрам паехаў у Расею і падпісаў кантракт з расейскім войскам, каб удзельнічаць у вайне супраць Украіны.

Маці кажа, што даведалася пра рашэньне сына ўжо пасьля ягонага ад’езду. Максім запэўніваў яе, што зьбіраецца да сябра на дзень нараджэньня з начоўкай.

«Ён сказаў, што паедзе з начоўкай. Раніцай напісаў, што ён на вучобе. Але аказалася, што гэта ня так», — расказвае жанчына.

Паводле яе, хлопцы перасеклі мяжу ў нядзелю ўвечары, а ўжо ў панядзелак знаходзіліся ў Расеі і падпісалі кантракты з войскам.

«Сын тлумачыць мне, ён пакуль выходзіць на сувязь, што хацеў дапамагчы мне. Што хоча зарабіць грошай, хоча вярнуцца героем», — кажа жанчына.

Паводле маці, цяпер Максім знаходзіцца ў казарме і праходзіць вайсковую падрыхтоўку, якая павінна працягвацца месяц. Пасьля гэтага яго зьбіраюцца адправіць у раён баявых дзеяньняў.

Жанчына сьцьвярджае, што побач зь яе сынам знаходзяцца іншыя маладыя беларусы.

«Мяркуючы па тым, як размаўляе са мной сын, калі выходзіць на сувязь, і той хлопец побач зь ім, яны ўсьміхаюцца, сядзяць у казарме, там, дзе тысячы людзей, такіх самых хлопцаў, 18-гадовых, зь Беларусі».

Свабода ня мае незалежнага пацьверджаньня колькасьці беларусаў у вайсковай частцы, дзе знаходзіцца Максім, а таксама дакладнага месца ягонага знаходжаньня.

Кадр зь відэазвароту маці Максіма
Кадр зь відэазвароту маці Максіма

«Сокал»: што вядома пра вайскова-патрыятычны клюб, у якім мог быць Максім

Свабода знайшла вельмі падобнага да Максіма хлопца на выявах удзельнікаў вайскова-патрыятычнага клюбу «Сокал» пры Дубровенскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Клюб быў створаны пры садзейнічаньні Дубровенскага раённага аддзелу ўнутраных спраў.

Вядома таксама, што супрацоўнікі міліцыі праводзілі прафарыентацыйныя сустрэчы з выхаванцамі «Сокала». Ці прысутнічаў Максім на гэтых сустрэчах, невядома.

Фота з сайту Дубровенскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжу. Зьлева хлопец, вельмі падобны да Максіма
Фота з сайту Дубровенскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжу. Зьлева хлопец, вельмі падобны да Максіма

«Нашая міліцыя нічога ня можа зрабіць»

Маці Максіма расказала, што зьвярталася па дапамогу да беларускіх праваахоўных органаў.

«Нашая міліцыя, нашая дзяржава нічога ня можа зрабіць, як мне тлумачылі. Ня можа вярнуць іх назад. Яны паўналетнія», — кажа жанчына на відэа.

Пасьля гэтага яна вырашыла публічна зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі.

«Я хачу задаць пытаньне Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Чаму існуе такі закон, паводле якога нашыя дзеці, якім спаўняецца 18 гадоў, маюць права падпісаць кантракт і паехаць на вайну?»

Сапраўды, расейскае заканадаўства дазваляе замежным грамадзянам, якія законна знаходзяцца ў Расеі, заключаць кантракты на вайсковую службу ўжо з 18 гадоў. Гэта прадугледжвае артыкул 34 фэдэральнага закону Расеі № 53-ФЗ «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе».

Аднак гаворка ідзе менавіта пра расейскі закон, а не беларускі. У сваю чаргу артыкул 361-3 Крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае адказнасьць за ўдзел грамадзянаў Беларусі ва ўзброеных фармаваньнях ці баявых дзеяньнях за мяжой без упаўнаважаньня дзяржавы. За вэрбаваньне і падрыхтоўку беларусаў для такога ўдзелу таксама прадугледжаная крымінальная адказнасьць.

Пры гэтым само па сабе падпісаньне кантракту з замежным войскам не азначае аўтаматычнага прызнаньня чалавека вінаватым паводле гэтага артыкулу. Юрыдычная ацэнка залежыць ад канкрэтных абставінаў.

Ці правяралі беларускія праваахоўныя органы магчымыя абставіны вэрбаваньня Максіма і ягонага сябра, невядома.

Пад відэазваротам жанчыны зьявіліся камэнтары ад карыстальніка з назвай акаўнту «Беларус». «Усё добра, мама, не хвалюйся, я табе пра гэта тысячу разоў казаў», — напісаў карыстальнік. Свабода пакуль ня мае незалежнага пацьверджаньня, што акаўнт «Беларус» сапраўды належыць Максіму.

Колькі беларусаў падпісалі кантракты з расейскім войскам

Гісторыя Максіма не адзінкавая. Паводле зьвестак украінскага Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, на травень 2026 году ўкраінскаму боку былі вядомыя пэрсанальныя дадзеныя 2871 грамадзяніна Беларусі, якія падпісалі кантракты зь Міністэрствам абароны Расеі.

Прынамсі 440 зь іх, паводле штабу, загінулі або зьніклі бязь вестак. Гэтыя лічбы 26 траўня агучыў сакратар штабу Дзьмітры Вусаў падчас сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай у Кіеве. Гаворка ідзе пра вядомыя ўкраінскаму боку выпадкі на той момант, а не пра поўную колькасьць беларусаў, якія далучыліся да расейскага войска.

Раней Свабода дасьледавала, як беларусаў вэрбуюць на вайну супраць Украіны. У лютым 2026 году журналісты знайшлі на даступных у Беларусі сайтах пошуку працы абвесткі з прапановамі заключыць кантракт з расейскім войскам. У прыватнасьці, такія прапановы разьмяшчаліся на сайце-агрэгатары вакансіяў gorodrabot.by.

У адной зь перапісак чалавек, які прадставіўся спэцыялістам па вярбоўцы і сьцьвярджаў, што працуе паводле кантракту зь Міністэрствам абароны Расеі, абяцаў беларусу аднаразовую выплату ў памеры 3,4 мільёна расейскіх рублёў — каля 38 тысяч эўра паводле тагачаснага курсу — за падпісаньне гадавога вайсковага кантракту.

Таксама ён прапаноўваў аплаціць дарогу ў Санкт-Пецярбург і абяцаў магчымасьць атрымаць расейскае грамадзянства паводле спрошчанай працэдуры за два-тры месяцы.

Гэта былі абяцаньні вэрбавальніка, а не пацьверджаныя выплаты і гарантыі. Ці атрымліваў Максім з Дуброўна такія прапановы, невядома.

«Ніякія грошы ня вернуць вас нам»

У сваім звароце маці Максіма неаднаразова зьвяртаецца да бацькоў і да маладых беларусаў. Яна заклікае іх не падпісваць вайсковых кантрактаў і не спрабаваць такім чынам давесьці сваю самастойнасьць.

«Вы — самае галоўнае, што ў нас ёсьць. Ніякія грошы, якія вы хочаце зарабіць, ня вернуць вас нам. Я прашу вас не падпісваць ніякіх кантрактаў. Адмаўляйцеся ад усяго, што вам прапануюць. Я малю вас. Я прашу».

Жанчына расказвае, што цяпер ходзіць у царкву, моліцца за сына і іншых маладых людзей, якія апынуліся ў расейскім войску. Напрыканцы відэа яна зьвяртаецца непасрэдна да Максіма.

«Сыночак, ты ў мяне адзін. І мне нічога ня трэба ў гэтым жыцьці, акрамя цябе. Я хачу, каб ты быў жывы і здаровы».

​
XS
SM
MD
LG