24 лютага спаўняецца чатыры гады з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі на тэрыторыю Украіны. Беларусы далучыліся да ўдзелу ў гэтай вайне з украінскага боку зь першых яе гадзінаў. Ужо 3 сакавіка пры абароне Бучы загінуў грамадзянін Беларусі Ільля Хрэнаў. На студзень 2026 году вядома прыкладна пра 80 грамадзян Беларусі, якія загінулі, абараняючы Ўкраіну. Дакладная іх лічба невядомая, як і поўны сьпіс імёнаў. Імёны многіх загінулых у складзе ўкраінскай арміі беларускіх добраахвотнікаў не называюцца дзеля бясьпекі. У Беларусі іхным блізкім і родным пагражаюць рэпрэсіі.
Ваююць грамадзяне Беларусі і на баку Расеі. Інфармацыя пра іх гібель або пападаньне ва ўкраінскі палон пэрыядычна зьяўляецца ва ўкраінскіх ці беларускіх недзяржаўных СМІ. Дзяржаўныя беларускія мэдыя тэму ўдзелу грамадзян Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны на расейскім баку замоўчваюць. Не выказваюцца аб гэтым і афіцыйныя асобы Беларусі.
21-гадовы хакеіст і 23-гадовы рэпэр
На пачатку лютага 2026 году незалежныя беларускія СМІ паведамілі пра сьмерць ва Ўкраіне 21-гадовага жыхара Гомеля Матвея Ўгарава. Хлопец актыўна займаўся хакеем, быў галкіпэрам у гарадзкой аматарскай камандзе. Пэрыядычна судзіў матчы з удзелам дзіцячых камандаў у Гомлі. Акрамя хакею, Угараў захапляўся страйкболам, удзельнічаў у тэматычных гульнях. Пасьля школы Матвей адслужыў у сумнавядомай вайсковай частцы 3214 у Менску. Там базуюцца ўнутраныя войскі, якія ўлады актыўна выкарыстоўваюць для здушэньня пратэстаў.
Незадоўга да навіны пра сьмерць Матвея Ўгарава зьявіліся паведамленьні пра гібель ва Ўкраіне яшчэ аднаго маладога беларуса — 23-гадовага ўраджэнца Смаргоняў Германа Матыевіча. Сям’я Матыевіча пасьля яго нараджэньня пераехала ў Астравец. Там Герман хадзіў у школу, пачаў захапляцца хіп-хоп-культурай і кампутарнымі гульнямі. Пасьля паступіў у Маладачанскі дзяржаўны каледж, скончыўшы яго, зьехаў у пошуках працы ў Маскву, дзе ўладкаваўся ахоўнікам.
Угараў і Матыевіч — апошнія на гэты момант вядомыя грамадзяне Беларусі, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне, ваюючы на баку Расеі. Абодва яны трапілі на фронт у 2025 годзе і праваявалі ўсяго па некалькі месяцаў. Агулам на вайне Расеі супраць Украіны, паводле ўкраінскага праекту «Хачу Жыць» (зьвесткі на канец восені 2025 году), загінулі 314 грамадзян Беларусі, якія ваявалі ў шэрагах расейскіх узброеных сілаў. Украінскія крыніцы не падзяляюць грамадзян Беларусі на тых, хто даўно жыў і працаваў у Расеі, і тых, хто паехаў ваяваць наўпрост зь Беларусі.
«Контракт на СВО для граждан Беларуси»
Якім чынам Угараў і Матыевіч трапілі на вайну Расеі супраць Украіны, дакладна невядома. Але знайсьці абвестку аб «працы» для грамадзяніна Беларусі, які жадае ваяваць ва Ўкраіне на баку Расеі, можна за некалькі хвілін. Яны дасяжныя ў тым ліку на беларускіх рэсурсах пошуку вакансіяў. Асабліва на тых, якія працуюць як агрэгатары абвестак з староньніх сайтаў, у тым ліку расейскіх. Напрыклад, gorodrabot.by.
На старонках для пошуку працы, абвесткі на якіх ад імя беларускіх працадаўцаў, прапановаў паехаць на вайну на расейскім баку знайсьці не ўдалося.
«Астравецкая» старонка сайту з вакансіямі gorodrabot.by, дзе мог пабачыць абвестку аб найме на СВА (рас. СВО, спэцыяльная ваенная аперацыя, так у Расеі афіцыйна называюць вайну супраць Украіны. — РС) згаданы вышэй жыхар гэтага беларускага гораду Герман Матыевіч, прапануе 13 вакансіяў, працадаўцам у якіх пазначана Міністэрства абароны РФ (зьвесткі на 18 лютага 2026 году). Заробак для ўсіх гэтых вакансіяў аднолькавы — 7670 беларускіх рублёў (каля 2300 эўра паводле курсу на канец лютага). Агулам гэты сайт прапаноўвае жыхарам Астраўца каля 200 вакансіяў, збольшага з працаўладкаваньнем у самім Астраўцы і ваколіцах. Заробкі для іх значна меншыя — у асноўным да 1500 рублёў у месяц (каля 540 эўра).
Тыя ж самыя вакансіі з прапановамі грамадзянам Беларусі «паехаць на СВА» можна пабачыць і ў разьдзелах згаданага сайту з вакансіям ў іншых беларускіх мясцовасьцях, у тым ліку ў абласных цэнтрах. Паўсюль прапаноўваецца аднолькавы заробак, аўтары абвестак шукаюць тых самых спэцыялістаў — апэратараў бесьпілётных лётных апаратаў, штурмавікоў, сувязістаў, снайпэраў, кіроўцаў, артылерыстаў, гранатамётнікаў. Некаторыя з абвестак увогуле ня згадваюць спэцыяльнасьці — яны наўпрост называюцца «Контракт на СВО для граждан Беларуси». Тэкст усіх абвестак амаль ідэнтычны, зь нязначнымі адрозьненьнямі.
«Паўналетніх мужчын, прыдатных станам здароўя, — гаворыцца там. — Прамы кантракт зь Мінабароны РФ для грамадзян Беларусі. Аплочваем квіткі і пражываньне ў Санкт-Пецярбургу. Выплаты гарантаваныя дзяржавай. Ад 126 500 беларускіх рублёў пры падпісаньні кантракту».
Гэтая ж сетка сайтаў з вакансіямі прапаноўвае і службу ў сілавых структурах Беларусі — вайсковых і міліцэйскіх. Заробкі там утрая меншыя, да 2000 рублёў.
«Сустрэнем, праводзім»
Крыніцай спасылак з прапановамі працы ад Міністэрства абароны Расеі, разьмешчаных на рэсурсе gorodrabot.by, пазначаны рэсурс naydi-rabotu.ru, але ўсе яны вядуць на іншы расейскі сайт — контракт-минобороны.рф. Дакладней, наўпрост на яго старонку, прызначаную для грамадзян Беларусі. На галоўнай старонцы сайту пазначана, што каманда акрэдытаваных агітатараў набірае на службу па кантракце ў арміі Расеі праз пункты прыёму ў Санкт-Пецярбургу і Ленінградзкай вобласьці. Тут жа на вайну Расеі з Украінай могуць трапіць грамадзяне краін СНД.
Зьвязацца з вэрбавальнікамі можна як праз форму на самім сайце, так і пазваніўшы на ўказаны нумар тэлефону або напісаўшы ў мэсэнджарах. У тым ліку тых, працу якіх на тэрыторыі Расеі афіцыйна абмяжоўваюць.
Адказ на просьбу расказаць аб падрабязнасьцях службы у расейскай арміі для беларуса з пасьведчаньнем кіроўцы і без вайсковага досьведу, накіраваны па пазначаным нумары, прыходзіць празь дзесяць хвілін. Чалавек на тым баку прадстаўляецца цывільным спэцыялістам у вэрбаваньні вайскоўцаў, які працуе па кантракце зь Міністэрствам абароны Расейскай Фэдэрацыі, і адразу прапаноўвае купіць квіткі зь Беларусі ў Санкт-Пецярбург за кошт Міністэрства абароны РФ.
«Набіраем на СВА, у тым ліку грамадзян Беларусі, — паведамляе вэрбавальнік. — Кіроўцаў праз Санкт-Пецярбург можам аформіць. Аднаразовая выплата 3,4 мільёна, кантракт на год».
3,4 мільёна расейскіх рублёў, прапанаваныя беларусу ў якасьці выплаты па факце падпісаньня гадавога кантракту, — гэта прыкладна 38 тысяч эўра паводле курсу на канец лютага. Грамадзянам Расеі абяцаюць на рукі выплаціць яшчэ больш — 4 мільёны расейскіх рублёў (45 тысяч эўра).
«Калі хочаце расейскага грамадзянства, то можна будзе падаць заяву, — працягвае вэрбавальнік Міністэрства абароны РФ. — Пасьля падпісаньня кантракту, калі ён на руках будзе. Цягам 2-3 месяцаў вам яго (расейскі пашпарт. — РС) выдадуць па спрошчанай працэдуры. Ехаць у Санкт-Пецярбург трэба. Можна самастойна, галоўнае нам паведаміць, калі і на чым вы прыедзеце, каб вас сустрэлі і адразу ў ваенкамат павезьлі».
З словаў суразмоўцы, вэрбаваньнем беларусаў на вайну супраць Украіны у Санкт-Пецярбургу займаецца так званы пункт адбору на вайсковую службу па кантракце.
«Калі папросту, то гэта цэнтральны гарадзкі ваенкамат», — дадае ён.
За ўвесь час размовы вэрбавальнік задае ўсяго некалькі ўдакладняльных пытаньняў. Яго цікавіць узрост, наяўнасьць вірусных і хранічных захворваньняў і тое, ці працаваў раней афіцыйна грамадзянін Беларусі на тэрыторыі Расеі, ці мае нейкія расейскія дакумэнты. На ўдакладняльнае пытаньне аб магчымых праблемах з уладамі Беларусі праз удзел у вайне ва Ўкраіне суразмоўца супакойвае.
«У Беларусі ня будзе праблем, — абяцае вэрбавальнік. — Служаць (грамадзяне Беларусі. — РС) і спакойна вяртаюцца дадому».
Падчас гутаркі суразмоўца ні разу не пацікавіўся досьведам службы ў беларускім войску, вайсковай спэцыяльнасьцю або наяўнасьцю вайсковага білета. Зь яго словаў, сьпіс дакумэнтаў, якія беларус павінен мець пры сабе, падпісваючы вайсковы кантракт з расейскай арміяй, — гэта пашпарт, пасьведчаньне кіроўцы (для тых, хто шукае працу кіроўцам), копіі дакумэнта аб адукацыі, пасьведчаньня аб шлюбе ці разводзе і пасьведчаньня аб нараджэньні дзяцей пры іх наяўнасьці.
Сайт контракт-минобороны.рф — не адзіны рэсурс, які прапаноўвае грамадзянам Беларусі службу ў расейскай арміі і ўдзел у вайне супраць Украіны. У інтэрнэце можна знайсьці зь дзясятак падобных рэсурсаў, ёсьць нават асобны амаль 9-хвілінны відэаролік на YouTube, дзе падрабязна тлумачыцца, якім чынам гэта можна зрабіць хутка і зь мінімумам выдаткаў. За тры месяцы з моманту публікацыі ён набраў 1800 праглядаў.
Сайты з прапановамі для грамадзян Беларусі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны РФ і прыняць удзел у вайне супраць Украіны падрабязна расьпісваюць парадак грашовых выплатаў, памер заробкаў і кампэнсацыяў. Там таксама акцэнтуецца ўвага на адпаведнасьці ўдзелу беларусаў у баявых дзеяньнях на ўкраінскай тэрыторыі расейскаму заканадаўству. Згадак аб тым, ці адпавядае ўдзел грамадзян Беларусі ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі Ўкраіны без асобнага дазволу беларускіх уладаў, няма.
Да 7 гадоў турмы за наёмніцтва
Афіцыйнай інфармацыі аб колькасьці грамадзян Беларусі, якія падпісалі кантракты зь Міністэрствам абароны Расеі, няма. Неафіцыйна вядома, што з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну іх было больш за тысячу чалавек. У верасьні 2025 году такія лічбы з спасылкай на дадзеныя Вайсковай выведкі Ўкраіны агучыла выданьне slidstvo.info.
Паводле інфармацыі ўкраінскіх расьсьледнікаў, зь ліпеня 2022 па ліпень 2025 году кантракты зь Міністэрствам абароны РФ падпісаў 1031 грамадзянін Беларусі. Пры гэтым колькасьць беларусаў, якія выказвалі жаданьне паехаць на вайну на баку Расеі, пачала расьці ў 2023 годзе, украінскім спэцслужбам вядома пра 235 падпісаныя за гэты год кантракты. У 2024 годзе іх было ўжо 518.
Удзел грамадзян Беларусі ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы бяз санкцыі беларускай дзяржавы парушае адразу некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі. Гэта найперш артыкул 361-3, які так і называецца — «Удзел ва ўзброеным фармаваньні на тэрыторыі замежнай дзяржавы». Акурат паводле яго ў Беларусі судзяць былых і дзейных «каліноўцаў». Ён прадугледжвае ад 2 да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Акрамя гэтага, у беларускім Крымінальным кодэксе таксама ёсьць артыкул 133 «Наёмніцтва».
«Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях асобы, якая не ўваходзіць у склад узброеных сілаў ваюючых бакоў і дзейнічае ў мэтах атрыманьня матэрыяльнага ўзнагароджаньня без паўнамоцтва дзяржавы, грамадзянінам якой яна зьяўляецца або на тэрыторыі якой пастаянна жыве», — канкрэтызуецца ў ім паняцьце наёмніцтва. Пакараньне — ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
«Публічна аб тым, што ўлады Беларусі неяк караюць беларусаў, якія падпісваюць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі і едуць ваяваць ва Ўкраіну, зьвестак няма, –- расказвае ў размове з Свабодай прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар. — З тых, каго мы ведаем і каго „прабівалі“ ў сваіх базах, — гэта ў асноўным былыя зьняволеныя, людзі суджаныя. Або людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця. Вельмі часта беспрацоўныя. Тыя грамадзяне Беларусі, якія ў прынцыпе доўгі час жылі на тэрыторыі Расеі».
Уладзімер Жыгар тлумачыць, што такія высновы можна зрабіць, аналізуючы базы зьвестак Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Калі грамадзянін Беларусі, напрыклад, згодна з гэтымі зьвесткамі апошні раз працаваў у Беларусі грузчыкам, быў звольнены ў 2016 годзе і больш у беларускі ФСАН нічога не плаціў, то зь вялікай доляй імавернасьці ён пасьля працаваў у Расеі.
«Часам праз нас правяраюць загінулых ва Ўкраіне беларусаў, — гаворыць Уладзімер Жыгар. — Або тых, хто трапіў у палон. І мы бачым, што гэта, як правіла, беларусы, якія даўно жывуць у Расеі. І гэта, паўтаруся, у асноўным людзі з судзімасьцямі, беспрацоўныя. Трапляюцца тыя, хто праходзіў прымусовае лячэньне ад алькагольнай залежнасьці».
З словаў прадстаўніка BelPol, улады Беларусі ставяцца да ўдзелу сваіх грамадзян у баявых дзеяньнях на баку Расеі насьцярожана, нягледзячы на тое, што на міжнароднай арэне афіцыйны Менск усебакова падтрымлівае Крэмль.
«Чалавек, які быў на вайне і пасьля вярнуўся ў Беларусь, нясе патэнцыйную пагрозу, — гаворыць Уладзімер Жыгар. — Зь ім патэнцыйна трэба праводзіць прафіляктычныя захады. Я ведаю, што раней усе тыя беларусы, хто меў нейкае дачыненьне да Францускага іншаземнага легіёну, усе яны траплялі ў поле зроку крымінальнай міліцыі».
Прадстаўнік BelPol дадае, што былыя ўдзельнікі ўзброеных канфліктаў з гледзішча беларускай дзяржаўнай сыстэмы заўсёды выклікаюць асьцярогі. Незалежна ад таго, на чыім баку яны ваявалі.
«Усе тыя, хто быў на так званай СВА, яны таксама павінны выклікаць падазрэньні, заклапочанасьць, — кажа Ўладзімер Жыгар. –- Іх трэба кантраляваць. Таму рэжыму Лукашэнкі гэта (падпісаньне беларусамі кантрактаў зь Міністэрствам абароны РФ. — РС) ня можа падабацца. Але ён таксама ня можа нічога зрабіць публічна супраць. Бо калі ён пачне, скажам, рэпрэсаваць людзей, якія ваявалі на баку Расеі, то гэта можа выклікаць пэўныя пытаньні ў Маскве».
Форум