Будрыс назваў Беларусь «разьменнай манэтай» у руках Расеі і заявіў, што Вільня ня мае намеру аслабляць ціск на Менск

Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс. Архіўнае фота
Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс. Архіўнае фота

Ад 1 студзеня Літва будзе старшыняваць у Эўразьвязе.

Вільня не мае намеру аслабляць ціск на Беларусь, нягледзячы на актывізацыю дыпляматычных намаганьняў, накіраваных на вывад Менску зь міжнароднай ізаляцыі, заявіў у інтэрвію выданьню The Kyiv Independent міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс.

Кіраўнік МЗС Літвы пры гэтым назваў Беларусь «поўным саўдзельнікам» расейскай агрэсіі.

Наконт пашырэньня вайсковай прысутнасьці Расеі ў Беларусі Кястуціс Будрыс адзначыў, што Масква робіць такія крокі «выключна дзеля будучых перамоваў», і параўнаў Беларусь з «разьменнай манэтай» у руках Расеі.

«Ці Беларусь тут мае нейкую суб’ектнасьць? Я гэтага ня бачу», — сказаў Будрыс.

Але ў той меры, у якой Беларусь мае нейкі ўплыў на палітыку, Будрыс лічыць яе «поўным саўдзельнікам» агрэсіі, нагадваючы, што Расея выкарыстала тэрыторыю і паветраную прастору краіны для пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

Зыходзячы з гэтага, Літва не плянуе зьмякчаць сваю пазыцыю што да санкцыяў і іншых захадаў, накіраваных супраць Беларусі, заявіў Будрыс.

«Больш за тое, я не магу ўявіць, каб нехта з 27 краін ЭЗ падняў руку і сказаў: „Ведаеце, на мой погляд, паводзіны Беларусі зьмяніліся ўва ўсіх сфэрах, празь якія мы ўвялі санкцыі“», — дадаў Будрыс.

Паводле прагнозу Будрыса, калі ў лютым 2027 году паўстане пытаньне аб працягу санкцыяў ЭЗ супраць Менску, яны, хутчэй за ўсё, будуць прадоўжаныя яшчэ на год без істотных зьменаў.

Хоць улады ЗША «прытрымліваюцца іншага падыходу» да санкцыяў супраць Беларусі, Вашынгтон не аказваў «ніякага ціску» на ЭЗ з мэтай дамагчыся перагляду яго пазыцыі, запэўнівае Будрыс. Паводле яго, бакі праводзілі «абмеркаваньні наконт Беларусі», у якіх Літва прэзэнтавала сваю пазыцыю, аднак «ніякіх далейшых крокаў зроблена не было».

У апошнія тыдні Літва ўзмацніла праверкі збожжа, якое транзытам вывозяць зь Беларусі і Расеі праз порт у Клайпедзе, нагадаў Будрыс:

«Мы праводзім праверкі, каб выявіць паходжаньне збожжа і мэту яго перавозкі, а таксама пераканацца, што яно не было выкрадзена з акупаваных тэрыторыяў Украіны».

Ад 1 ліпеня 2024 году ЭЗ увёў павышанае мыта на збожжавыя, алейныя культуры і прадукты іх перапрацоўкі зь Беларусі і Расеі. Як тлумачыла Рада ЭЗ, стаўкі ўведзеныя на ўзроўні, які мае фактычна спыніць імпарт. Пры гэтым транзыту праз ЭЗ у трэція краіны гэтыя захады не закранаюць.

29 кастрычніка амэрыканскае выданьне Politico з спасылкай на чатырох эўрапейскіх службоўцаў паведаміла, што спэцыяльны пасланьнік ЗША для Беларусі Джон Коўл абмяркоўваў зь літоўскімі дыпляматамі магчымасьць аднавіць пастаўкі беларускага калію праз Клайпедзкі порт. Будрыс тады зьняпраўдзіў інфармацыю аб ціску Вашынгтону на Вільню.

Ад 1 студзеня Літва будзе старшыняваць у Эўразьвязе

Падчас свайго старшынства ў Радзе Эўрапейскага Зьвязу, якое пачнецца 1 студзеня і працягнецца да 30 чэрвеня 2027 году, Літва зьверне ўвагу на Беларусь перш за ўсё у сфэрах бясьпекі, аховы межаў і падтрымкі дэмакратычных каштоўнасьцяў, паведамляе афіцыйны сайт Літвы.

Літва зьбіраецца працягваць барацьбу з гібрыднымі пагрозамі з боку Беларусі, яна робіць акцэнт на ўмацаваньні вонкавых межаў ЭЗ, супрацьдзеяньні нелегальнай міграцыі, якую рэжым у Менску выкарыстоўвае як гібрыдную зброю супраць краін Эўразьвязу. Літва плянуе жорсткі кантроль за выкананьнем санкцыяў, ужо накладзеных на Расею і Беларусь, закрыцьцё шчылін для іх абыходу. З увагі на вайсковую супрацу Менску і Масквы Літва мерыцца актыўна прасоўваць ініцыятывы ўмацаваньня абароны ўсходніх межаў ЭЗ.

Літва таксама дэкляруе падтрымку дэмакратычных пераўтварэньняў і захаваньне міжнароднага парадку, палітычную і гуманітарную салідарнасьць зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю і дэмакратычнымі сіламі ў выгнаньні.

Чаму гэта важна

Эўрапейскія санкцыі забараняюць перавозіць беларускія тавары праз парты ЭЗ, аднак дзеяньне санкцыяў трэба працягваць кожныя 12 месяцаў. Цяпер яны падоўжаныя да 28 лютага 2027 году.

ЗША сёлета скасавалі санкцыі супраць Беларусі, уведзеныя папярэдняй адміністрацыяй, пасьля таго як Менск вызваліў частку палітычных вязьняў. З таго часу амэрыканскі пасланьнік Джон Коўл ня раз наведваў Менск.

Пры гэтым прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заяўляў, што Вашынгтон рыхтуе буйную дамову аб закупе беларускага калію.

Літва, якая на пачатку 2027 году пяройме старшынства ў Радзе ЭЗ, тэарэтычна магла б накласьці вэта на чарговае падаўжэньне санкцыяў і тым самым дазволіць транзыт калію.

Але ўсе 27 дзяржаваў ЭЗ аднагалосна дамовіліся забараніць транзыт беларускіх калійных угнаеньняў, прыйшоўшы да высновы, што Лукашэнка незаконна аб’явіў сябе пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і жорстка здушыў мірныя пратэсты. Пазьней санкцыі працягвалі, бо Лукашэнка падтрымаў расейскую ваенную агрэсію супраць Украіны.

Што папярэднічала

ЗША скасавалі санкцыі на беларускі калій у сакавіку 2026 году, калі ўлады Беларусі вызвалілі 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Рашэньне закранула сыравінны гігант «Беларуськалій», ягоны маркетынгавы падразьдзел «Беларускую калійную кампанію», а таксама кампанію «Аграразьвіцьцё».

У сваю чаргу Эўразьвяз адмовіўся скасоўваць абмежаваньні, накладзеныя на беларускі калій.

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай аб закупе калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе», — напісаў 21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сваёй старонцы ў Truth Social.

​
XS
SM
MD
LG