Ці застанецца Беларусь суб’ектам новай сыстэмы эўрапейскай бясьпекі? Аналіз Карбалевіча

Прадстаўнікі ЗША (зьлева направа) Джарэд Кушнер, Алексус Грынкевіч і Стыў Уіткаф на сустрэчы з эўрапейскай і ўкраінскай дэлегацыямі падчас перамоваў у Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). 10 лістапада 2026 году
Прадстаўнікі ЗША (зьлева направа) Джарэд Кушнер, Алексус Грынкевіч і Стыў Уіткаф на сустрэчы з эўрапейскай і ўкраінскай дэлегацыямі падчас перамоваў у Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). 10 лістапада 2026 году

Сьцісла

  • Ва ўмовах фармаваньня новай сыстэмы бясьпекі ў рэгіёне паўстае пытаньне пра суб’ектнасьць Беларусі.
  • Расея дэманструе, што гатовая ахвяраваць інтарэсамі саюзьніка дзеля дасягненьня сваіх замежнапалітычных мэтаў.
  • Кіраўніцтва Беларусі робіць спробы знайсьці іншыя вонкавыя падпоркі, але марна.

У момант, калі абмяркоўваецца новая архітэктура эўрапейскай бясьпекі, больш выразна выяўляецца згубнасьць палітыкі кіраўніцтва Беларусі, зарыентаванай на залежнасьць ад адной дзяржавы — Расеі. Масква гуляе ў сваю гульню, і ёсьць вялікая рызыка, што беларускія інтарэсы ня будуць улічаныя.

Расея хоча кантраляваць сыстэму эўрапейскай бясьпекі

Перамовы ў Абу-Дабі паміж дэлегацыямі Расеі і Ўкраіны пры пасярэдніцтве ЗША не прынесьлі прарыву ў пытаньні спыненьня вайны. Чарговым разам бакі прадэманстравалі прынцыпова розныя падыходы да пытаньня заканчэньня вайны. Украіна (а збольшага і Эўропа) настойвае на неадкладным спыненьні баявых дзеяньняў і толькі пасьля прапануе абмяркоўваць пытаньні пасьляваеннага сьвету. А Расея патрабуе спачатку дамовіцца аб новай архітэктуры эўрапейскай бясьпекі і толькі потым спыніць вайну.

Адной з цэнтральных тэмаў перамоваў стала будучая архітэктура эўрапейскай бясьпекі. Масква фактычна вярнулася да патрабаваньняў, якія выстаўляла Захаду яшчэ ў сьнежні 2021 году, перад поўнамаштабным уварваньнем ва Ўкраіну.

Крэмль імкнецца дамагчыся такога перагляду сыстэмы эўрапейскай бясьпекі, які дазволіў бы Расеі ўплываць на рашэньні NATO аб пашырэньні альянсу і разьмяшчэньні ягоных сілаў. Фактычна гэта азначала б абмежаваньне права суседніх дзяржаваў самастойна вызначаць сваю палітыку бясьпекі.

Масква фактычна вярнулася да патрабаваньняў, якія выстаўляла Захаду яшчэ ў сьнежні 2021 году

Як паведамілі The New York Times і The Washington Post, у расейскіх перамоўных дакумэнтах фігуруюць патрабаваньні вярнуць разьмяшчэньне войскаў і вайсковай інфраструктуры NATO да стану 1997 году, абмежаваць прысутнасьць альянсу ва Ўсходняй Эўропе і ягонае далейшае пашырэньне. Паводле Reuters, Масква таксама настойвае на абмеркаваньні новай сыстэмы эўрапейскай бясьпекі.

Нямецкае выданьне Bild паведаміла пра яшчэ адзін, неафіцыйны, варыянт расейскіх прапановаў. Сярод ягоных пунктаў называюцца выхад Фінляндыі з NATO, забарона на разьмяшчэньне базаў альянсу ў краінах Балтыі, абмежаваньні для ўкраінскага войска і фэдэралізацыя Малдовы. Аднак невядома, ці ўхваліў гэты плян асабіста Ўладзімір Пуцін. Больш за тое, прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў адмаўляў, што Масква патрабуе выхаду Фінляндыі з NATO.

У гэтым неафіцыйным пляне згадваецца і Беларусь. Паводле Bild, у абмен на саступкі Захаду расейскі бок прапануе вывесьці зь беларускай тэрыторыі ядзерную зброю і адмовіцца ад разьмяшчэньня ў Беларусі ракетаў сярэдняй далёкасьці «Арэшнік». Незалежнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма. Таму пакуль няма падставаў уважаць яе за ўзгодненую пазыцыю Крамля.

Пытаньне пра суб’ектнасьць Беларусі

І тут паўстае пытаньне пра месца Беларусі ў новай сыстэме эўрапейскай бясьпекі. А найперш пра тое, ці будуць улічаны пры гэтым беларускія інтарэсы, у якой ступені сама дзяржава зможа ўплываць на свой статус, ці яе геапалітычнае месца будуць вызначаць іншыя краіны і міжнародныя цэнтры сілы. То бок паўстае пытаньне пра суб’ектнасьць Беларусі. Наяўнасьць праблемы адчуваюць усе — на сытуацыю рэагуюць і ўлады, і апазыцыя.

«Беларусь павінна быць пытаньнем на перамовах аб міры ў рэгіёне, бо без свабоднай і дэмакратычнай Беларусі ня будзе бясьпекі ні для Украіны, ні для эўрапейскіх краін», — такую думку выказала журналістам беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 12 лістапада перад самітам Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Дубліне.

І Лукашэнка замітусіўся, бо ствараецца сытуацыя няпэўнасьці, нявызначанасьці. Выступаючы на канфэрэнцыі ў эўразійскай бясьпецы 3 лістапада, ён выказаў настойлівае жаданьне ўдзельнічаць у перамовах аб замірэньні ва Ўкраіне. «Мы ўцягнутыя ў гэты ўкраінскі канфлікт, нашы інтарэсы ў гэтых мірных перамовах вельмі сур’ёзныя».

«Вяртаньне» у Эўропу

Зьвяртае на сябе ўвагу зьмена рыторыкі афіцыйных асобаў рэжыму Лукашэнкі. Апошнія гады яны рэфрэнам паўтаралі, што Эўропа ім цяпер не актуальная, яны паварочваюць вонкавую палітыку на Ўсход і Поўдзень, арыентуюцца на «Глябальную большасьць».

Вось, напрыклад, што казаў Лукашэнка, выступаючы на ўрачыстым сходзе да афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня ў 2024 годзе:

«Менавіта на Ўсходзе зараз фармуецца стваральны парадак дня — эканамічны, міжнародны, сьветапоглядны. Там, у простым і пераносным сэнсе, узыходзіць сонца… Наш замежнапалітычны вэктар — гэта не паварот або разварот на 180 градусаў, як любяць думаць экспэрты і некаторыя палітыкі. Гэта пасьлядоўны цывілізацыйны выбар».

І параўнайце з тым, што казаў міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў на канфэрэнцыі ў эўразійскай бясьпецы 4 лістапада 2026 году. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь ёсьць часткай эўрапейскай цывілізацыі: «Аддзяліць нас ад астатняй Эўропы, як гэта сёньня спрабуюць зрабіць, — ідэя ў корані немагчымая. Гэта не прывядзе ні да чога».

Насамрэч дзейны рэжым сам аддзяліў краіну ад астатняй Эўропы, адмовіўшыся ўступаць у Раду Эўропы, прыпыніўшы ўдзел у праграме ЭЗ «Усходняе партнэрства». Затое афіцыйны Менск зь вялікім імпэтам інтэграваўся ў неэўрапейскія арганізацыі (ШАС, BRICS, «Рух недалучэньня» і інш.).

Аднак, выглядае, стаўка на посьпех у эканамічных стасунках з краінамі Глябальнага Поўдня сябе не апраўдала. Доля «далёкай дугі» у замежным гандлі Беларусі ніяк ня вырасла, не дапамаглі шматлікія ўзаемныя візыты.

А цяпер, калі ўзьнікла пагроза вызначыць месца Беларусі ў рэгіёне Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы без удзелу самой краіны, раптам узгадалі, што, аказваецца, месца Беларусі ў Эўропе.

Расея — ненадзейны саюзьнік

Зь іншага боку, здавалася б, у Лукашэнкі ёсьць надзейны саюзьнік — Пуцін. Ён будзе ўлічваць ягоныя інтарэсы на якіх-хаця перамовах. Але той факт, што Менск настойліва плішчыцца ў перамоўны працэс вакол Украіны, сьведчыць пра недавер Лукашэнкі да Пуціна. І вось гэты выцек інфармацыі пра тое, што Расея можа разглядаць вывад ядзернай зброі і ракетаў зь Беларусі ў абмен на сустрэчныя крокі з боку Эўропы, паказвае сапраўднае становішча.

Выцек інфармацыі пра тое, што Расея можа разглядаць вывад ядзернай зброі і ракетаў зь Беларусі ў абмен на сустрэчныя крокі з боку Эўропы, паказвае сапраўднае становішча

З гледзішча нацыянальных інтарэсаў Беларусі вывад гэтай небясьпечнай расейскай зброі быў бы толькі на карысьць краіне. Гэта зьмяншае імавернасьць таго, што яна стане мішэньню для краін NATO ў выпадку ваеннага канфлікту.

Але тут жа ідзецца пра гатовасьць Расеі ахвяраваць інтарэсамі саюзьніка дзеля дасягненьня сваіх уласных замежнапалітычных мэтаў. Высьвятляецца, што для Масквы Беларусь усяго толькі разьменная манэта ў яе геапалітычнай гульні.

Узгадаем, з якім імпэтам і гонарам апавядаў Лукашэнка пра разьмяшчэньне на беларускай тэрыторыі ядзернай зброі і новых ракет, шмат разоў палохаў імі суседзяў. А цяпер Масква можа адабраць любімую цацку, нават не спытаўшы згоды афіцыйнага Менску. Вось такі саюзьнік: захацеў — даў ядзерную зброю, раскрыў вайсковы парасон над Беларусьсю, а захацеў — прыбраў.

Пошук новых вонкавых падпорак

І ў сытуацыі, калі галоўны саюзьнік паводзіць сябе не па-сяброўску, то на каго спадзявацца ў гэтым падступным сьвеце? На Кітай? Але Пэкін мала цікавіць праблема новай архітэктуры эўрапейскай бясьпекі.

Кіраўніцтва Беларусі рабіла і надалей робіць спробы знайсьці іншыя вонкавыя падпоркі. Як вядома, Лукашэнка прадбачліва абвесьціў сябе трампістам. Ужо амаль два гады ідзе перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам. Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант заявіла, што беларускія карані Джарэда Кушнера, зяця прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і ўдзельніка перамоваў аб Украіне, даюць падставы спадзявацца на прагрэс у мірным працэсе.

ЗША спрабавалі пралябіяваць адкрыцьцё партоў краін Балтыі для транзыту беларускага калію, аднак пакуль марна. Цяпер, пасьля таго, як Рэспубліканская партыя страціла кантроль над абедзьвюма палатамі Кангрэсу ЗША, магчымасьці адміністрацыі Дональда Трампа ў замежнай палітыцы, мякка кажучы, не павялічыліся.

Правалы на выбарах прыязных рэжыму Аляксандра Лукашэнкі Віктара Орбана ў Вугоршчыне і Аляксандра Вучыча ў Сэрбіі пазбавілі афіцыйны Менск хаўрусьнікаў у Эўропе.

У момант, калі адбываецца перабудова геапалітычных канструкцыяў, рэзка ўзрастае праблема няпэўнасьці, значна павялічваюцца рызыкі для краіны, кіраўніцтва якой узяло курс на канфлікт з суседзямі, рэгіянальную ізаляцыю, склала ўсе яйкі ў адзін кошык.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

​
XS
SM
MD
LG