Сьвятлана Ціханоўская за 2 дні сустрэлася больш як з 30 палітыкамі з 25 краін

Сьвятлана Ціханоўская на саміце ў Дубліне
Сьвятлана Ціханоўская на саміце ў Дубліне

У фотасправаздачы пра ўдзел Сьвятланы Ціханоўскай у саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Дубліне, які прайшоў 12–13 лістапада, ёсьць ейныя фота з 33 высокапастаўленымі палітыкамі.

13 лістапада падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашынянам Ціханоўская падзякавала яму за тое, што Армэнія не выдае беларускіх грамадзян на запыты рэжыму Лукашэнкі.

На сустрэчы з прэзыдэнтам Кіпру Нікасам Хрыстадулідзісам беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская дамовілася пра візыт у краіну.

«Таксама вярнуліся да пытаньняў, якія абмяркоўвалі падчас папярэдняй сустрэчы ў 2024 годзе. У прыватнасьці, гаварылі аб выдачы пашпартоў іншаземца беларусам, якія праз рэпрэсіі ня могуць вярнуцца ў Беларусь і замяніць пашпарт», — адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы Ціханоўскай.

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала прэм’ер-міністру Чэхіі Андрэю Бабішу за візавыя паслабленьні для сваякоў беларусаў, паведаміла ейная прэс-служба.

🛈 Амбасада Чэхіі ў Менску 10 лістапада пачала прымаць праз электронную пошту заяўкі на запіс для падачы дакумэнтаў на кароткатэрміновую шэнгенскую візу для наведваньня сваякоў. Падаць дакумэнты змогуць бацькі, бабулі, дзядулі, дзеці і ўнукі грамадзян Чэхіі, а таксама беларусаў, якія жывуць у гэтай краіне па доўгатэрміновай візе або маюць дазвол на доўгатэрміновае ці пастаяннае пражываньне. На братоў і сясьцёр, у тым ліку стрыечных, а таксама на дзядзькаў і цётак новыя правілы не распаўсюджваюцца, нагадвае «Позірк».

З прэм’ер-міністрам Эстоніі Крыстэнам Міхалам Ціханоўская абмеркавала магчымы ўдзел беларускіх дэмсілаў у канфэрэнцыі па аднаўленьні Ўкраіны, заплянаванай на студзень у Таліне.

Прэм’ер-міністра Латвіі Андрыса Кулбэргса Сьвятлана Ціханоўская заклікала не закрываць мяжу для звычайных беларусаў, нягледзячы на неабходнасьць ізаляцыі рэжыму ў Менску. Ціханоўская таксама выказала салідарнасьць зь Латвіяй у сувязі зь гібрыднымі атакамі і міграцыйным ціскам, адказнасьць за якія ўсклала на рэжым Лукашэнкі і Расею.

Генэральнага сакратара АБСЭ Фэрыдуна Сінірліёглу Ціханоўская заклікала дамагацца вызваленьня палітвязьняў, спыненьня рэпрэсіяў і вайны Расеі супраць Украіны падчас кантактаў зь беларускімі ўладамі.

Сінірліёглу наведаў Менск 3–4 лістапада. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Максімам Рыжанковым.

На палях саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Дубліне, які прайшоў 12–13 лістапада, Сьвятлана Ціханоўская правяла дзясяткі сустрэчаў. У фотасправаздачы пра ўдзел Ціханоўскай у саміце ёсьць ейныя фота з 33 высокапастаўленымі палітыкамі:

  1. прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам;
  2. міністрам замежных спраў Армэніі Араратам Мірзаянам;
  3. прэм’ер-міністрам Баўгарыі Руменам Радзевым;
  4. прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Эндзі Бэрнэмам;
  5. прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Петэрам Мадзярам;
  6. прэм’ер-міністрам Грэцыі Кірыякасам Міцатакісам;
  7. прэм’ер-міністрам Грузіі Іракліем Кабахідзэ;
  8. міністаркай замежных спраў Грузіі Макай Бачарышвілі;
  9. прэм’ер-міністрам Ірляндыі Міхолам Марцінам;
  10. былой міністаркай замежных спраў Ісьляндыі Тордзіс Колбрун Рэйкф’ёрд Гільфадоўцір;
  11. прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мэлёні;
  12. прэм’ер-міністрам Канады Маркам Карні;
  13. прэзыдэнтам Кіпру Нікасам Хрыстадулідзісам;
  14. прэм’ер-міністрам Косава Альбінам Курці;
  15. прэм’ер-міністрам Латвіі Андрысам Кулбэргсам;
  16. прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам;
  17. прэзыдэнткай Малдовы Маяй Санду;
  18. канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам;
  19. прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам;
  20. прэзыдэнтам Румыніі Нікушорам Данам;
  21. прэм’ер-міністрам Славеніі Янэзам Яншам;
  22. прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім;
  23. прэм’ер-міністрам Фінляндыі Пэтэры Орпа;
  24. прэм’ер-міністрам Харватыі Андрэем Пленкавічам;
  25. прэм’ер-міністрам Чэхіі Андрэем Бабішам;
  26. прэм’ер-міністрам Швэцыі Ульфам Крыстэрсанам;
  27. прэм’ер-міністрам Эстоніі Крыстэнам Міхалам;
  28. старшынём Эўрапейскай рады Антонію Коштам;
  29. старшынёй Эўрапейскага парлямэнту Рабэртай Мэтсолай;
  30. генэральным сакратаром Рады Эўропы Аленам Бэрсэ;
  31. старшынёй Эўрапейскай камісіі Урзуляй фон дэр Ляен;
  32. генэральным сакратаром АБСЭ Фэрыдунам Сінірліёглу;
  33. генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ.

Падчас сустрэчаў Ціханоўская размаўляла наконт бясьпекі рэгіёну, падтрымкі Ўкраіны, вызваленьня палітвязьняў і ўзмацненьня дапамогі беларускім незалежным мэдыя, праваабаронцам, моладзі, культурным ініцыятывам і пацярпелым ад рэпрэсіяў, гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у сацсетках палітыка.


​
XS
SM
MD
LG