«Мы ўсе жывем у эмігранцкім кабарэ». Украінскі рэжысэр расказаў, як ствараў «Адысэю» з «Купалаўцамі»

На прэм’еры спэктаклю купалаўцаў «Адысэя» у Варшаве. Зьлева направа: Валянціна Гарцуева, Уладзімер Пугач, Сяргей Чуб, Дзяніс Дудзінскі

У Варшаве праходзіць прэм’ера новага спэктаклю «Вольных Купалаўцаў» «Адысэя». На сцэне гучаць песьні і жарты, акторы не цураюцца самаіроніі, але за лёгкай формай кабарэ хаваецца зусім ня сьмешная гісторыя пра людзей, якія мараць вярнуцца дадому. Аўтар пʼесы і рэжысэр украінец Мікола Мішын расказаў Свабодзе, як нарадзілася пастаноўка, чаму ён лічыць беларускі і ўкраінскі досьвед падобнымі і што яго найбольш зьдзівіла ў рэакцыі гледачоў.

17, 18 і 19 лістапада ў варшаўскім Цэнтры сучаснага мастацтва «Замак Уяздоўскі» прайшлі прэмʼерныя паказы новага спэктаклю «Вольных Купалаўцаў» — Émigré Cabaret «Адысэя».

У аснове пастаноўкі — старажытнагрэцкая «Адысэя» Гамэра. Але шлях легендарнага героя дадому тут ператвараецца ў гісторыю сучасных беларусаў, якія апынуліся ў выгнаньні. Галоўнае пытаньне — ня толькі калі чалавек здолее вярнуцца на радзіму, але і кім ён стане за гады гэтага доўгага падарожжа.

У спэктаклі граюць акторы «Вольных Купалаўцаў» Валянціна Гарцуева і Сяргей Чуб, а таксама шоўмэн Дзяніс Дудзінскі і музыка, лідэр гурту J:МОРС Уладзімер Пугач, які напісаў песьні для пастаноўкі.

Прэм’ерны паказ новага спэктаклю купалаўцаў «Адысэя» у Варшаве. Валянціна Гарцуева, Дзяніс Дудзінскі, Уладзімер Пугач

Аўтар пʼесы, рэжысэр і мастак па сьвятле — украінец Мікола Мішын, які з 2022 году жыве і працуе ў Польшчы. Ён тлумачыць, што галоўная задума была ня проста ў тым, каб расказаць пра беларускае выгнаньне, але і ў тым, каб падтрымаць людзей, якія яго перажываюць.

«Гэта быў вельмі насычаны працэс. Але маю адчуваньне, што ўся гісторыя склалася. Галоўнай мэтай было паразмаўляць зь беларусамі на тэмы, якія іх хвалююць. Даць ім пэўныя інструмэнты выхаду з крызісу, а таксама падтрымку, каб былі сілы жыць далей. Мне здаецца, гэта мела вынік», — расказвае рэжысэр Свабодзе.

«Мы хацелі зрабіць нешта вельмі сьветлае»

З «Купалаўцамі» Мікола Мішын супрацоўнічае ўжо каля трох гадоў. Пазнаёміў яго зь беларускім калектывам польскі рэжысэр Войцех Урбаньскі, які запрасіў дапамагчы з асьвятленьнем спэктаклю «Зэкамэрон».

Тады Мішын сустрэўся зь Сяргеем Чубам, Алегам Гарбузам і Ўладзімерам Пугачам. Пазьней пачаў супрацоўнічаць з артыстамі як мастак сьвятла, у тым ліку на гастролях.

«Мы пачалі размаўляць і знайшлі вельмі шмат агульнага. А потым Сяргей Чуб прапанаваў зрабіць супольны праект. Галоўная ягоная ідэя была ў тым, каб стварыць нешта вельмі сьветлае, што падтрымлівае людзей», — успамінае Мішын.

Ідэю падтрымаў Уладзімер Пугач, да праекту далучыўся Дзяніс Дудзінскі. Спачатку каманда спрабавала знайсьці гатовую пʼесу, якая адпавядала б задуме. Але ніводзін з разгледжаных твораў не пасаваў.

Тады Мішын прапанаваў напісаць уласную пʼесу — адразу пад канкрэтных выканаўцаў.

Прэм’ерны паказ новага спэктаклю купалаўцаў «Адысэя» у Варшаве. Валянціна Гарцуева, Сяргей Чуб

«У нас адзін вораг і адзін боль на дзьве краіны»

Паводле рэжысэра, ідэя назваць пастаноўку Émigré Cabaret зьявілася раней за рашэньне зьвярнуцца да Гамэра.

«Мне здаецца, што ўсе мы — і беларусы, і ўкраінцы — цяпер штодня знаходзімся ў своеасаблівым эмігранцкім кабарэ, дзе вельмі блізка адно да аднаго існуюць абсурд, трагедыя і камэдыя», — тлумачыць Мішын.

А ўжо на другі ці трэці дзень працы над задумай зьявілася «Адысэя». Перачытваючы Гамэра, рэжысэр заўважыў, што выпрабаваньні, празь якія праходзіць Адысэй, перагукаюцца з праблемамі і траўмамі сучасных беларусаў.

«Я зразумеў, што гэта вельмі блізкая беларусам тэма, адзін і той жа сюжэт, толькі расьцягнуты ў часе. Гэта шлях дадому, куды ўсе вельмі хочуць вярнуцца, але ніхто ня ведае, калі гэта атрымаецца. І ў гэтым сюжэце можна знайсьці інструмэнты, якія могуць дапамагчы чалавеку цяпер».

Мікола Мішын паходзіць з Украіны, але ў спэктаклі ён закранае і вельмі спэцыфічныя беларускія перажываньні, зьвязаныя з падзеямі 2020 году, вымушаным адʼездам і жыцьцём у эміграцыі.

На пытаньне, ці былі ў беларускім кантэксьце рэчы, якія яму было складана зразумець, рэжысэр адказвае адмоўна.

«Мне здаецца, што ўкраінцы вельмі добра разумеюць беларусаў. У нас адзін вораг, адзін боль на дзьве краіны. Мне здаецца, што мы вельмі падобныя. Таму, магчыма, усё так і склалася. Я проста па-чалавечы разумею тое, што адбываецца зь беларускай нацыяй».

Мікола Мішын

Перад напісаньнем пʼесы рэжысэр меў працяглыя асабістыя размовы з кожным акторам, каб лепш зразумець, што іх хвалюе.

Аднак, паводле Мішына, гэтыя гісторыі паўплывалі ня гэтулькі на канкрэтныя рэплікі, колькі на агульны настрой пастаноўкі.

«Я размаўляў зь імі сам-насам і бачыў, як яны рэагуюць на розныя тэмы. Што яны гавораць, а пра што маўчаць. Што, магчыма, хацелі б сфармуляваць, але пакуль ня могуць, бо гэта вельмі складана. І гэта, напэўна, паўплывала на мяне наймацней».

Пры гэтым некаторыя эпізоды нарадзіліся і з асабістага досьведу самога рэжысэра. Напрыклад, тэма складаных кантактаў з польскімі дзяржаўнымі ўстановамі знаёмая многім эмігрантам.

«Проста я сам як украінец правёў там вельмі шмат часу. Я ўсё гэта бачыў, бачыў там вельмі шмат беларусаў і зразумеў, што і гэта таксама наш агульны боль», — расказвае Мішын.

Спачатку пʼеса была напісаная па-ўкраінску

Спэктакль ідзе па-беларуску з польскімі субтытрамі. Аднак спачатку Мікола Мішын напісаў тэкст на сваёй роднай украінскай мове.

Паводле рэжысэра, над беларускім гучаньнем пʼесы працавалі ўсе ўдзельнікі каманды.

«Акторы мне вельмі дапамагалі. Напрыклад, калі я прапаноўваў нейкае слова, яны казалі: не, трэба шукаць яшчэ. Яны вельмі імкнуліся захаваць чыстую беларускую мову, каб не было ніякіх русізмаў. Толькі ў некаторых месцах яны выкарыстаныя наўмысна».

Асаблівую складанасьць стварала вершаваная форма. Мішын выкарыстаў уласны тэкст, напісаны з апорай на гамэраўскі гекзамэтар — вершаваны памер антычнага эпасу.

«Гэта ж ня тэкст Гамэра, гэта напісаны мной тэкст. Я проста ўзяў за аснову гамэраўскі гекзамэтар і герояў, якіх сустракае Адысэй. Але паспрабаваў пераасэнсаваць усё гэта праз балючыя беларускія тэмы».

«Галоўнае — не калі мы вернемся, а якімі»

Адной з цэнтральных ідэяў спэктаклю рэжысэр называе тое, што вяртаньне дадому ня можа быць проста аднаўленьнем ранейшага жыцьця.

«Мне здаецца, што важна не калі мы вернемся, а хто вернецца. Якімі мы будзем людзьмі, кім мы станем. Бо прайсьці ўвесь шлях дадому і не зьмяніцца — гэта, на мой погляд, велізарная памылка».

На думку рэжысэра, абставіны непазьбежна зьмяняюць чалавека. І калі вяртаньне ўсё ж адбудзецца, сустракацца давядзецца ўжо зь іншай рэальнасьцю.

«Мы павінны дзейнічаць адпаведна абставінам, а абставіны нас зьмяняюць. І калі мы вернемся, дык вернемся ў іншы сьвет. І мы павінны быць іншымі людзьмі».

Мішын адзначае, што менавіта гэтыя думкі яму найбольш хацелася перадаць гледачам праз гісторыю Адысэя.

«Крыху зьдзівіла рэакцыя залі»

Паводле рэжысэра, вялікая цікавасьць да прэмʼеры яго не зьдзівіла.

«Я казаў купалаўцам: хлопцы, новая прэмʼера, вы можаце нават нічога не рабіць — у вас будзе аншляг. Бо гэта „Купалаўцы“. Гэта ўжо брэнд. Мне здаецца, беларусы вельмі любяць і паважаюць іх», — распавядае рэжысэр.

А вось тое, як публіка ўспрыняла сам спэктакль, стала для яго прыемнай нечаканасьцю.

«Гледачы адрэагавалі на ўсе рэчы, якія я закладаў у пʼесу як аўтар і рэжысэр. Я чакаў меншага водгуку, і мне вельмі прыемна, што так атрымалася».

Мішын таксама высока ацэньвае працу беларускай каманды.

«Мяне ўражвае тая сіла, зь якой трымаюцца купалаўцы. І тая самааддача, тая вера, зь якой яны працуюць. Я магу сказаць пра „Купалаўцаў“ толькі вельмі добрыя словы».

Пасьля трох варшаўскіх паказаў стваральнікі плянуюць паказаць спэктакль і беларускай публіцы ў іншых гарадах Польшчы. Паводле Міколы Мішына, папярэдне заплянаваныя выступы 15 лютага ў Кракаве і 19 лютага ва Ўроцлаве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Старыя акторы самі носяць дэкарацыі». Гарцуева — пра тое, колькі яшчэ вытрымаюць «Купалаўцы»