Ідэя стварыць у Варшаве пляцоўку, дзе беларускія мастакі, музыкі і творчыя асобы маглі б жыць і працаваць, зьявілася ў 2021 годзе. Тады знайшоўся прыдатны вялікі дом ў маляўнічым раёне побач зь лесам, а таксама сродкі на яго арэнду. Прастора адкрылася ў сьнежні 2021 году, тады ж прыняла першых гасьцей.
У сьнежні 2025 «Дом творцаў» пашырыўся. У дадатак да першай прасторы адкрыўся невялікі прытулак на 4 пакоі для былых палітвязьняў. Тут жылі і вызваленыя ў верасьні 2026 году.
Гісторыя арт-рэзыдэнцыі «Дом творцаў» пачалася з прыезду ў Варшаву тэатральнага рэжысэра Юрыя Дзівакова, узгадвае ў размове з Свабодай Сяржук Доўгушаў.
Агулам зь Дзьваковым прайшлі дзьве рэзыдэнцыі, вынікам іх стала пастаноўка спэктаклю, музыку да якога напісала кампазытарка Вольга Падгайская. Менавіта гэты праект адкрыў першую рэзыдэнцыю і даў старт усяму «Дому творцаў».
«З таго часу ў нашым Доме было зладжана шмат рэзыдэнцыяў — музычных, мастацкіх і тэатральных. Мяркую, іх было каля паўтара дзясятка. Гэта былі стыпэндыі для творцаў, якія маглі цягам трох тыдняў бясплатна жыць і працаваць у Варшаве», — успамінае Доўгушаў.
Стваральнік «Дому творцаў» дадае, што мэтай праекту заўсёды была падтрымка рэпрэсаваных творчых асобаў — псыхалягічная і творчая.
Аднымі зь першых былых палітвязьняў, якія трапілі на рэабілітацыю ў Дом творцаў, сталі вядомыя беларускія музыкі, лідэры і заснавальнікі фэнтэзі-фолк-гурту Irdorath Надзея і Ўладзімер Калачы.
«Менавіта ў Доме творцаў быў зроблены кліп на тую самую знакамітую песьню „Зорамі“, якую Надзея Калач напісала ў калёніі. У выніку працы восьмай рэзыдэнцыі зьявіўся новы музычны калектыў — Olia Shnip Band, які стварылі Вольга і Антон Шніпы. Вольга пазьней выступала ня толькі як музыка, яна была арт-куратаркай; разам зь ёю мы праводзілі розныя мастацкія рэзыдэнцыі. Цяпер у Вольгі і Антона Шніпаў ужо новы праект — Nocne Ptaki. У апошняй рэзыдэнцыі у нас быў Алесь Папковіч, мастак і музыка, Натальля Бордак, мастачка і паэтка, якая нядаўна выдала сваю кнігу з ілюстрацыямі „Тры кроплі“», — узгадавае Сяржук.
Былі і супольныя польска-беларускія пленэры, ў якіх удзельнічалі таксама польскія мастакі, людзі знаёміліся, дзяліліся інфармацыяй, запрашалі да сябе ў майстэрні і гэтак далей.
«Гэта была інтэграцыя. Мы таксама арганізоўвалі культурніцкія праграмы, наведваньне музэяў, розныя падарожжы, вандроўкі — для знаёмства з польскай культурай», — працягвае Доўгушаў.
У канцы 2025 году, калі адбылося вялікае вызваленьне палітвязьняў і каля 100 чалавек прыехалі ў Польшчу, Доўгушаў вырашыў адкрыць другі дом, крыху меншых памераў — прытулак.
«Пасьля таго вызваленьня мне захацелася нейкім чынам дапамагчы тым людзям, якім патрэбнае месца жыхарства, пагатоў усе яны апынуліся ў вымушанай эміграцыі. Там чатыры пакоі. Людзі разьмяшчаюцца па два-тры чалавекі ў пакоі. З апошняй хвалі памілаваных і выштурхнутых зь Беларусі ў нас жылі вядомыя культурныя дзеячы Павал Белавус, Алесь Чумакоў», — дадае Доўгушаў.
Канец праекту
Зараз заснавальнік «Дому творцаў» і прытулку пры ім прыняў рашэньне пайсьці з праекту. Адна з прычынаў матэрыяльная. Плошча асноўнага «Дому творцаў» даволі вялікая — больш за 200 квадратных мэтраў. 5 жылых пакояў, вялікая заля, дзе можна займацца і творчасьцю.
«Гэта нятаннае задавальненьне. Штомесяц арэнда дому складае 9700 злотых, плюс камунальныя платы яшчэ больш за 2000 злотых (агулам каля 2500 эўра. — РС). Для нас гэта сапраўды вялікія грошы, і гэта было ўсё было на маіх плячах. Былі часы, калі было складана знайсьці спонсара, і мы запускалі нейкія зборы. Але сабраць такую суму ня так проста. Некалі я нават працаваў ў таксі і ахвяраваў заробак, каб гэты Дом існаваў. Розныя былі часы, калі не было чым плаціць, і ўсе, хто часова там жылі, проста скідваліся, каб аплаціць арэнду і камуналку. Я з гэтага ніколі ня меў ніякіх даходаў, прыходаў, заробкаў і так далей. Часам некаторым людзям здаецца, што ўва ўсіх, хто дапамагае людзям, ёсьць нейкая свая выгада. Мая выгада, мой інтарэс толькі ў тым, што я нейкім чынам магу дапамагчы беларусам, я ствараў сваю Беларусь для беларусаў тут, у Польшчы, вось у гэтым „Доме творцаў“ і шэлтэры», — прызнаецца Сяржук Доўгушаў.
За пяць гадоў праз «Дом творцаў» прайшлі шмат мастакоў, тут сабралася калекцыя твораў мастацтва, часткова ў ім жа і створаных. Ёсьць свая галерэя, створаная мастацкім кіраўніком «Дому» Андрэем Духоўнікавым. Гэта сучаснае беларускае мастацтва, падарункі ад удзельнікаў рэзыдэнцыі. Усяго ў калекцыі больш за 80 твораў мастацтва, у асноўным жывапіс, графіка, ёсьць скульптуры і нават фотакаляжы. Зараз ідзе праца над ўпарадкоўваньнем і стварэньнем каталёгу, дзе можна будзе ў электронным выглядзе паглядзець усе гэтыя працы, кажа Доўгушаў.
«Мы шукаем зараз невялічкае памяшканьне пад галерэю плошчай хаця б мэтраў 30, якое магчыма „пацягнуць“ фінансава, нават калі ня будзе ніякіх спонсараў, донараў. Па-першае, каб там захоўваліся карціны, па-другое, каб мы маглі іх выстаўляць. Я думаю, гэта было б вельмі цікава і важна агулам для беларусаў ува ўсім сьвеце, каб прэзэнтаваць сучаснае беларускае мастацтва. Аднаго „Музэю Вольнай Беларусі“ недастаткова. Галоўнае — хочацца гэта захаваць, ну і дзяліцца з людзьмі, паказваць. Калі хтосьці прыедзе зь іншай краіны, яны могуць прыйсьці ў гэтую невялічкую галерэю, пабачыць творы розных беларускіх мастакоў», — дзеліцца марай Сяржук Доўгушаў.
Ён дадае, што ў сувязі з закрыцьцём творчай прасторы ў Варшаве арганізаваны онлайн-вэрнісаж і частковы распродаж твораў мастацтва з калекцыі «Дому творцаў».
Сяржук Доўгушаў гаворыць, што гатовы перадаць і «Дом творцаў», і прытулак у добрыя рукі. Кажа, што ўвесь працэс наладжаны, нават ёсьць свае валянтэры, якія дапамагаюць прымаць людзей і іх забясьпечваць.
«Магчыма, хтосьці з мэцэнатаў, спонсараў гатовы падтрымаць гэтую нашу ініцыятыву, дзейнасьць. Я проста гатовы гэта ўсё пакінуць і перадаць у добрыя рукі: там і мэбля ёсьць, і тэхніка, ўсё што заўгодна для жыхарства. Адзінае пытаньне — фінансаваньне. Для ўтрыманьня таго ж беларускага шэлтэру патрэбная не такая ўжо вялікая сума. На год існаваньня шэлтэру трэба 24 000 эўра. Гэтая сума закрые арэнду і камунальныя платы на цэлы год», — кажа Доўгушаў.
Сяржук прызнаецца, што за пяць гадоў вельмі стаміўся, але ў яго застаецца надзея, што справу хтосьці працягне.
«Калі зачыняюцца адны дзьверы, адчыняюцца іншыя. І я як аптыміст у жыцьці скажу, што проста прайшоў час. Прайшоў пэрыяд, і, магчыма, патрэбная перазагрузка. Магчыма, у тым жа „Доме творцаў“ будзе штосьці іншае, будзе яшчэ больш новых праектаў. То бок гэтая прастора вызваляецца пад новыя творчыя праекты», — гаворыць суразмоўца.
Форум