Кніга за 300 гадзінаў. Як дэбютны твор фізыка і маркетоляга ледзь не атрымаў Гедройця

Аляксандар Карнаўх на прэзэнтацыі ў Беластоку
Аляксандар Карнаўх на прэзэнтацыі ў Беластоку
Слухаць
19 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

Размаўляем з Аляксандрам Карнаўхам пра тое, як пачаць выдаваць кнігі пасьля 50, пра беларускую мову, якую ён не вучыў у школе, і пра жыцьцё ў Італіі.

Аляксандар Карнаўх выдаў летась сваю першую кнігу «Халодныя землі» — і адразу трапіў зь ёю ў кароткі сьпіс прэміі імя Ежы Гедройця. Нягледзячы на тое, што Карнаўх не заняў прызавога месца, да яго на цырымоніі ўручэньня прэміі ў Гданьску стаяла адна з найдаўжэйшых чэргаў па аўтограф. Ён цяпер сярод самых прадаваных аўтараў беларускага выдавецтва Gutenberg Publisher. Першы наклад ягонай дэбютнай кнігі прадалі менш чым за год.

Фізык з адукацыі і маркетоляг з прафэсіі, Аляксандар пачаў пісаць кнігі ў свае 49 гадоў ужо ў эміграцыі. Ягоныя творы выходзяць па-беларуску, хоць аўтар не вывучаў у школе беларускую мову. Мы гаворым з Аляксандрам пра ягонае дзяцінства ў Нямеччыне, працу на заводзе ў Італіі, любоў да элегантных капелюшоў і як гэта пачаць друкавацца, калі табе за 50.

Кароткі сьпіс прэміі Гедройця

Аляксандар не здымае свой чорны капялюш нават у памяшканьні. На пінжаку значок ПЭН-цэнтру, які яму ўручылі на цырымоніі ўручэньня прэміі Гейдроця. Пры гэтым Карнаўх адзначае, што ён ня сябар ПЭН-цэнтру. Называючы сябе, ён аддае перавагу слову «аўтар», а не «пісьменьнік». Пісьменьнікам, на ягоную думку, ён мог бы стаць пасьля трэцяй кнігі, а ў яго пакуль пабачылі сьвет толькі дзьве.

Суразмоўца прызнаецца, што засмуціўся, калі ня трапіў у тройку найлепшых аўтараў прэміі Гедройця. Хоць, калі пачынаў пісаць свае кнігі, ня думаў пра конкурсы і ўзнагароды. Ён мяркуе, што ягонае імя загучала ў кантэксьце гэтай прэміі дзякуючы і ягонаму таленту, і шанцаваньню.

Аляксандар Карнаўх на кніжным кірмашы ў Варшаве з сваёй першай кнігай «Халодныя землі», травень 2025 году
Аляксандар Карнаўх на кніжным кірмашы ў Варшаве з сваёй першай кнігай «Халодныя землі», травень 2025 году

«Кожны чалавек амбітны, калі нечым займаецца ўсур’ёз. Гэта як у спорце. Гэта пэўнае прызнаньне, што тое, чым ты займаўся апошнім часам, на карысьць табе. Калі ты працуеш над кнігай цягам году, нават двух, то чакаеш, што гэтая праца знойдзе свайго чытача і сваю ацэнку сярод літаратараў», — тлумачыць Карнаўх значэньне для яго прэміі Гедройця.

Аўтар «Халодных земляў» адзначае, што не заўважыў нейкай асаблівай рэакцыі калегаў-пісьменьнікаў на ягоны раптоўны посьпех.

«Мне здаецца, гэта нармальна, што зьявіўся яшчэ адзін чалавек, які нешта напісаў. Такіх людзей шмат. Мала хто дасягае пэўных вяршыняў. Я заўсёды думаю пра Сызыфа, якога згадваў Альбэр Камю і казаў, што Сызыфа трэба ўяўляць шчасьлівым, бо ён прынамсі дасягае нейкай вяршыні, адкуль камень скачваецца зноў у даліну. А большасьць тых, хто займаецца творчасьцю, робяць гэта, ня ведаючы, ці дасягнуць яны калі-небудзь нейкай вяршыні», — разважае Карнаўх.

Аляксандар атрымлівае ўзнагароду на конкурсе «Брэнд году 2018» сярод радыёстанцыяў Беларусі
Аляксандар атрымлівае ўзнагароду на конкурсе «Брэнд году 2018» сярод радыёстанцыяў Беларусі

Ён дадае, што сам ніколі не бывае цалкам задаволены сваёй працай і бачыць хібы, якія варта паправіць. Таму спыняецца, не дасягаючы вяршыні. Чытачы раскупілі сотні асобнікаў ягоных кніг «Халодныя землі» і «Той, хто дае імёны». На чытацкай плятформе Goodreads кніга «Халодныя землі» мае рэйтынг 4,44.

Жыцьцё ў ГДР

Аляксандар нарадзіўся ў Нясьвіжы, на радзіме сваёй маці. Ягоны бацька-вайсковец паходзіў з Растоўскай вобласьці Расеі. Калі малому Аляксандру было пяць гадоў, сям’я пераехала ўва Ўсходнюю Нямеччыну.

«Гэта былі вельмі важныя часы з гледзішча станаўленьня маёй асобы. Я бачыў іншы сьвет, іншае жыцьцё», — успамінае Аляксандар.

Некалькі гадоў сям’я жыла ў горадзе Вітэнбэргу, на радзіме рэфарматара хрысьціянства Мартына Лютэра, дзе ён у 1517 годзе прыбіў на дзьверы каталіцкай царквы свае славутыя 95 тэзісаў. Аляксандар успамінае перадусім нямецкую архітэктуру, якая адрозьнівалася ад савецкай.

«Калі ты вяртаесься на радзіму і бачыш стандартныя дамы, савецкія будынкі, ты адчуваеш гэтую розьніцу між культурамі. Ты яшчэ не разумееш гэтага, але ты гэта адчуваеш», — мяркуе суразмоўца.

Аляксандар у дзяцінстве. У шахматы яго навучыў гуляць бацька
Аляксандар у дзяцінстве. У шахматы яго навучыў гуляць бацька

Аляксандар расказвае, што некалькі гадоў таму зьдзейсьніў сваю мару і зьезьдзіў з дачкой у горад свайго нямецкага дзяцінства.

«Мы хадзілі гэтымі вулкамі. Мы знайшлі дом, дзе мы жылі з бацькамі. Я бачыў вокны сваёй кватэры. Цяпер гэта нейкае сацыяльнае жытло, што было ня вельмі прыемна бачыць. Быццам нешта адарвалася. Нешта, што было ў дзяцінстве, ужо страчана, — расказвае Аляксандар, у яго вільгатнеюць вочы і ён спыняе аповед. — Магчыма, таму, што чалавек падсьвядома чакае, што ён убачыць сябе маленькім. Або вернецца ў той стан бесклапотны», — дапускае суразмоўца, чаму яго так кранула паездка ў месца дзяцінства.

У Нямеччыне ён навучыўся гаварыць па-нямецку. Калі сям’я вярнулася ў Савецкі Саюз, хлопчык пайшоў у клясу, дзе вучылі нямецкую мову. Ён кажа, што не адчуваў сябе нейкім асаблівым сярод аднагодкаў праз тое, што жыў у ГДР.

Беларуская мова

Аляксандра вызвалілі ад вывучэньня беларускай мовы ў нясьвіскай школе, бо ягоны бацька быў вайскоўцам. Аднак кнігі Карнаўха выходзяць па-беларуску. Аляксандар тлумачыць, што ён рабіў чарнавыя нататкі да свайго твору і па-беларуску, і па-расейску. Першую кнігу падрыхтаваў на расейскай мове. Аднак выдавецтва Gutenberg пагадзілася выдаць кнігу з умовай, што яна будзе на беларускай мове. Тады Карнаўх сам пераклаў тэкст. Адметнасьць ягонай дэбютнай кнігі — і ў тым, што над ёю не працаваў стыльрэдактар, пра што аўтар цяпер шкадуе.

Аляксандар Карнаўх у пабе «Ўінстан Чэрчыль» у Пінску, 2019 год
Аляксандар Карнаўх у пабе «Ўінстан Чэрчыль» у Пінску, 2019 год

Падчас інтэрвію Аляксандар гаворыць па-беларуску. Дык адкуль жа ён ведае родную мову? Суразмоўца кажа, што ад бабулі па кудзелі Валянціны. Яна таксама жыла ў Нясьвіжы.

«У яе была вельмі сакавітая мова, шмат кляцьбёнікаў усялякіх было. Часьцяком яна згадвала Перуна: „На Перуна табе гэта патрэбна?!“, „Каб цябе Пярун пабраў!“ Бабуля размаўляла і па-расейску даволі добра. Яна жыла і „за польскім часам“, бачыла і Польшчу, і немцаў, і бальшавікоў», — расказвае Аляксандар.

Ён кажа, што да беларускай мовы стаў вяртацца ўжо ў дарослым жыцьці. Яшчэ да 2020 году, які выклікаў хвалю пераходу беларусаў на беларускую мову, ён пачаў рабіць нататкі ў тым ліку па-беларуску.

«Гэта было вельмі спантанна. У мяне не было ніякага намеру нешта зрабіць. Нехта кажа: „Я буду цяпер размаўляць толькі па-беларуску“. У мяне такіх рашэньняў не было. У мяне быў спакваля рух да беларускай мовы», — дзеліцца адчуваньнямі суразмоўца.

Аляксандар заўважае, што хоць значную частку жыцьця гаварыў па-расейску, ані хвіліны не лічыў сябе расейцам.

«У нейкі момант у мяне была такая думка: калі маеш свой дом, навошта табе жыць у чужым? Можаш езьдзіць у госьці, жыць нейкі час, але вяртацца дадому. Калі маеш сваю мову, чаго карыстацца чужой? Мы беларусы. У нас ёсьць свая мова, свая культура, свае пісьменьнікі, мастакі», — разважае суразмоўца.

Аляксандар у Віцебску каля муралу Марку Шагалу
Аляксандар у Віцебску каля муралу Марку Шагалу

Яшчэ адной крыніцай, зь якой Карнаўх навучаўся беларускай мове, сталі кнігі.

«Я шмат чытаў і чытаю па-беларуску. Мне вельмі падабаецца Быкаў. Быў пэрыяд, калі я захапляўся дынамічнасьцю яго тэксту, кінэтычнасьцю пісьма. Ён вельмі дакладна перадаваў рухі, адчуваньні, тое, што адбывалася з героем. Гэта было амаль кінэматаграфічна», — кажа аўтар кніг.

Італія

Аляксандар Карнаўх скончыў фізычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Аднак паводле атрыманай адукацыі не працаваў. Большую частку прафэсійнага жыцьця ў Беларусі займаўся рэклямай, піярам, маркетынгам. Адно зь ягоных месцаў працы — тэлекамунікацыйная кампанія «Космос ТВ». Пра іншыя месцы працы Аляксандар ня надта хоча гаварыць, адзначае, што гэта засталося ў мінулым.

У 2020 годзе Аляксандар, кажа, выходзіў на маршы пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Але сілавікі яго схапілі, калі ён проста ішоў у сваіх справах. Зь ягоных словаў, яго тады асудзілі на 12 дзён арышту.

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Карнаўхам, зь ягоных словаў, зноў зацікавіліся сілавікі. Яго выклікалі на допыт у ГУБАЗіК, шукалі, ці ён датычны да «злачынных» камэнтароў у інтэрнэце. З гэтай гутаркі суразмоўца зразумеў, што на яго могуць завесьці крымінальную справу і пасадзіць надоўга. Цягам двух тыдняў ён сабраў рэчы і зьехаў у Італію. Туды яшчэ раней паехалі вучыцца і працаваць ягоныя дочкі.

Беларусы рэдка выбіраюць Італію для эміграцыі. Туды пасьля 2020 году пераехалі жыць менш за тысячу беларусаў. Агулам у Італіі жывуць менш за дзесяць тысяч беларусаў.

Аляксандар легалізаваўся ў краіне праз узьяднаньне зь сям’ёй. Ён жыве ў мясцовасьці Чэва побач з Турынам. Суразмоўца кажа, што пераяжджаў, ведаючы італьянскую мову на ўзроўні А2-В1. Цяпер — на В2.

«Гэта ўсё мова для турыста. Мова вуліцы іншая. Мова працы іншая. Калі пачынаеш жыць там, хадзіць на працу, то сутыкаесься з тым, што італьянцы не размаўляюць на літаратурнай італьянскай мове. Італьянцы ў П’емонце размаўляюць на італьянскай і на п’емонцкім дыялекце. Яны часта пераходзяць з аднаго на другое, ужываюць дыялектныя словы», — тлумачыць Карнаўх.

Цяпер бальшыню часу беларус размаўляе па-італьянску. Шмат чытае мастацкай літаратуры на італьянскай мове. Звычайна гэта перакладныя творы — у іх больш стандартная, даступная мова.

У першы год эміграцыі Аляксандар пісаў кнігу. Жыў у гэты час на ашчаджэньні. Калі запасы скончыліся, пачаў актыўна шукаць працу. Цяпер ён працуе на каўбасным заводзе, клеіць этыкеткі на вырабы. Адзначае, што для яго гэта звычайная праца.

«Для мяне гэта хутчэй магчымасьць зарабляць грошы. Ці хацеў бы я займацца чымсьці іншым? Так, хацеў бы. Я адчуваю, што, бывае, працую на мяжы сваіх фізычных сілаў. Так склаўся лёс. Я ня бачу прычыны скардзіцца на жыцьцё. Твой працоўны досьвед не пасуе да італьянскага рынку. Ты ня можаш займацца рэклямай, бо бракуе і культурных ведаў, і ведаў італьянскай мовы. Таму ты працуеш там, дзе можаш», — кажа Аляксандар пра сябе.

Паводле ацэнак суразмоўцы, у мясцовасьці, дзе ён жыве, трэба зарабляць прынамсі 1–1,5 тысяч эўра на месяц, каб сябе ўтрымліваць. Аляксандар заўважае, што ягоны ўзровень жыцьця ў Італіі зьнізіўся ў параўнаньні зь Беларусьсю. Цяпер яму бракуе машыны. Пасьля робіць паўзу і зазначае, што перадусім яму бракуе не чагосьці матэрыяльнага.

«Насамрэч мне бракуе магчымасьці часьцей гутарыць зь беларусамі. Мне бракуе сяброў, звыклага асяродзьдзя. Ты адчуваеш сябе быццам за шклом і бачыш жыцьцё праз шкло культурнай дыстанцыі. Гэта вельмі моцна цісьне на цябе», — кажа беларус.

Аляксандар у Альпах, 2024 год
Аляксандар у Альпах, 2024 год

Пры гэтым Аляксандар заўважае, што італьянцы адкрытыя і добразычлівыя. Ён не адчувае кепскага стаўленьня да сябе праз тое, што ён прыежджы. Аднак прызнаецца, што да канца пакуль ня здолеў інтэгравацца ў італьянскі лад жыцьця.

«Ёсьць моўныя бар’еры. Ты ня можаш хутка зразумець жарты. Праходзіць пэўны час, усе пасьмяяліся, а ты толькі зразумеў — ты ўжо ня будзеш сьмяяцца. У цябе няма досьведу супольнага жыцьця на гэтай тэрыторыі. Калі ты жывеш цягам пяці, дваццаці год, то, можа, нават знойдзеш сяброў там. Можа так стацца, што ў цябе зьявяцца зь імі агульныя ўспаміны. Калі ў вас ёсьць агульныя пачуцьці, якія вы разам падзялялі, з чагосьці сьмяяліся, па чымсьці гаравалі — гэта важна», — разважае мігрант.

Карнаўх расказвае, што ў Італіі пачаў насіць элегантныя капелюшы. Іх у яго тры. Найдаражэйшы каштуе каля ста эўра.

«У Італіі гэта звычайная рэч. Капелюшы і ўлетку носяць. Ёсьць некалькі крамаў, дзе прадаюць капелюшы, вельмі прыстойныя. Мне падабаецца зайсьці туды паглядзець», — кажа ён.

Аляксандар кажа, што хоча калісьці вярнуцца ў Беларусь, але з магчымасьцю вандраваць і езьдзіць туды-сюды.

Кнігі пасьля 50

Першы год пасьля пераезду ў Італію Карнаўх пісаў сваю дэбютную кнігу «Халодныя землі». Дзеяньне там адбываецца ў тым ліку на балотах Ельня ў Беларусі. Аўтар заўважае, што, у адрозьненьне ад земляў, адносіны паміж людзьмі там цёплыя. Другая ягоная кніга «Той, што дае імёны» выйшла сёлета. Карнаўх запэўнівае, што ягоныя кнігі не аўтабіяграфічныя.

«Страх — ува ўсіх ёсьць страх, але ў кожнага свой. Каханьне — ува ўсіх каханьне, але ў кожнага яно сваё. Ты зьвяртаесься да свайго жыцьцёвага досьведу. Калі ты апісваеш страх, гэта твой страх. Ты яго апісваеш так, як перажываў яго ў дзяцінстве ці пазьнейшым узросьце», — разважае аўтар.

Аляксандар ня можа прыгадаць штуршок, ад якога пачаў пісаць. Ён і раней рабіў дарожныя нататкі, імкнуўся адлюстраваць свае перажываньні ад нейкага краявіду, вёў дзёньнік, але нічога не публікаваў і нікому не паказваў.

Аляксандар Карнаўх у Беластоку
Аляксандар Карнаўх у Беластоку

Важнай у напісаньні кніг ён лічыць рэгулярнасьць.

«Калі ты паставіў сабе мэту напісаць кнігу, то мусіш ісьці да гэтай мэты. Гэта трэба рабіць кожны дзень. Ты мусіш сесьці за тэкст і пачаць пісаць. Магчыма, ты гэты абзац або гэты аркуш выкінеш у сьметніцу. Але гэта запускае твой моўны працэс. Каб пачаць пісаць, трэба пачаць пісаць», — расказвае сакрэт таго, як ён піша кнігі, аўтар.

Штодня ён звычайна працуе гадзіну-дзьве. У сярэднім за гадзіну піша 2000 знакаў. Падлічвае, колькі можа напісаць за дзень, тыдзень, месяц. Аўтар ведае, што свае «Халодныя землі» напісаў прыкладна за трыста гадзін.

«Заўтра ты зробіш крыху больш. Ты будзеш прасоўвацца. Ты будзеш уцягвацца ў пісьмо. Будзеш больш упэўнена знаходзіць патрэбныя словы. Гэта як займацца спортам. Настойлівасьць, практыка — і ты атрымліваеш рэзультат. Далей пачынаеш працаваць з чарнавіком, перачытваць яго, правіць», — апісвае працэс пісьменьнік.

Аўтар-пачатковец вучыцца пісаць у калегаў — чытае кнігі.

«Звычайна я вельмі тэхнічна стаўлюся да тэксту. Апошнім часам чытаю кніжкі не як чытач, а хутчэй каб выявіць, чым там можна скарыстацца з гледзішча стылю, дынамікі тэксту, пабудовы сказу, ужытых словаў. А як гэтым словам можна скарыстацца? Што можна апісаць гэтым словам яшчэ? Ці можна яго ўжыць у менш дынамічным сказе, у больш дынамічным?» — тлумачыць суразмоўца.

Беларускамоўныя кнігі ён, кажа, звычайна чытае з алоўкам, робіць нататкі на палях, занатоўвае нешта ў нататнік.

«Спакваля ў цябе зьбіраецца прыстойны вакабуляр. У пэўным сэнсе ты вучыш родную мову. Часьцей за ўсё людзі не асэнсоўваюць, што сваёй роднай мовай яны не валодаюць у поўнай ступені. Удумлівае чытаньне — гэта, мне здаецца, фундамэнт для творчасьці», — заўважае ён.

Карнаўх заўважае, што калі ён пачаў пісаць кнігі, то стаў па-іншаму глядзець на людзей, яго сталі больш цікавіць іхныя матывы, схаваныя спружыны, якія кіруюць імі.

Аляксандар на гідрацыкле ў Гомлі
Аляксандар на гідрацыкле ў Гомлі

Пісьмо Аляксандар называе сваёй другой працай. Ён думае, што ў кнігах толькі 10% натхненьня, астатняе — гэта высілкі.

«Часьцей за ўсё ты баісься і робіш. Адчуваеш няўпэўненасьць, але робіш. Ідзеш у цемры праз туман, ня бачачы, што цябе чакае ў канцы гэтага шляху, але ты ідзеш. Бывае, ты нават бяжыш па гэтай сьцяжыне на злом галавы. Бывае, што тэкст табой кіруе і цягне за сабой, і ты ледзь пасьпяваеш, каб запісаць тое, што хочаш», — апісвае пісьменьнік творчы працэс.

​
XS
SM
MD
LG