7 гадоў за малюнкі на сьценах. Расказваем пра Алега Ларычава

Суд па справе Алега Ларычава ў 2017 годзе. Архіўнае фота
Суд па справе Алега Ларычава ў 2017 годзе. Архіўнае фота
Слухаць
14 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

13 лістапада арт-мэнэджару Алегу Ларычаву прысудзілі 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 1 тысячу базавых. Яшчэ 10 гадоў таму ў Менску віселі білборды зь ягоным партрэтам.

Арт-мэнэджара Алега Ларычава абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня») і 361-2 («фінансаваньне экстрэмісцкага фармаваньня»). У віну паставілі дачыненьне да культурніцкай суполкі «Да Зораў», а таксама да старой мэмнай ініцыятывы «Вяйшнорыя».


Алег Ларычаў найперш вядомы як арганізатар фэстываляў Urban Myths, на якія ў сярэдзіне 2010-х у Беларусь прыяжджалі вулічныя мастакі з усяго сьвету. Яны пакінулі ў Менску шмат цікавых і запамінальных муралаў, часам неадназначна ўспрынятых грамадзтвам.

Паводле задумы фэстывалю, замежныя мастакі ня ведалі, дзе менавіта будуць працаваць, і не рабілі эскізаў. Праект ствараўся, каб творцы з розных краін маглі выявіць на мурах беларускіх будынкаў свае адчуваньні ад прыезду ў Беларусь. Так у Менску зьявіліся шматлікія прафэсійныя графіці: «Дзяўчынка ў вышыванцы», «Ярыла», «Чалавек без імя», «Сэрца». Яны набылі насамрэч усясьветную вядомасьць.

На некаторыя муралы, да прыкладу, «Чалавек без імя» мастака з Грэцыі INO на вуліцы Варанянскага, паскардзіліся мясцовыя жыхары і праўладныя актывісты. Малюнак зафарбавалі, але ён пасьпеў трапіць у дзясятку найлепшых графіці сьвету за кастрычнік 2015 году.

Аргентынскі мастак Франчэска Басалеці малюе мурал на адным з будынкаў у Менску падчас фэстывалю Urban Myths, верасень 2017 году
Аргентынскі мастак Франчэска Басалеці малюе мурал на адным з будынкаў у Менску падчас фэстывалю Urban Myths, верасень 2017 году

А росьпіс «Лічбавы сьвет», які ствараўся ў межах праекту Urban Myths «Будучыня» і быў зроблены менскім мастаком Яўгенам Мутусам на 12-павярховіку менскай вуліцы Прытыцкага, прызнаны найлепшым у сьвеце ў вэрсіі міжнароднай плятформы вулічнага мастацтва Street Art Cities за лістапад 2019 году

Мурал мастака iNo, створаны на менскім доме ў 2015 годзе
Мурал мастака iNo, створаны на менскім доме ў 2015 годзе

На вялізным малюнку дзяўчына пляце сетку з клубка сузорʼяў, а сетка ператвараецца ў павучыньне, падобнае ці то да блокчэйну, ці то да глябальнага сеціва. Было чатыры туры галасаваньня, у якім бралі ўдзел больш за тысячу чалавек. Перамог менскі мурал.

Мурал аўтарства Millo, які таксама зьявіўся ў Менску ў межах фэстывалю Urban Myths
Мурал аўтарства Millo, які таксама зьявіўся ў Менску ў межах фэстывалю Urban Myths

У 2021–2022 гадах «Беларусбанк» да свайго 100-годзьдзя разам з Urban Myths і Алегам Ларычавым зьдзейсьнілі вялікі праект «Традыцыi дзеля будучынi». Гэта была сэрыя манумэнтальных мастацкіх росьпісаў у больш як дзясятку гарадоў Беларусі: Бабруйску, Пінску, Мазыры, Берасьці, Лідзе, Горадні ды іншых. Дзяржаўныя СМІ апублікавалі шмат рэпартажаў і відэасправаздачаў з адкрыцьця тых муралаў.

Арышты, штрафы, пабіцьцё

За сваю творчасьць і арыгінальнасьць Алег Ларычаў ня раз цярпеў і быў пакараны. Яго шматкроць затрымлівалі, у тым ліку і за арт-актывізм. Мэнэджара падазравалі ў ладжаньні арт-акцыяў пратэсту — у прыватнасьці, у стварэньні графіці з крытыкай беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў, а таксама за «дамаляваны» мурал «Менск — Масква», які сымбалізаваў сяброўства сталіц Беларусі і Расеі. Тады ў букеце «беларускага хлопчыка» і ў вянку «расейскай дзяўчынкі» нечакана зьявіўся калючы дрот, да выявы якога мог, на думку праваахоўнікаў, мець дачыненьне Алег.

Працэс “дамалёўваньня” муралу “Менск–Масква”, 2016 год
Працэс “дамалёўваньня” муралу “Менск–Масква”, 2016 год

4 красавіка 2017 году Ларычава моцна пабілі невядомыя. А 26 красавіка яго затрымалі нібыта за лаянку на выхадзе зь піцэрыі і прызначылі 5 дзён арышту, тры зь якіх ён правёў ў ШЫЗА.

Алег Ларычаў пасьля зьбіцьця
Алег Ларычаў пасьля зьбіцьця

У чэрвені таго ж 2017 году Алега Ларычава зноў затрымалі разам з мастачкай Ганнай Новік: у іх былі фарбы і трафарэты. Тады Алега пакаралі штрафам за дробнае хуліганства.

У сакавіку 2022 году Ларычава затрымлівалі разам з блогерам Мікітам Бялевічам і гісторыкам Алесем Белым непадалёк ад украінскай амбасады. Ім прысудзілі па 15 дзён адміністрацыйнага арышту. А 27 лістапада 2025 году арт-мэнэджара затрымалі ўжо ў крымінальнай справе, абвінаваціўшы ў «экстрэмісцкай дзейнасьці». І амаль праз год асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі. На працэсе пракуратура даводзіла, што Алег мае дачыненьне да культурніцкай суполкі «Да Зораў», якая спрабавала афіцыйна арганізоўваць у Беларусі імпрэзы й канцэрты і мела замежнае фінансаваньне. Таксама Ларычаву нагадалі жартаўлівы праект «Вяйшнорыя» 2017 году.

«„Вяйшнорыя“ была сьцёбам, мэмам»

Сябар і калега Алега Ларычава ў раньніх, яшчэ студэнцкіх праектах Алесь (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) у размове з Свабодай расказаў, што ведае Алега яшчэ з далёкіх «нулявых» гадоў, калі было вельмі актыўным і крэатыўным ЗБС — Згуртаваньне беларускіх студэнтаў.

«Алег родам з Мазыра, вучыўся ён у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. То бок паводле адукацыі зусім ня творца, а тэхнар. У 2009 годзе зладзіў першы студэнцкі фэстываль unREAL student LIFE, які праходзіў у Музэі кіно каля Чырвонага касьцёла. Гэта была фантастычная на тыя часы імпрэза», — узгадвае Алесь.

Прыгадаў ён і забаўную гісторыю, зьвязаную з сур’ёзнымі сумеснымі беларуска-расейскімі вайсковымі вучэньнямі «Захад-2017».

«Там заўсёды малююць мапы і прэзэнтуюць, якія захады ў межах гэтых вучэньняў будуць адбывацца. Зь нейкага рэпартажу „вылецела“, што, маўляў, на тэрыторыі Заходняй Беларусі створана „Рэспубліка Вяйшнорыя“. Сумесна зь Вясбарыяй (заходняя Літва і цэнтральная Латвія) і Лубеніяй (якая супадае з тэрыторыяй Сувальскага калідору) Вяйшнорыя павінна была раскалоць вайсковы саюз паміж Расеяй і Беларусьсю. І ў межах вучэньняў гэты ўзьніклы сэпаратызм трэба было „пагасіць“. Гэта разышлося як мэм. Ларычаў зь іншымі хлопцамі, якія любілі такія рэчы, зрабілі невялічкі вясёлы і забаўны бізнэс, стварылі адмысловы сайт. „Вяйшнорыя“ стала сьцёбам, мэмам, на які адгукнуліся людзі: прыдумлялі герб, сьцяг, гімн няіснай дзяржавы, замаўлялі „пасьведчаньне вяйшнорца“», — узгадвае Алесь.

Каляж «войскаў Вяйшнорыі» з сацыяльных сетак
Каляж «войскаў Вяйшнорыі» з сацыяльных сетак

У сакавіку 2026 году МУС Беларусі прызнала жартоўную віртуальную дзяржаву «Viejšnoryja | Вейшнорыя» і яе сацыяльныя сеткі «экстрэмісцкім фармаваньнем», і гэта ўжо фігуравала ў крымінальнай справе Алега Ларычава.

«Ён заўсёды думаў, як зрабіць маштабна, якасна, сучасна»

Алесь узгадвае таксама, што хоць большасьць беларусаў ведае Ларычава менавіта як арт-мэнэджара, але ён выдатны рэкляміст, працаваў у крэатыўных рэклямных агенцтвах. Таксама Алег супрацоўнічаў з Музэем сучаснага мастацтва, вёў шмат адукацыйных праектаў у сфэры вулічнага мастацтва, ладзіў майстар-клясы.

«Памятаю, як у канцы 2021 году, калі „Беларусбанк“ рыхтаваўся да свайго 100-годзьдзя, Ларычаў змог пераканаць фінансістаў, каб сумесна з Urban Myths зрабіць сэрыю муралаў, прысьвечаных гісторыі і культуры, па ўсёй Беларусі. „Беларусбанк“ падтрымаў — і зьявіліся якасныя, шыкоўныя, моцныя працы ў розных беларускіх гарадах. Ён заўсёды думаў, як зрабіць маштабна і якасна — каб гэта мела рэзананс і ўплывала на беларусаў, на беларускасьць. Ён стараўся гэта пераасэнсоўваць, рабіць сучасна і запамінальна. Зь ім было заўсёды цікава працаваць, бо ён нестандартна думаў, рабіў прадукт, пра які гавораць, які заўважаюць, які мае пазытыўны эфэкт і натхняе людзей на новыя крэатывы і на творчую працу. Ён праўда шмат чаго крутога зрабіў для Беларусі», — перакананы Алесь.

Суразмоўца дадае, што Алег Ларычаў дакладна разумеў «правілы гульні»: што можна было рабіць, а чаго нельга.

«Але ўсё адно пад яго пачалі „капáць“ і „накапáлі“ на 7 гадоў. Я ў шоку», — скрушна кажа ён.

«Прынцыпова не хацеў зьяжджаць»

Кіраўніца ініцыятывы «Годна», сяброўка Алега Ларычава Аліна Герашчанка ў размове з Свабодай кажа, што ён не хацеў зьяжджаць, хоць і трапляў «на суткі» некалькі разоў.

«Алег спадзяваўся, што неўзабаве будзе адліга — прынцыпова не хацеў зьяжджаць. Ён шчыра верыў, што ўсім, чым ён займаўся, ён займаўся афіцыйна. Не было нічога падпольнага — усе праекты адкрытыя, падзеі афіцыйныя, атрыманыя дазволы на правядзеньне мерапрыемстваў. Ён быў перакананы, што працуе афіцыйна і ўсё будзе добра. Канцэрты, якія былі ў межах культурніцкай ініцыятывы „Да Зораў“, праходзілі афіцыйна — у бібліятэках, клюбах. Калі патрэбна было гастрольнае пасьведчаньне, яно рабілася. Нічога не рабілася па-за межамі.

Можа, „Да Зораў“ сталі ў нейкі момант занадта заўважнымі», — мяркуе Аліна Герашчанка.

17 сьнежня 2025 году КДБ Беларусі прызнаў культурніцкую ініцыятыву «Да Зораў» «экстрэмісцкім фармаваньнем». Даты супадаюць з момантамі затрыманьняў Алега Ларычава, Сямёна Малашэнкава і Алеся Чумакова, якога ў выніку судзілі асобна.

This is Belarus

Аліна Герашчанка ўзгадала яшчэ дзьве цікавыя рэчы, зьвязаныя з культурніцкай ініцыятывай «Да Зораў».

«„Да Зораў“ рабіў вельмі клясны флэшмоб, які называўся „This is Belarus“. У сторыз зьявіўся шаблён з гэтай фразай: This is Belarus. Ахопы гэтага шаблёну дасягнулі 150 тысяч, водгукі проста захапляльныя! І самае цікавае, што гэты шаблён падтрымалі і Сьвятлана Ціханоўская, дэмакратычная апазыцыя, і „Пул Первого“ (акаўнт прэс-службы Лукашэнкі ў Тэлеграме. — РС) і розныя праўладныя чыноўнікі. Гэта было на пачатку 2024 году — мы былі ў шоку, што і тыя, і тыя! То бок падзея аб’яднала Ціханоўскую і „Пул первого“. І яшчэ была гісторыя ў канцы 2024 году. Ініцыятыва „Да Зораў“ хацела зрабіць канцэрт на Дзяды 3 лістапада ў клюбе „Рэактар“ з удзелам Івана Кірчука ды іншых адметных выканаўцаў. Гэта заўважыла Вольга Бондарава і напісала „данос“. Канцэрт скасавалі. Ну і пасьля гэтага фактычна канцэрты й імпрэзы скончыліся», — кажа Аліна Герашчанка.

Сяброўка асуджанага арт-мэнэджара дадае, што ў Алега Ларычава сур’ёзныя праблемы здароўя, ён цярпіць на цукровы дыябэт. За кратамі ў яго зьявіліся ўскладненьні празь нерэгулярны прыём лекаў і брак належнай апрацоўкі ранаў.

«На нагах у яго ранкі, якія трэба пастаянна апрацоўваць антысэптыкам і перавязваць. А яму не заўсёды апрацоўваюць. Гэта рызыка сэпсісу, разьвіцьця гангрэны. Для загойваньня ранак трэба лекі, якія даюць па рэцэптах, а рэцэпты не выпісваюць. Калі быў суд, 3 лістапада яму выклікалі хуткую дапамогу. Алегу памералі тэмпэратуру, зрабілі перавязку, але нават не апрацавалі раны. Пасьля перад прысудам у яго ўзялі нейкія аналізы. Таму вельмі непакоіць стан ягонага здароўя», — кажа суразмоўца.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, акрамя штрафу ў 1 тысячу базавых (на гэты момант базавая велічыня складае 45 беларускіх рублёў, г. зн. у эквіваленце гэта прыкладна 15 тысяч даляраў), з Алега Ларычава і Сямёна Малашэнкава суд хоча спагнаць больш за 70 тысяч рублёў, якія яны нібыта атрымалі ў якасьці «грантаў ад несяброўскіх краінаў». Падчас сьледзтва гэтых грошай не знайшлі, аднак рашэньне усё адно вынесьлі.

​
XS
SM
MD
LG