Эўразьвяз увёў новыя санкцыі, яны закранулі Wildberries і порт Усьць-Луга

Вярхоўная прадстаўніца Эўрапейскага зьвязу Кая Калас

Эўразьвяз прыняў новы пакет санкцый супраць Расеі. Зь Беларусьсю пашырэньне абмежаваньняў наўпрост не зьвязанае, але ўскосна тычыцца яе.

Новыя абмежаваньні прынятыя з улікам Рэглямэнту № 269/2014 ад 17 сакавіка 2014 году, які гаворыць пра абмежавальныя захады ў сувязі зь дзеяньнямі, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны.

Гэтым разам да санкцыйнага сьпісу дадалі 12 фізычных і 101 юрыдычную асобу, пераважна з Расеі.

У санкцыйны пералік унесьлі 49 банкаў і іншых крэдытных арганізацый, у тым ліку плацёжны сэрвіс «ЮMoney» і банк «Юністрым», які кіруе аднайменнай сыстэмай грашовых пераказаў і знаходзіцца пад санкцыямі ЗША з 2023 году.

У пералік трапілі заснавальніца Wildberries Тацяна Кім і найбуйнейшы акцыянэр Ozon Аляксандар Чачава, якому належыць 34,95% акцый рынкавай пляцоўкі.

Акрамя таго, пад эўрапейскія санкцыі цяпер трапляюць сыстэмы звадкаваньня і перапрацоўкі газу, што працуюць ў спэцыяльнай эканамічнай зоне «Усьць-Луга», зьвязанай з портам, празь які беларускія дзяржаўныя кампаніі цяпер перавальваюць свае тавары.

У пералік уключылі й сем расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў, а таксама Пецярбурскі нафтавы тэрмінал. Яны зазнаюць рэгулярных удараў украінскіх войскаў, якія імкнуцца зьменшысьць пастаўкі паліва расейскім жаўнерам на фронт ува Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каму належыць беларускі Wildberries. Новы прысуд па справе «Гаюна». Лукашэнка прызначыць акадэмікаў. Відэанавіны 20 кастрычніка

Уплыў на Беларусь

Якраз з украінскімі абстрэламі, зробленымі ў адказ на няспынныя атакі на цывільныя ўстановы і жылыя дамы Ўкраіны, зьвязаныя апошнія навіны пляцоўкі Wildberries. Тая моцна пацярпела ад украінскіх адказаў. Украінскі бок сьцьвярджаў, што праз плятформу расейцы перадаюць у тым ліку складнікі для зброі. Сама плятформа гэтага не запярэчвала, адкрыта разьмяшчаючы на сваіх старонках у сеціве катэгорыю тавараў «усё для СВА» («спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», як Крэмль называе вайну супраць Украіны — заўв. Свабоды). Пасьля ўкраінскіх атак катэгорыю прынялі з старонкі, але ўкраінскае вайсковае камандаваньне сьцьвярджала, што прасоўваць такія тавары не перасталі.

Беларускія кампаніі, чые тавары пацярпелі на складах у Расеі, зьвярнуліся ў Міністэрства эканомікі па дапамогу ў атрыманьні кампэнсацый. Перад ударамі Wildberries зьмяніў умовы ўтрыманьня тавараў і адмовіўся ад адказнасьці за захаванасьць тавараў.

У Менскім зьвязе прадпрымальнікаў і працадаўцаў страты ацанілі як «вельмі істотныя для беларускай эканомікі». Расейскія гандлёвыя пляцоўкі Wildberries і Ozon займаюць амаль палову рынку электроннага гандлю Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

22 тысячы прадаўцоў і абарот на 3,9 мільярда: Як атакі на Wildberries закранулі беларусаў

Порт ува Усьць-Лузе неаднаразова зазнаваў украінскіх атак. Апошняя зь іх адбылася якраз 16 лістапада. Згарэлі сама меней 5 рэзэрвуараў з нафтапрадуктамі, а побач зь іншымі на спадарожнікавых здымках можна пабачыць пену для тушэньня пажару.

Пасьля накладаньня санкцыяў на Беларусь Усьць-Луга стала асноўным портам для беларускага экспарту нафтапрадуктаў і мінэральных угнаеньняў. 19 лютага 2021 году ўрады Беларусі і Расеі падпісалі пагадненьне аб транспартаваньні нафтапрадуктаў праз гэты порт адразу на тры гады.

Агулам беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць 20 расейскіх партоў для паставак сваёй прадукцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна атакавала Крымскі мост, нафтабазу ў Растоўскай вобласьці Расеі, у порце Усьць-Луга зьнішчылі 5 рэзэрвуараў з нафтапрадуктамі