Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства эканомікі зладзіла сустрэчу з прадпрымальнікамі, якія зазналі стратаў пры атаках на склады Wildberries

Пажар на складзе Wildberries пад Разаньню пасьля магутнага ўкраінскага ўдару, ліпень 2026
Пажар на складзе Wildberries пад Разаньню пасьля магутнага ўкраінскага ўдару, ліпень 2026

У пятніцу, 18 верасьня, у Міністэрстве эканомікі адбылася сустрэча з бізнэсоўцамі, чые таварныя запасы пацярпелі ў выніку пажараў на складах Wildberries на тэрыторыі Расеі.

Пра сустрэчу расказалі ў прэс-службе ведамства.

У паведамленьні, якое выйшла па выніках сустрэчы, напісана, што па выніках абмеркаваньня і наступнай працы над гэтым пытаньнем урад супольна з ТАА «ІМВБРБ» (юрыдычная асоба рынкавай пляцоўкі Wildberries у Беларусі) выпрацаваў падыходы па мерах падтрымкі беларускага прадпрымальніцтва.

Пры звароце ў ТАА «ІМВБРБ» прадаўцам будуць даваць падтрымку з улікам гэтага альгарытму. Дапамагаць плянуюць у асабістым парадку, абапіраючыся на спэцыфіку страчаных тавараў.

Раней выданьне Office Life паведамляла, што беларускія кампаніі, чые тавары пацярпелі на складах у Расеі, зьвярнуліся ў Міністэрства эканомікі па дапамогу ў атрыманьні кампэнсацый. Перад ударамі Wildberries зьмяніў умовы ўтрыманьня тавараў і адмовіўся ад адказнасьці за захаванасьць тавараў.

У Менскім зьвязе прадпрымальнікаў і працадаўцаў страты ацанілі як «вельмі істотныя для беларускай эканомікі».

Прадстаўнікі Wildberries сьпярша заяўлялі, што юрыдычнага абавязку выплачваць кампэнсацыі ня маюць, але працуюць над пытаньнем з выплатамі. Аб першых такіх выплатах стала вядома яшчэ 23 ліпеня, пазьней пералічылі й другі транш. У кастрычніку анансуюць трэцюю хвалю выплат.

Пры гэтым, колькі беларускіх прадпрымальнікаў патрапілі ў гэтыя сьпісы і якія сумы атрымалі, невядома.

Што папярэднічала

Улетку ўкраінскія сілы нанесьлі сэрыю разбуральных удараў па шэрагу складаў пляцоўкі Wildberries. У пажарах загінулі тоны тавараў дробных і буйных прадпрымальнікаў, якія карысталіся паслугамі гэтай расейскай кампаніі.

Расейскія гандлёвыя пляцоўкі Wildberries і Ozon займаюць амаль палову рынку электроннага гандлю Беларусі. На WB прыпадае траціна ўсіх продажаў беларускіх тавараў праз маркетплэйсы. Продажы беларускіх прадаўцоў праз Wildberries летась былі на суму 3,9 мільярда рублёў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Wildberries выкарыстоўваецца для паставак тавараў расейскім вайскоўцам, у тым ліку кампанэнтаў, якія могуць прымяняцца ў ваенных мэтах.

Сама кампанія адкрыта разьмяшчала на сваіх старонках у сеціве тавары ў разьдзеле «ўсё для СВА». Пасьля ўкраінскіх абстрэлаў пляцоўка прыбрала гэты разьдзел, але не адмовілася ад апэрацый з такімі таварамі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG