22 ліпеня пасьля атакі бесьпілётнікаў загарэліся склады Wildberries на поўдні Расеі: у гарадах Краснадар і Нявіннамыск. Пра гэта паведамляюць маніторынгавыя і мясцовыя тэлеграм-каналы. Пра страты інфармацыі пакуль няма.
Раней, 18 ліпеня, пад удар трапілі два буйныя склады Wildberries у расейскіх гарадах Электрасталь (Падмаскоўе) і Катоўск (Тамбоўская вобласьць). Іх агульная плошча 468 тысяч квадратных мэтраў, значная частка тавараў зьнішчаная. Гэта найбуйнейшыя хабы папулярнай гандлёвай пляцоўкі. Украінскі бок патлумачыў, што ўдар нанесьлі, бо лягістычныя цэнтры «залучаныя агрэсарам у забесьпячэньне паставак падсанкцыйных складнікаў для вытворчасьці дронаў і навігацыйнага абсталяваньня».
Wildberries — папулярны маркетплэйс і ў Беларусі, прадпрымальнікі прадаюць там свае тавары, а беларускія пакупнікі набываюць. Глядзім, наколькі гэтая атака можа паўплываць на Беларусь.
Як зьвязаныя Wildberries і Беларусь
Расейскія гандлёвыя пляцоўкі Wildberries і «Озон» займаюць амаль палову рынку электроннага гандлю Беларусі. На WB прыпадае траціна ўсіх продажаў беларускіх тавараў праз маркетплэйсы. Продажы беларускіх прадаўцоў праз Wildberries летась былі на суму 3,9 мільярда рублёў.
Свае тавары праз WB прадаюць 22 тысячы прадаўцоў з Беларусі. Гэта тэкстыль, тавары для дому, дзіцячае харчаваньне, адзеньне, ручныя вырабы і шмат чаго іншага. Сёлета ў траўні Беларусь наведала заснавальніца маркетплэйсу Тацьцяна Кім. Яна сустрэлася з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыном і наведала будоўлю новага складу WB на 140 тысяч кв. м. у Вялікім Камені пад Менскам.
Праз атаку на склады ўжо пацярпелі беларускія прадаўцы, тавар якіх страчаны. Рэч у тым, што WB у пачатку ліпеня зьмяніў правіла афэрты: вызваліў сябе ад адказнасьці за зьнішчаныя ці пашкоджаныя ў выніку баявых дзеяньняў, атак БПЛА, выбухаў і абстрэлаў тавары.
Напрыклад, прадстаўнікі беларускага брэнду касмэтыкі Modum паведамілі ў сацыяльных сетках, што траціну сваёй прадукцыі захоўвалі на складах WB, якія пацярпелі ў выніку ўкраінскай атакі. Пазьней гэтую ж інфармацыю пацьвердзілі ў СМІ.
Беларуская прадпрымальніца, якая займаецца касмэтыкай, расказала ў сацыяльных сетках, што яе тавар таксама згарэў на складзе падчас атакі. Карткі тавару проста зьнялі з маркетплэйсу.
Атака закранула таксама беларускіх вытворцаў шпалераў Berueco. Яны папярэдзілі сваіх пакупнікоў у сацыяльных сетках пра магчымыя затрымкі.
У тэматычных чатах беларускія прадаўцы, якія супрацоўнічаюць з WB, пішуць пра страты на дзясяткі тысяч рублёў. Некаторыя спадзяюцца, што такая буйная гандлёвая пляцоўка знойдзе выйсьце: панізіць камісійны збор для прадаўцоў ці ўвядзе іншыя бонусы. А некаторыя проста імкнуцца як мага хутчэй распрадаць свой тавар.
Пакупнікі ж ў сваіх сацыяльных сетках пакуль расказваюць пераважна пра затрымку дастаўкі на некалькі дзён, бо такія паведамленьні яны атрымліваюць ад тэхнічнай падтрымкі маркетплэйсу. Зрэдку людзі кажуць, што адмовіліся ад WB і замаўляюць тавары на іншых пляцоўках.
«Ствараць альтэрнатыву WB у Беларусі доўга і дорага»
Расейскі эканаміст, кандыдат навук Мікалай Кульбака ў размове з Свабодай сказаў, што разьлічваць на хуткую кампэнсацыя стратаў прадаўцам ня варта. На думку суразмоўцы, такая кампэнсацыя можа быць, калі, напрыклад, на ёй будуць настойваць улады.
«Пакуль не ідзецца пра сур’ёзную кампэнсацыю. Пакуль тое, што агучыла Тацьцяна Кім, выглядае хутчэй так: мы дамо вам ільготы, мы дамо вам зьніжкі, зробім пэўныя паслабленьні ў выплатах. Але гэта, груба кажучы, азначае, што ў будучыні вы зможаце крыху больш зарабіць ад продажаў праз нашы склады, нашу інфраструктуру. Аднак простыя грашовыя кампэнсацыі, я думаю, калі і будуць, то вельмі нязначныя. Бо, па-першае, такога досьведу фактычна няма, а па-другое, для гэтага патрэбны быў бы вельмі сурʼёзны ціск на яе з боку ўраду, з боку кіраўніцтва краіны. Гэта значыць, што павінна адбыцца сапраўды знакавая гісторыя, пасьля якой ёй могуць сказаць: маўляў, заплаціце, падзяліцеся і гэтак далей. Пакуль жа гэтая сытуацыя не выглядае настолькі маштабнай, каб дзеля яе залучаць такую цяжкую артылерыю», — кажа суразмоўца.
Таксама эканаміст зьвяртае ўвагу, што стварыць альтэрнатыву такім гігантам, як WB і Ozon у Беларусі хутка ня ўдасца, бо гэта вялікія грошы і шмат часу.
«Замяніць гэтыя каналы — гэта значыць стварыць побач яшчэ адзін Ozon або яшчэ адзін Wildberries. Тэарэтычна гэта магчыма, але гэта доўга, дорага і вельмі складана. Ва ўмовах вонкавых абмежаваньняў, скарачэньня рынку і санкцыяў гэта выглядае вельмі малаімаверным.
Разумееце, галоўная перавага Wildberries і Ozon у тым, што яны ахопліваюць фактычна ўвесь рынак. Прадавец празь іх атрымлівае доступ ня толькі да ўсяго расейскага рынку, але і да рынкаў краін СНД. А пакупнік можа знайсьці і набыць тое, чаго ў звычайных офлайн-крамах побач з домам ён, хутчэй за ўсё, ніколі ня ўбачыць. Менавіта таму гэтая сыстэма настолькі выгадная. Яна фактычна кампэнсуе недастатковую разьвітасьць традыцыйнай гандлёвай сеткі ў нашых краінах», — адзначае эканаміст.
У Беларусі спрабавалі зрабіць свой маркетплэйс празь «Белпошту», але ён ня стаў папулярным. Апроч самых папулярных у Беларусі расейскіх пляцовак Wildberries і Ozon, беларускія пакупнікі працягваюць карыстацца AliExpress і лякальнымі сэрвісамі. Найбуйнейшы глябальны гулец Amazon цалкам перастаў працаваць у Беларусі пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Форум