«Выключаюць з жыцьця». Праваабаронцы БХК прааналізавалі, як цяпер у Беларусі змагаюцца з іншадумствам

Экспэртка Беларускага Хэльсынскага камітэту, экспэртка ў галіне міжнароднага права, кандыдат юрыдычных навук Кацярына Дзяйкала

Праваабаронцы Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК) ацанілі, як вырасла дыскрымінацыя ў беларускім грамадзтве пасьля падзей 2020 году.
  • Пасьля 2020 году ў Беларусі створаная сыстэма ня проста рэпрэсій супраць апанэнтаў рэжыму, але і маштабнай дыскрымінацыі ў адносінах да іншадумцаў і тых, каго рэжым палічыў такімі.
  • Таксама шмат людзей падвяргаюцца маргіналізацыі і выключэньню з грамадзкага жыцьця.
  • У гэтым удзельнічаюць дзяржаўныя органы, сілавыя структуры, сыстэма юстыцыі і шмат іншых дзяржаўных і ўстаноў, уключана з ВНУ і школамі.


Гэтак лічаць праваабаронцы з Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК), якія падрыхтавалі даклад пра сыстэмную палітычную дыскрымінацыю ў Беларусі.

У дакладзе яны прааналізавалі мэханізмы, маштаб і наступствы гэтай дыскрымінацыі, пра што 5 лістапада распавяла на анлайн-прэзэнтацыі экспэртка БХК Кацярына Дзяйкала.

«Вы ж усе разумееце»

Гэтыя словы невыпадкова вынесеныя ў пачатак назвы аналітычнага дакладу. Праваабаронца Кацярына Дзяйкала называе іх «нефармальным кодам», альбо ключом да разуменьня праблемы.

«Вы ж усе разумееце»,— даводзіцца чуць беларусам у міліцыі, судах, высокіх кабінэтах, а цяпер ужо і на працы. Чыноўнік ведае, якое рашэньне ад яго чакаецца зьверху, і гэтыя веды замяняюць яму прававую падставу. А звычайнаму чалавеку ўнушаюць, што так трэба, а інакш нельга. На гэтым у значнай ступені трымаецца сыстэма рэпрэсій у Беларусі. І гэта ж робіць яе вельмі лятэнтнай», — мяркуе праваабаронца.

Прычым, як лічыць Кацярына Дзяйкала, рэпрэсіўная сыстэма ў Беларусі пасьля падзей 2020 году набыла новыя прыкметы.

«Калі раней рэпрэсавалі мэтанакіравана тых, хто выяўляў адкрыта сваю апазыцыйнасьць, дык цяпер дайшло да таго, што падставай для рэпрэсій становяцца па сутнасьці нармальныя, законныя паводзіны», — адзначыла Кацярына Дзяйкала.

Паводле праваабаронцы, у сёньняшняй Беларусі рэпрэсіям надаецца выгляд законнасьці, хоць па-сутнасьці парушаюцца Канстытуцыя і міжнародныя абавязацельствы, падпісаным краінай.

«Тыповы прыклад — калі караюць за сувязь з „экстрэмісцкім фармаваньнем“. З меркаваньня, што чалавек з падпіскай на апазыцыйны рэсурс сам зьяўляецца апазыцыянэрам. Але ў лік нядобранадзейных цяпер могуць запісаць і за прыналежнасьць да польскай меншасьці, нават за паездкі ў „несяброўскія краіны“, а тым больш за наяўнасьць замежнага ВНЖ», — адзначаюць аўтары дакладу БХК.

Дыскрымінацыя паводле палітычных поглядаў

Дынаміка становішча з правамі чалавека ў Беларусі вельмі нэгатыўная, яно стабільна пагаршаецца, адзначаюць праваабаронцы БХК. Пры гэтым яны высьветлілі, што за мінулыя шэсьць гадоў дзяржава навязвае беларускаму грамадзтву якасна новую зьяву — сыстэмную дыскрымінацыю па прыкмеце палітычных поглядаў.

Для вымярэньня становішча яны выкарысталі «Нацыянальны індэкс правоў чалавека», які вылічаецца па 18 пазыцыях — гэта як палітычныя і грамадзянскія правы, гэтак і сацыяльныя ды ў галіне культуры. Летась экспэрты «Нацыянальнага індэксу правоў чалавека» ацанілі кампанэнт «Роўнасьць і недыскрымінацыя» на 2,1 бала з максымальных 10. Праваабаронцы заўважаюць, што ў 2019 годзе, калі рэпрэсіі супраць апанэнтаў рэжыму былі вядомым фактам, паказчык «Роўнасьць і недыскрымінацыя» быў амаль удвая большы — 3,6.

«Няроўнае стаўленьне, абмежаваньне ў правах на падставе рэальнай ці меркаванай палітычнай пазыцыі чалавека даўно выйшлі за межы свабоды выказваньня меркаваньняў, свабоды сходаў і асацыяцый альбо права нязгодных з дзеяньнямі ўладаў удзельнічаць у дзяржаўных справах. Цяпер такая дыскрымінацыя сустракаецца ў адукацыі, ахове здароўя, рэалізацыі права на працу, у культурным жыцьці, сацыяльным забесьпячэньні і іншых сфэрах», — мяркуюць аўтары дакладу пра сыстэмную палітычную дыскрымінацыю ў Беларусі.

Праваабаронцы прыводзяць шмат доказаў сваім высновам. Адзін зь іх — што зьмянілася з 2020 году ў сфэры бізнэсу і фінансаў.

«Тут ужо нікога не зьдзіўляюць неадпаведныя штрафы, арышт і канфіскацыя маёмасьці, вымаганьне „добраахвотных ахвяраваньняў“ у тых, хто праявіў салідарнасьць з рэпрэсаванымі або з Украінай, разбурэньне бізнэсу, асаблівы кантроль фінансавых апэрацый і праблемы з рахункамі ў людзей з „экстрэмісцкім“ і „тэрарыстычным“ статусамі», — даводзяць аўтары дакладу «Вы ж усе разумееце».

«Мае прыкметы злачынства супраць чалавечнасьці»

Паводле праваабаронцаў рэпрэсіі ў Беларусі магчыма спыніць, ахвярам рэпрэсій выплаціць кампэнсацыю, вінаватых пакараць паводле справядлівага суду, а вось з наступствамі прававога дэфолту і сацыяльнай дыскрымінацыі разьбірацца давядзецца дзесяцігодзьдзямі.

«Пакуль немагчыма і прадказаць, які час і колькі сіл спатрэбіцца. І хто будзе пераадольваць гэтыя наступствы, дзе ўзяць тых адмыслоўцаў і судзьдзяў, якім давядзецца гэтую сыстэму мяняць? Студэнты, якіх цяпер вучаць на тых жа юрыдычных факультэтах, наўрад ці змогуць працаваць у сыстэме «пераходнага правасудзьдзя», — выказала ўласную думку Кацярына Дзяйкала, калі ацэньвала страты для грамадзтва, панесеныя ад шматгадовага панаваньня рэжыму Лукашэнкі.

Праваабаронца мяркуе, што рэпрэсіі супраць іншадумцаў і сыстэмная дыскрымінацыя грамадзянаў іншых палітычных поглядаў маюць прыкмету «злачынства супраць чалавечнасьці», што мусяць ведаць тыя, хто гэта робіць.

Пра адказнасьць на падставе міжнародных законаў давялі і аўтары дакладу БХД. Праваабаронцы спаслаліся на зьвесткі ад пракурора Міжнароднага крымінальнага суду, паводле якога сёлета ў сакавіку было завершанае папярэдняе вывучэньне зьвязаных з Беларусьсю дакумэнтаў, перададзеных у суд Літвой.

«Пракурор пацьвердзіў наяўнасьць разумных падстаў меркаваць, што ўлады зьдзяйсьняюць злачынныя дзеяньні ў дачыненьні да «сапраўдных або меркаваных праціўнікаў ураду» (у прыватнасьці, з дапамогай дэпартацыі), і паводзіны гэтыя зьяўляюцца часткай «шырокамаштабнага і сыстэматычнага нападу на грамадзянскае насельніцтва», — нагадалі аўтары дакладу БХК.

  • З рэзюмэ дакладу можна азнаёміцца тут.
  • Поўная вэрсія дакладу на 48 старонках тут.
  • Нацыянальны індэкс правоў чалавека ў Беларусі за 2025 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

7 палітзьняволеных жанчын у «Навінках», яшчэ 100 за кратамі. Пра што не раскажуць чыноўнікі ў «Год беларускай жанчыны»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Азаронкаўшчына ў Беларусі не ўспрымаецца». На канфэрэнцыі абмеркавалі, як будаваць краіну без дыскрымінацыі і мовы варожасьці

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Б’юць хворых і пажылых, б’юць сыстэмна і дзяжурна». Бяляцкі — пра арышты кнігавыдаўцоў