Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мяняюцца рэпрэсіі ў Беларусі — тлумачэньне юрысткі Кацярыны Дзяйкалы


Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі, Вільня, 21 траўня 2024
Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі, Вільня, 21 траўня 2024

Сьцісла

  • Палітычныя рэпрэсіі можна падзяліць на тры сфэры — крымінальны перасьлед, супрацьпраўныя практыкі (уключна з крымінальным пераследам), рэпрэсіўнае заканадаўства.
  • Збор інфармацыі аб крымінальным перасьледзе ўскладніўся летась, таму леташнія дадзеныя несувымерныя з папярэднімі, яны атрыманыя рознымі спосабамі і сталі менш дакладнымі.
  • Летась узмацніліся некрымінальныя формы рэпрэсіяў, у прыватнасьці, пашырылася сфэра палітычных забаронаў на прафэсіі.
  • Ня ўсе асобы, якія зазналі палітычны перасьлед, прызнаюцца праваабарончай супольнасьцю палітвязьнямі. Гэты статус не атрымліваюць асуджаныя да «хатняй хіміі».

Нельга казаць пра зьніжэньне ўзроўню рэпрэсіяў у Беларусі, рэпрэсіі ў адных сфэрах могуць зьніжацца, але ў іншых яны ўзмацняюцца — кажа кандыдатка юрыдычных навук, экспэртка ў міжнародным праве Кацярына Дзяйкала.

Як вымерыць узровень репрэсіяў?

— Палітычны аналітык Рудкоўскі выказаў гіпотэзу, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі крыху зьнізіліся. Ён апэруе лічбамі «Вясны». Колькасьць палітычна матываваных прысудаў: у 2024 годзе — 1721, а ў 2025-м — 1254. Колькасьць прысудаў, зьвязаных з пазбаўленьнем волі: у 2024 годзе — 500, у 2025 годзе — 306. Хіба гэта не пацьвярджае зьніжэньне ўзроўню рэпрэсіяў?

Кацярына Дзяйкала
Кацярына Дзяйкала

— Шэраг экспэртаў зараз гавораць аб зьніжэньні ўзроўню рэпрэсіяў. Тое, пра што піша Рудкоўскі, гэта толькі адвольны крымінальны перасьлед. Гэта толькі адна з формаў рэпрэсіяў.

У пачатку 2025 года праваабарончая супольнасьць распрацавала дакумэнт, у якім вызначаюцца крытэры рэпрэсіяў. Ён дае пералік мераў, якія дзяржава мусіць альбо спыніць, альбо адмяніць для таго, каб мы маглі казаць пра зьніжэньне рэпрэсіяў. Гэтыя крытэры дазваляюць адсочваць узровень рэпрэсіяў, у тым ліку і міжнародным партнэрам.

Гэты дакумэнт не публічны, але ён быў практычна цалкам інтэграваны ў «дарожную мапу» абмежаванай дээскаляцыі, якую мы разам з Арцёмам Шрайбманам, Зьмітром Крукам і Андрэем Бушылам распрацавалі таксама летась.

Рэпрэсіі ў Беларусі можна ўмоўна і груба падзяліць на тры вялікія сфэры. Адна — гэта сама наяўнасьць палітвязьняў людзей, пазбаўленых волі па палітычных матывах.

Другая — гэта супрацьпраўныя практыкі, якія выкарыстоўваюцца як у адносінах да тых, хто знаходзіцца ў зьняволеньні, гэтак і ў дачыненьні да шырокага кола асобаў на волі. Акрамя крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу гэта і ціск на працоўных месцах, і ціск пры перасячэньні мяжы, і ціск на асобаў з замежным ВНЖ і грамадзянствам як мінімум.

І трэцяя сфэра — гэта заканадаўства, рэпрэсіўнае заканадаўства, якое ўвесь час пашыраецца, паглыбляецца, якое фармалізуе рэпрэсіўныя практыкі і абгрунтоўвае новыя.

І калі Рудкоўскі піша аб зьніжэньні рэпрэсіяў, ён апэруе дадзенымі толькі аб адным сэгмэнце — аб крымінальным перасьледзе. Але гэтая сфэра не самадастатковая, яна зьвязаная зь іншымі сфэрамі.
У адной сфэры — у крымінальным перасьледзе — рэпрэсіі, дапусьцім, могуць зьніжацца (хоць мы не можам сьцьвярджаць гэтага, паколькі не валодаем дакладнымі дадзенымі), а ў іншых сфэрах — узрастаць.

Ня толькі палітвязьні — «нябачныя» рэпрэсіі

— А як мянялася летась становішча ў іншых сфэрах рэпрэсіяў?

— У 2024-2025 гадах пашыралася сфэра палітычных забаронаў на прафэсію. Пашырылася кола прафэсіяў, для занятку якімі ў якасьці фармальнага патрабаваньня на адпаведнасьць прафэсіі, для допуску да яе, патрабуецца фактычна палітычная ляяльнасьць. Імі ня могуць займацца асобы, у якіх ёсьць судзімасьці па палітычных крымінальных справах, і нават тыя, каго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2024 годзе гэтыя патрабаваньні распаўсюдзілі на пэдагогаў, турыстычных гідаў, у 2025 годзе дадалі аўдытараў, рыэлтараў, крызісных мэнэджараў, банкаўскіх работнікаў.

Гэта значыць, умоўна, крымінальных справаў завялі менш, але астатніх, каго хацелі пакараць, проста не прынялі на працу або звольнілі па палітычных матывах. Ці можна сказаць, што ўзровень рэпрэсіяў зьнізіўся?

У 2025 годзе ў два разы павялічылася колькасьць адміністрацыйных артыкулаў, паводле якіх калі людзі прыцягваюцца да адказнасьці, іх сям'і можна надаць статус такой, якая знаходзіцца ў «сацыяльна небясьпечным становішчы» (СНС). І гэта вядомая прылада і форма рэпрэсіўнага ціску. Раней такіх артыкулаў было 6, зараз стала 12. І дадалі якраз артыкулы, па якіх чыніцца палітычны перасьлед. І мы не ведаем, колькі людзей ад гэтага пацерпіць.

Цяпер у першым чытаньні разгледжаны законапраект, які прапануе абавязковую дактыляскапію беларускіх грамадзян з замежным ВНЖ, у тым ліку пры замене дакумэнтаў. Гэтае абсалютнае ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё, дыскрымінацыя на падставе наяўнасьці сувязі з замежнай дзяржавай.

Таму некарэктна рабіць выснову аб зьніжэньні рэпрэсіяў толькі на падставе зьвестак аб крымінальным перасьледзе.

Вядома, крымінальны перасьлед — гэта самыя цяжкія па наступствах рэпрэсіі. Чалавек трапляе ў месца пазбаўленьня волі, дзе ён зазнае дадатковае жорсткае абыходжаньне.

Але трэба разумець, што лічбы, апублікаваныя «Вясной», — зараз вельмі прыблізныя.

З пачатку 2025 года быў закрыты доступ да электроннага раскладу паседжаньняў судоў, і «Вясна» у сваіх справаздачах падкрэсьлівала ўплыў гэтага фактару на статыстыку. Так, па дадзеных «Вясны», у 2024 годзе былі асуджаныя па палітычных матывах 1721 чалавек, у 2025 — 1254. Але «Вясна» цалкам справядліва адзначае, што гэтыя лічбы непараўнальныя, таму што яны атрыманыя ў розных умовах. Пасьля зьмены ўмоваў атрыманьня зьвестак збор інфармацыі стаў і больш складаным, і менш дакладным.

— Летась назіраліся дзьве тэндэнцыі.

1. Сьледчыя ціснулі на сваякоў асуджаных па палітычных матывах, каб тыя не паведамлялі праваабаронцам пра справы іх родных.

2. Адваротная тэндэнцыя — сваякі асуджаных «за палітыку», якія раней не паведамлялі пра справы сваіх родных, цяпер паведамляюць, каб іх сваякі-вязьні патрапілі пад «трампаўскія» памілаваньні.

Ці можна ацаніць маштабы абедзьвюх тэндэнцыяў?

— Я не магу якасна ацаніць маштабы гэтых тэндэнцый, бо не маю дастаткова інфармацыі. Другая тэндэнцыя сапраўды ўзьнікла летась, калі людзі ўбачылі, што статус палітвязьня можа быць карысным у сувязі з перамовамі Лукашэнкі з амэрыканцамі і памілаваньнямі ў межах гэтых перамоваў. Гэтае зусім зразумелае жаданьне сваякоў выратаваць свайго блізкага чалавека, вызваліць яго з турмы. І пакуль палітыка памілаваньняў будзе працягвацца, гэтая тэндэнцыя хутчэй за ўсё будзе мець месца. Але гэта, зноў жа, не азначае, што ціск на людзей зьмяншаецца.

Не ўсіх асуджаных «за палітыку» прызнаюць палітвязьнямі

— Паводле справаздачы «Вясны» у 2025 годзе 1254 чалавек пацярпелі ад палітычнага перасьледу ў Беларусі. Пры гэтым 509 былі прызнаныя палітвязьнямі. Чаму колькасьць пацярпелых ад палітычнага перасьледу летась больш чым удвая перавышала колькасьць асобаў, прызнаных новымі палітвязьнямі?

— Ёсьць розныя лічбы. Людзі, якія зазнаюць адвольны крымінальны перасьлед, — адна лічба. Зь іх людзі, якія былі асуджаныя, — іншая лічба. Зь іх людзі, якія аказваюцца ў месцах пазбаўленьня волі (бо можа быць прысуджаная так званая «хатняя хімія») — трэцяя лічба. І зь іх тыя, каго прызнаюць палітвязьнямі, — чацьвёртая лічба. І ўсё гэта — розныя лічбы. Дакладна мы ведаем толькі колькасьць прызнаных праваабаронцамі палітвязьняў. Астатнія — гэта прыблізныя лічбы.

Колькасьць людзей, якія перасьледуюцца «за палітыку», ня роўная колькасьці палітвязьняў. Не ўсе, хто апынуўся ў месцах несвабоды «за палітыку», прызнаюцца палітвязьнямі, нават пра якіх вядома. Гэта не аўтаматычнае дзеяньне. То бок, чалавек, які перасьледуецца па палітычных матывах, не аўтаматычна прызнаецца палітвязьнем. Ёсьць шмат розных фактараў, у тым ліку страх сваякоў і адсутнасьць інфармацыі.

Ёсьць крытэры прызнаньня палітвязьнямі, якімі кіруецца кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый, яны заснаваныя на міжнародных стандартах. У тым ліку паводле нашых крытэраў палітвязьнямі прызнаюцца толькі асобы, пазбаўленыя волі. Тыя, каму прысуджаюць «хатнюю хімію», палітвязьнямі не прызнаюцца, хаця яны таксама асуджаныя, яны таксама — ахвяры палітычна матываванага крымінальнага перасьледу.

Ізноў пра «плято рэпрэсіяў»

— Я памятаю вашу спрэчку з Генадзем Коршунавым у пачатку 2024 года аб «плято рэпрэсіяў». Вы не згаджаліся зь яго тэзай аб «плято», ды і ён сам тады не стаў настойваць на сваім пункце гледжаньня. Але графік колькасьці палітвязьняў паказвае, што пік прыпаў на вясну 2023 года (1496 чалавек), затым назіралася павольнае зьніжэньне, 16 студзеня 2026 году іх было 1146 на 350 менш, чым на піку. Дык можа быць, Генадзь меў рацыю ў сваёй тэзе аб «плято»?

— Гэтыя лічбы адлюстроўваюць дынаміку колькасьці палітвязьняў, прызнаных такімі праваабаронцамі. Яны абазначаюць роўна гэта і толькі гэта — колькі чалавек з тых, хто пазбаўлены волі па палітычных матывах, атрымалі статус палітвязьня. Ускосна колькасьць палітвязьняў, вядома, сьведчыць аб агульным рэпрэсіўным фоне і маштабах адвольнага крымінальнага перасьледу. Скажам 100 ці 1100 — гэта паказальная розьніца. Але такое зьніжэньне на некалькі сотняў чалавек дакладна не можа казаць, на мой погляд, нават пра тое, што крымінальны перасьлед па палітычных матывах зьніжаецца (бо ён шырэй, чым наяўнасьць палітвязьняў).

Выключна колькасьцю палітвязьняў некарэктна вымяраць узровень і інтэнсіўнасьць рэпрэсіяў. Я разумею, што гэтыя лічбы, якія дае «Вясна» ,— практычныя адзіныя лічбы пра рэпрэсіі, і зь імі пачынаюць гуляць і на іх арыентавацца. І гэта натуральна і вельмі важна. Але калі мы робім высновы аб «зьніжэньні рэпрэсіяў», лепш усё ж рабіць дакладныя агаворкі — «згодна з вядомымі на сёньня дадзенымі, палітычна матываваны крымінальны перасьлед выглядае так і так». Гэта нашмат больш карэктна, чым «рэпрэсіі зьніжаюцца», таму што пакуль комплексная карціна сьведчыць аб тым, што сытуацыя стабільна цяжкая.


  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG