Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 палітзьняволеных жанчын у «Навінках», яшчэ 100 за кратамі. Пра што не раскажуць чыноўнікі ў «Год беларускай жанчыны»

Зьняволеныя жанчыны ў Гомельскай калёніі. Архіўнае фота
Зьняволеныя жанчыны ў Гомельскай калёніі. Архіўнае фота
Слухаць
10 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

У Варшаве у межах канфэрэнцыі АБСЭ аб чалавечым вымярэньні прайшла дыскусія «Дыскрымінацыя жанчын у Беларусі ў „Год беларускай жанчыны“». Расказваем, пра што там гаварылі.

Паводле беларускіх праваабаронцаў, зараз толькі ў гомельскай жаночай турме трымаюць каля 1,5 тысячы жанчын, зь іх прыкладна 100 знаходзяцца там з палітычных прычынаў. Яшчэ 7 беларускіх жанчын зараз на прымусовым псыхіятрычным лячэньні — бяз доступу адвакатаў і без абмежаваньня тэрміну. Такія зьвесткі агучылі праваабаронцы на дыскусіі «Дыскрымінацыя жанчын у Беларусі ў „Год беларускай жанчыны“», якая прайшла ў межах варшаўскай канфэрэнцыі Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ) аб чалавечым вымярэньні.

Фармальныя працэдуры

Улады Беларусі абвесьцілі 2026 год «Годам беларускай жанчыны», але папраўдзе гэта толькі шырма, а рэальныя патрэбы жанчын дзяржава ігнаруе, расказала праваабаронца фундацыі WeWiem Наста Базар.

«„Год жанчыны“ — гучыць іранічна і насьмешліва. У жанчын у Беларусі ёсьць правы, але здабыць іх можна толькі тады, калі жанчына сама пройдзе суд, выканаўчае вядзеньне і яшчэ некалькі ведамстваў. Суд можа прыняць рашэньне, але гэта не азначае, што можна чакаць станоўчых вынікаў. Калі жанчына зьехала, да праблем дадаюцца межы і міграцыйная залежнасьць», — мяркуе Наста Базар.

Паводле яе, летась WeWiem правяла 1,5 тысячы кансультацыяў для жанчын, сёлета ўжо больш за тысячу. Жанчыны пераважна зьвяртаюцца з пытаньнямі алімэнтаў, вызначэньня бацькоўства, месца жыхарства дзіцяці, пазбаўленьня бацькоўскіх правоў, разьдзелу маёмасьці. Прыкладна 70 тысяч сем’яў у Беларусі сутыкаюцца зь нявыплатай алімэнтаў, расказала Базар.

Дыскусія “Дыскрымінацыя жанчын у Беларусі ў „Год беларускай жанчыны“. Наста Базар, Наста Лойка, Дар'я Дабравольская
Дыскусія “Дыскрымінацыя жанчын у Беларусі ў „Год беларускай жанчыны“. Наста Базар, Наста Лойка, Дар'я Дабравольская

«Калі ў 2024 годзе пытаньні алімэнтаў складалі 27%, то ў 2026-м — гэта ўжо дзьве траціны запытаў, 65%. Самае цяжкае — не дабіцца рашэньня суду, а дамагчыся, каб яно працавала. Бацька плаціць у лепшым выпадку базавы мінімум (каля 20 эўра ў эквіваленце), і на гэтым ягоны ўздел у выхаваньні дзіцяці сканчаецца», — сьцьвярджае Наста Базар.

Паводле яе, яшчэ адна з актуальных праблемаў — тое, што алімэнты ў Беларусі выплачваюць на дзіця да 18 гадоў. У Польшчы і Нямеччыне, да прыкладу, алімэнты выплачваюць да часу, калі дзіця атрымае адукацыю. Ва Ўкраіне — да 23 гадоў.

«Жанчыны ня просяць прывілеяў, а просяць толькі, каб іх правы выконваліся», — перакананая Наста Базар.

Першае месца ў Эўропе

Юрыстка праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill, імя якой не публікуецца дзеля бясьпекі, на дыскусіі прэзэнтавала даклад аб дыскрымінацыі беларускіх жанчын у месцах зьняволеньня.

Паводле зьвестак на 2026 год, Беларусь займае першае месца ў Эўропе ў адноснай колькасьці зьняволеных жанчын: 10,8% ад агульнай колькасьці вязьняў (у іншых эўрапейскіх краінах 5–6%). У суседніх Літве і Польшчы гэты паказьнік складае 4,5–5%, а ў Грузіі увогуле каля 1%.

Жылая зона ў гомельскай жаночай калёніі, архіўнае фота
Жылая зона ў гомельскай жаночай калёніі, архіўнае фота

Пасьля 2020 году праваабаронцы сталі актыўна выкарыстоўваць такі мэханізм, як скаргі ў Камітэт ААН у ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын (КЛДЖ). Зь іх дапамогай яны спрабуюць спыніць дыскрымінацыю, кажа юрыстка.

«Пасьля таго як Рэспубліка Беларусь у 2023 годзе заблякавала доступ у Камітэт правоў чалавека ААН, дэнансаваўшы Факультатыўны пратакол (Першы факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які дае грамадзянам права на індывідуальныя скаргі ў Камітэт. — РС), — гэта адзіны спосаб для беларусак абараніць свае правы. За апошія два гады мы падалі 6 скаргаў у КЛДЖ, па чатырох скаргах мы прасілі прыняць часовыя захады, і яны былі прынятыя. Дарэчы, усе чатыры чалавекі пасьля нашых скаргаў у КЛДЖ былі вызваленыя», — паведаміла прадстаўніца Respect — Protect — Fulfill.

10 пракладак на месяц і душ раз на тыдзень

Юрыстка расказала, што арганізацыя Respect — Protect — Fulfill апытала шмат жанчын, якія прайшлі праз калёніі. Шэраг парушэньняў мае сыстэмны характар. Як сьведчаць праваабаронцы, да жанчын у беларускіх СІЗА і калёніях непаважліва ставяцца, іх паддаюць сэксуалізаванаму гвалту, іх надглядаюць ня толькі жанчыны — супрацоўніцы калёніі, але і мужчыны.

«Здараюцца пастаянныя асабістыя надгляды, калі безь неабходнасьці жанчын прымушаюць разьдзявацца дагала ў памяшканьні, дзе не зачыняюцца дзьверы. На апытаньнях жанчыны расказвалі, што іх прымушалі вымаць тампоны і пракладкі падчас мэнструацыі. Адна з рэспандэнтак расказала, што пры затрыманьні яе прымусілі разьдзецца, сфатаграфавалі ўсе татуяваньні і апублікавалі іх у тэлеграм-канале», — прыводзіць прыклады юрыстка.

Пастраеньне ў жаночай калёніі Гомля. Архіўнае фота
Пастраеньне ў жаночай калёніі Гомля. Архіўнае фота

Акрамя ўсяго гэтага, кажуць праваабаронцы, камэры ў калёніях і СІЗА часта абсталяваныя сыстэмамі відэаназіраньня, там няма прыватнасьці, а маніторынг вядуць мужчыны. Жанчынам выдаюць 10 пракладак на месяц. Душ — раз на тыдзень, працягласьцю 15 хвілін.

«Калі жанчына ў прызначаны на душ час адсутнічае, яна прапускае яго. Адна зьняволеная расказала, што месяц не змагла ніводнага разу трапіць у душ, бо яе вазілі на суды. Нават у новым СІЗА ў Калядзічах тыя ж праблемы. На 35 жаночых камэраў — адзін душ, і дазваляюць прыняць яго раз на тыдзень, 15 хвілін», — кажа юрыстка.

Адзначыла яна і катаваньні холадам ў камэрах, асабліва ў бэтонных памяшканьнях ШЫЗА; бесчалавечнае стаўленьне да цяжарных жанчын і да нядаўніх парадзіх ды іншыя праблемы. Адзіны дзейсны спосаб для людзей, якія знаходзяцца зараз у месцах несвабоды, — падача скаргаў у Камітэт ААН у ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын.

«У беларускім заканадаўстве няма паняцьця „дыскрымінацыя“. Унутры краіны правы на абарону не працуюць, скаргі ў калёніі або немагчыма напісаць, бо жанчыны знаходзяцца ў ШЫЗА, у рэжыме інкамунікада, або скаргі праходзяць цэнзуру, або сваякі баяцца. Таму трэба зьвяртацца ў КЛДЖ», — раіць юрыстка Respect — Protect — Fulfill.

«Самая цяжкая тэма ў зьняволеньні — гэта этапаваньне»

Праваабаронца, сузаснавальніца Human Constanta і былая палітзьняволеная Наста Лойка за час увязьненьня правяла 96 дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна ў Менску. Яе трымалі 10 месяцаў у старым СІЗА на вуліцы Валадарскага, 10 дзён у новым СІЗА ў Калядзічах і больш за 2 гады ў жаночай гомельскай ПК-4. Зь іх 17 дзён у ШЫЗА і 6 месяцаў у ПКТ («памяшканьні камэрнага тыпу»).

Дакладнай лічбы жанчын, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, у агульным доступе няма, гэта закрытая інфармацыя, кажа Наста.

«На момант майго вызваленьня толькі ў гомельскай ПК-4 былі 1,5 тысячы жанчын. Гэта без уліку рэчыцкай ПК-24, шматлікіх СІЗА, лячэбна-працоўных прафілякторыяў. Мы ведаем, што зараз у Беларусі каля 100 палітзьняволеных жанчын, 7 зь іх трымаюць у закрытых псыхіятрычных лякарнях — бяз доступу адвакатаў. Іх тэрмін — бестэрміновы, яны будуць там знаходзіцца, пакуль псыхіятры не палічаць, што жанчыны вылечыліся», — кажа Наста.

Праваабаронца і былая палітзьняволеная Наста Лойка
Праваабаронца і былая палітзьняволеная Наста Лойка

Яна таксама адзначыла, што найцяжэйшая тэма ў зьняволеньні — гэта этапаваньне, калі ўвязьненых возяць на суды, у СІЗА, у калёнію.

«У маіх канвоях ніколі не было жанчын. Мужчыны надглядалі асабістыя рэчы, іх трэба было прасіць вывесьці мяне ў прыбіральню. Мы едзем у кайданках, там мэталічныя клеткі. Спрэс антысанітарыя, такое ўражаньне, што вагоны ніколі ня мыюць. Калі я працірала паліцу вільготнымі сурвэткамі, яны станавіліся чорнымі», — расказвае Лойка пра свой досьвед.

Погляд знутры: чатыры праблемы

Наста Лойка, якая пабачыла беларускую пэнітэнцыярную сыстэму знутры, зьвяртае ўвагу на чатыры асноўныя праблемы:

  • — «цела без прыватнасьці»: пэрсанал, які кантралюе жанчын, — у асноўным мужчыны; паўсюль відэакамэры;
  • — бесчалавечныя ўмовы ў ШЫЗА: «турма ў турме», няма матрацаў; пакараньне 15-дзённае, але яго пастаянна працягваюць; у штрафны ізалятар зьмяшчаюць без уліку ўзросту і стану здароўя;
  • — цяжкасьці для ўразьлівых людзей: няма безбар’ернага асяродзьдзя для асобаў з інваліднасьцю, паўсюль стромкія прыступкі; за трансгендэрнасьць пераводзяць на турэмны рэжым; за спробу суіцыду — у ШЫЗА;
  • — адсутнасьць праўнай абароны: за печыва на стале, глыток кавы або незашпілены гузік могуць пакараць, а спробы абскардзіць караюцца зьмяшчэньнем у ШЫЗА.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG