Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ААН зрабіў агляд парушэньняў правоў жанчын у Беларусі

Нілс Муйжніекс, архіўнае фота
Нілс Муйжніекс, архіўнае фота

Спэцыяльны дакладчык па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс падрыхтаваў даклад, прысьвечаны жанчынам.

Ён прыйшоў да высновы, што дыскрымінацыя жанчын у Беларусі мае структурны і сыстэмны характар. А злоўжываньне заканадаўствам спрыяе палітычна матываванаму перасьледу і абмежаваньню асноўных правоў.

Дзяржаўная палітыка і прапаганда так званых традыцыйных каштоўнасьцяў па-ранейшаму замацоўваюць дыскрымінацыйныя стэрэатыпы і абмяжоўваюць правы жанчын, а таксама іх раўнапраўны ўдзел у грамадзкім, палітычным і эканамічным жыцьці.

  • Толькі 4,3 % пасадаў у Кабінэце міністраў займаюць жанчыны (2025 год).
  • Заробак жанчын на 24–28% меншы, чым у мужчын.
  • Жанчыны робяць у 1,7 разу больш неаплатнай працы па вядзеньні хатняй гаспадаркі і доглядзе дзяцей, чым мужчыны.
  • Адпачынак па доглядзе дзяцей і неаплатны догляд блізкіх у значнай ступені ня ўлічваюцца ў пэнсійным стажы, што адбіваецца на пэнсіі (у 2025 годзе толькі ў 1 са 100 сем’яў адпачынак па доглядзе дзіцяці бралі бацькі).
  • Дагэтуль існуе сьпіс забароненых прафэсій для жанчын.
  • Станоўча выказвацца пра бязьдзетнасьць забаронена пад страхам адміністрацыйнага пакараньня.
  • Дагэтуль няма заканадаўства што да гендэрнага гвалту, а расьсьледаваньні выпадкаў сэксуальнага гвалту грунтуюцца пераважна на доказах ужываньня фізычнай сілы або аказаньня супраціву, а не на адсутнасьці свабодна выказанай згоды.
  • Баючыся, што дзяржава забярэ дзяцей зь сям’і, жанчыны замоўчваюць хатні гвалт.
  • Незалежная дапамога ахвярам хатняга гвалту значна скарацілася ў выніку ліквідацыі грамадзкіх арганізацый пасьля 2020 году, шмат якія паслугі не былі замененыя дзяржаўнымі структурамі.
  • Парушаюцца правы ЛГБТІК+ людзей.

Адбіваецца на жанчынах і кампанія палітычнага перасьледу

  • зьняволеньні паводле палітычных матываў,
  • звальненьні за палітычную пазыцыю,
  • пагрозы забраць дзяцей
  • ліквідацыя незалежных жаночых арганізацый,
  • крыміналізацыя звычайных формаў удзелу жанчынаў у грамадзкім жыцьці,
  • унясеньне ў чорныя сьпісы, якія абмяжоўваюць іхныя правы,
  • перасьлед адвакатак,
  • адсутнасьць рэабілітацыі вызваленых жанчын-палітвязьняў і прымусовае выгнаньне,
  • транснацыянальныя рэпрэсіі і перасьлед сваякоў.

Асобна ў дакладзе апісваюцца і ўмовы ўтрыманьня зьняволеных жанчын

  • неналежныя санітарныя ўмовы,
  • адсутнасьць прыватнасьці і відэаназіраньне за прыбіральнямі,
  • абмежаваньні ў сродках гігіены,

«Былыя зьняволеныя жанчыны распавядалі пра тое, што ім адмаўлялі ў выдачы станікаў, сподняй бялізны і гумак для валасоў, уводзілі жорсткія абмежаваньні на выкарыстаньне сродкаў мэнструальнай гігіены, абмяжоўвалі доступ да душавых і неаднаразова праводзілі зьневажальныя надгляды», — гаворыцца ў дакладзе.

  • адмовы ў мэдычнай дапамозе, у тым ліку цяжка хворым, сьмерці ў зьняволеньні,
  • жанчыны-палітвязьні ўтрымліваюцца ў горшых умовах, чым астатнія асуджаныя жанчыны,
  • яны вымушаны працаваць за мізэрны заробак і выконваць цяжкую працу — як фізычна, так і псыхалягічна (напрыклад, шыць адзеньне для сілавікоў)
  • некаторыя трапляюць у ізаляцыю, штрафныя ізалятары,

У 2025 годзе паводле крымінальных справаў былі асуджаныя ня менш за 1254 чалавекі, у тым ліку 355 жанчын. Напрыканцы жніўня 2026 году ў месцах утрыманьня пад вартай у Беларусі знаходзіліся 889 чалавек, у тым ліку 124 жанчыны, адзначаецца ў дакладзе.

У сьпісах „экстрэмістаў“, які налічвае ўжо амаль 7 тысяч чалавек, чацьвёртая частка — жанчыны.

Што папярэднічала

Групу незалежных экспэртаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стварыла Рада правоў чалавека ААН 4 красавіка 2024 году для расьсьледаваньня парушэньняў і ўціску правоў чалавека ў Беларусі ў пэрыяд з 1 траўня 2020 году.

Склад групы вызначаны ў чэрвені 2024 году. У яе ўвайшлі дырэктарка Міжнароднага праекту ў правах жанчын Сьюзан Базыльлі (Канада), загадчыца катэдры крыміналёгіі юрыдычнага факультэту Варшаўскага ўнівэрсытэту Маніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыстка-праваабаронца Карына Маскаленка (Расея; кіраўніца групы).

Сярод экспэртаў ААН дакумэнт падпісалі таксама спэцыяльны спавяшчальнік ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, спэцыяльны спавяшчальнік аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолар і іншыя.

Рэакцыя Менску

Улады Беларусі не прызнаюць мандат Нілса Муйжніекса і іншых спавяшальнікаў ААН, не запрашаюць іх у краіну, не адказваюць на іхныя запыты.

Сталае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН раней выступіла з крытыкай дзейнасьці і рашэньняў Рады правоў чалавека ААН і назвала яе «рэпрэсіўным органам».

Дыпляматы МЗС Беларусі назвалі рэкамэндацыі Рады ААН «цкаваньнем дзяржаваў паводле палітычнай прыкметы».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG