Многія палітзьняволеныя жанчыны у Беларусі знаходзяцца ў вельмі ўразьлівым стане: гэта пэнсіянэркі, хранічна хворыя, шматдзетныя маці. Некаторых зь іх трымаюць за кратамі з восені 2020 году, іх асудзілі на тэрміны ад 15 да 20 гадоў турмы. Літаральна кожны тыдзень сьпіс палітвязьняў папаўняецца новымі жаночымі прозьвішчамі, сярод якіх ёсьць і сталыя людзі.
«Яны могуць памерці»
Адразу некалькіх жанчын сталага веку затрымалі ўвосень 2020 году ў справе Мікалая Аўтуховіча. Яны атрымалі тэрміны ўвязьненьня ад 15 да 20 гадоў. Гэта Ірына Мельхер, Любоў Разановіч, Вольга Маёрава. Яшчэ адну асуджаную ў гэтай жа справе на 20 гадоў, Галіну Дзербыш, нядаўна памілавалі і вывезьлі за мяжу. Мельхер, Разановіч і Маёрава застаюцца за кратамі.
Ірыну Мельхер затрымалі 8 сьнежня 2020 году разам з сынам Антонам. Спачатку яе трымалі ў берасьцейскім СІЗА, пасьля ў горадзенскай турме № 1. 65-гадовай пэнсіянэрцы выставілі абвінавачаньні паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ёй інкрымінавалі «акт тэрарызму» (артыкул 289), «замах на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357-З).
17 кастрычніка 2022 Ірыне Мельхер прысудзілі 17 гадоў пазбаўленьня волі і штраф у 700 базавых велічыняў (22 400 рублёў).
З 15 траўня 2023 году яна адбывае пакараньне ў гомельскай калёніі № 4. У 71-гадовай Ірыны сур’ёзныя праблемы здароўя. Паводле былых палітзьняволеных, зь якімі паразмаўляла Свабода, у яе, магчыма, праляпс (выпадзеньне) тазавых органаў і парушэньні апорна-рухальнага апарату. Жанчыне не аказваюць мэдычнай дапамогі. Таксама пазбаўляюць спатканьняў, ціснуць псыхалягічна. Яна ў цяжкім маральным стане, часта кажа: «Навошта мне жыць?».
Былая палітзьняволеная, праваабаронца Марфа Рабкова ў інтэрвію Марыне Золатавай выказала занепакоенасьць тым, што пэнсіянэркі ў калёніі могуць памерці. Яна таксама зьвярнула ўвагу на дрэнны псыхалягічны стан Ірыны Мельхер.
«Яе вочы… Яна так чакае свайго вызваленьня, яна жыве толькі думкай аб гэтым. Яна кожны дзень глядзіць тэлевізар, спрабуючы зразумець у нейкіх навінах нейкія званочкі, кожную падзею імкнецца пазытыўна павярнуць. І яна мяне абдымала: яна ўсьміхалася — было відаць, што яна вельмі рада, але былі і сьлёзы роспачы, болю — „ня я“», — узгадвае Марфа Рабкова.
62-гадовая Любоў Разановіч — жонка праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча. Яе затрымалі разам з мужам і сынам Паўлам. Раней Любоў валодала службай таксі. Жанчыне таксама інкрымінавалі 5 артыкулаў КК.
Паводле сьледзтва, Любоў Разановіч дапамагала Мікалаю Аўтуховічу зьбіраць інфармацыю аб супрацоўніках праваахоўных органаў. Апроч гэтага, жанчына пусьціла да сябе пажыць Аўтуховіча і іншых фігурантаў справы, а яны нібыта захоўвалі ў доме зброю.
17 кастрычніка 2022 году Любоў Разановіч асудзілі на 15 гадоў і 600 базавых велічыняў штрафу (19 200 рублёў).
У Любові Разановіч былі сур’ёзныя праблемы здароўя яшчэ задоўга да арышту. Пасьля працяглай сухой галадоўкі ў 2006 годзе (у ліпені 2006 году ў Берасьці пратэставалі ўласьнікі маршрутных таксовак, Любоў Разановіч трымала тады галадоўку. — РС) лекары наракалі, што яна можа атрымаць інваліднасьць. У Любові праблемы з ныркамі, пячонкай і селязёнкай. У калёніі гэтыя праблемы ўскладніліся.
Былая палітзьняволеная, якая назвалася Ганнай, у размове з Свабодай кажа, што, з аднаго боку, пэнсіянэркам у калёніі крыху прасьцей: яны не працуюць на фабрыцы і ня ходзяць на абавязковыя так званыя «інвэнтарныя працы». Таксама іх не выпраўляюць перабіраць гнілую бульбу. Пэнсіянэркам у калёнію пералічваюць пэнсію, ёсьць магчымасьць наведваць мэдычную частку.
«Але гэта людзі сталага ўзросту з пэўнымі хранічнымі захворваньнямі, якім патрэбны максымальна добры дагляд лекара. На прыём да яго трэба хадзіць у мэдчастку, падоўгу стаяць у чарзе на вуліцы і чакаць у любое надвор’е. Людзям такога веку нельга днём нават 15 хвілін паляжаць на ложку. У Ірыны Мельхер праблемы з апорна-рухальным апаратам. Усе, хто на прафіляктычным уліку, сьпяць на нарах на другім ярусе, але адпаведна ўзросту і мэдычным паказьнікам яны павінны спаць на першым. Ірыну Мельхер часам клалі на другі паверх. Я нават не ўяўляю, як яна туды забіралася», — кажа былая палітзьняволеная Ганна.
Вольга Маёрава — грамадзкая актывістка, раней актыўная сяброўка Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яе арыштавалі 4 студзеня 2021 году ў вёсцы Нача Крупскага раёну, дзе жанчына жыла. У доме быў ператрус, супрацоўнікі КДБ забралі з дому тэхніку. Вольгу абвінавацілі ў «акце тэрарызму» (арт. 289 КК). Спачатку трымалі ў СІЗА КДБ, пазьней перавялі ў горадзенскую турму № 1.
14 ліпеня 2022 году Вольгу выдалілі з судовага паседжаньня і зьмясьцілі ў карцар за «парушэньне парадку». У выніку ёй прысудзілі 20 гадоў калёніі і штраф 800 базавых велічыняў (25 600 рублёў).
У зьняволеньні ў Вольгі зьявілася падазрэньне на дыябэт. Жанчыну некалькі разоў зьмяшчалі у карцар. У гомельскай калёніі яна адмаўлялася працаваць на фабрыцы, дзе шыюць форму для сілавікоў, кажа былая палітзьняволеная Ганна.
«Ёсьць людзі, якія нясуць свой крыж. Вось Вольга Маёрава схапіла свой крыж і цягне яго. Яна сварылася з адміністрацыяй. І пакуль не была яшчэ пэнсіянэркай, увесь час адмаўлялася працаваць на фабрыцы. А адмова ад працы — гэта адразу ШЫЗА, адкуль яна практычна не выходзіла. Потым яе асудзілі яшчэ паводле 411-га артыкулу за „непадпаракаваньне адміністрацыі“, дадалі 1,5 году і перавялі ў калёнію № 24 для „рэцыдывістак“ у Зарэччы», — расказвае суразмоўца.
Летась стала вядома, што Вольга Маёрава рызыкуе цалкам страціць зрок. Пра гэта паведаміла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская.
«У яе катаракта, рубцы, пагроза поўнай сьлепаты. Яна зьвярталася па дапамогу, але мэдычная частка калёніі адмовіла ў лячэньні. Больш за тое, праз статус „тэрарысткі“ ёй не перадаюць лекаў і мэдычных бандэроляў ад родных. Таксама ў Вольгі Маёравай вельмі цяжкі псыхалягічны стан», — кажа спадарыня Зазулінская.
Былая палітзьняволеная Алена Гнаўк, якую трымалі ў ПК-24 разам з Маёравай, у размове з Свабодай згадала, як Вольгу пакаралі штрафным ізалятарам.
«Нас усіх сагналі ў клюб глядзець прапагандысцкі фільм АНТ „Тратыл пратэсту“ (https://www.youtube.com/watch?v=08yrtjTgv2w). Там у адной сцэне фігуравала Вольга Маёрава зь пісталетам у руках. Я ўстала і пры поўным клюбе заявіла: „Сумнявайся ў зьле, а ў дабры не сумнявайся“. І дадала, што „змантаваць можна ўсё што заўгодна, каб прынізіць і абылгаць чалавека“. Мне як завадатарцы за „зрыў мерапрыемства“ далі 15 содняў. А Вольга сказала толькі адно слова ў маю абарону. І то калі „мерапрыемства“ завершылася. Я старалася яе падтрымаць чым магла. Мяркую, што яна цярпіць і ад асуджаных, ад іх псыхалягічнага ціску. Але ў атрадзе былі людзі, якія яе падтрымлівалі», — кажа Алена Гнаўк.
Камэнтары, ліставаньне, харчовая дапамога
Акрамя сытуацыі згаданых вышэй жанчын, вядомыя іншыя выпадкі, калі за краты з палітычных прычынаў трапілі жанчыны сталага ўзросту. У цяжкім стане ў гомельскай ПК-4 знаходзіцца 60-гадовая Жанна Аўрамчык з Салігорску, якую асудзілі ў 2024 годзе паводле арт. 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»). Жанчына прымае лекі, у яе дзьве анэўрызмы ў мозгу, ад якіх часта здараюцца прыступы. Падчас сьледзтва Жанна была пад хатнім арыштам, але на абвяшчэньні прысуду яе ўзялі пад варту ў залі суду і адправілі за краты.
Вядома, што муж Жанны працаваў у шахце, ён памёр ад раку ў 2017 годзе. Жанчына асьвятляла гэтую гісторыю ў лякальных мэдыя, яна лічыла, што дактары своечасова не адрэагавалі на вынікі аналізаў мужа. Ад жанчын, якія адбывалі пакараньне разам з Жаннай, вядома, што яна ў цяжкім фізычным і псыхалягічным стане.
Амаль па тры гады ў гомельскай калёніі знаходзяцца пэнсіянэркі Ганна Стражэвіч і Ірына Такарчук. Адна пісала шмат лістоў падтрымкі палітзьняволеным, другая адпраўляла харчовую дапамогу сем’ям вязьняў.
Праваабаронцам вядомыя новыя прозьвішчы жанчын сталага веку, затрыманых нядаўна. Гэта 66-гадовая Натальля Ўласава; 62-гадовая Сьвятлана Ангелейка (Хлышчанкова) з Рагачова; 60-гадовая Тацяна Стасева (падазраваная ў «справе Гаюна»), якую затрымалі 21 траўня 2025 году.
У СІЗА знаходзяцца Лукер’я і Вераніка Міронцавы. Лукер’я Міронцава — пэнсіянэрка, маці шасьцёх дзяўчат. Яе дочкі Вікторыя і Анастасія Міронцавы былі асуджаныя за жнівеньскія падзеі 2020 году адпаведна на 2 і 2,5 году зьняволеньня, адбылі пакараньні і выйшлі на волю ў 2023-м. Іх маці Лукер’ю і яшчэ адну яе дачку Вераніку затрымалі нядаўна. Міронцавым інкрымінуюць частку 1 артыкулу 14 і частку 2 артыкулу 361- 4 — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Форум