Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь неістотна палепшыла свае пазыцыі ў глябальным рэйтынгу гендэрнай роўнасьці

Жанчыны ў міліцыі. Ілюстрацыйнае фота
Жанчыны ў міліцыі. Ілюстрацыйнае фота

У новым рэйтынгу гендэрнай роўнасьці, апублікаваным Усясьветным эканамічным форумам, Беларусь заняла 52-е месца сярод 145 краінаў з вынікам 74 % — чым бліжэй гэты паказьнік да 100 %, тым менш адрозьненьняў паміж становішчам жанчын і мужчын у краіне.

Як заўважыў тэлеканал «Белсат», за год вынік Беларусі вырас на 0,3 адсоткавага пункта, а краіна паднялася на дзьве пазыцыі.

Індэкс ацэньвае адрозьненьні паміж жанчынамі і мужчынамі паводле чатырох кірункаў: удзел у эканоміцы, адукацыя, здароўе і палітычны ўплыў. Пры гэтым рэйтынг параўноўвае жанчын з мужчынамі ў адной і той жа краіне. Таму высокі вынік не абавязкова азначае высокага ўзроўню жыцьця — ён азначае, што адрозьненьні паміж жанчынамі і мужчынамі адносна невялікія.

Вынікі Беларусі ў асобных кірунках моцна адрозьніваюцца. Паводле эканамічнага ўдзелу і магчымасьцяў краіна займае 8-е месца ў сьвеце, паводле адукацыі — 78-е. Паводле суадносінаў колькасьці дзяўчатак і хлопчыкаў пры нараджэньні і працягласьці здаровага жыцьця жанчын і мужчынаў Беларусь дзеліць 1-е месца з шэрагам іншых краінаў. Паводле палітычнага ўплыву жанчын Беларусь толькі на 98-м радку.

Жанчыны складаюць каля 70 % прафэсійных і тэхнічных работнікаў і 45 % кіраўнікоў, найвышэйшых службовых асобаў і мэнэджэраў. Узровень удзелу ў працоўнай сіле складае 65,7 % сярод жанчын і 74,1 % сярод мужчынаў.

У адукацыі разрыў практычна адсутнічае. Ахоп вышэйшай адукацыяй сярод жанчын нават вышэйшы — 75,6 % супраць 65 % сярод мужчынаў.

Зусім інакш выглядае палітычны ўплыў. Жанчыны займаюць прыблізна 34 % месцаў у парлямэнце. Паводле зьвестак, выкарыстаных пры складаньні рэйтынгу, іхная доля на міністэрскіх пасадах складала 4,2 % (аднак цяпер сярод кіраўнікоў усіх 24 міністэрстваў Беларусі няма ніводнай жанчыны)

Якая сытуацыя ў суседзяў

Сярод суседзяў Беларусі вышэй у агульным рэйтынгу апынуліся тры краіны: Літва заняла 14-е месца, Латвія — 17-е, Польшча — 44-е. Беларусь цяпер на 52-м радку, Украіна — на 66-м. Расею складальнікі Global Gender Gap Index 2026 у рэйтынг не ўключылі.

Першае месца ўжо 17 гадоў займае Ісьляндыя. Пасьля яе ідуць Фінляндыя і Нарвэгія.

Глябальны даклад аб гендэрным разрыве сёлета выйшаў у дваццаты раз. За гэты час ніводная эканоміка не дасягнула поўнага парытэту. Упершыню за апошнія некалькі гадоў Эўропа вярнулася ў рэгіянальныя лідэры з найвышэйшым рэйтынгам гендэрнай роўнасьці — 81,4%. Другое месца займаюць краіны Ўсходняй Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёну.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG