Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гендэрная роўнасьць будзе ісьці на карысьць мужчынам». Фэм-група Каардынацыйнай рады прэзэнтавала новае дасьледаваньне


Алена Агарэлышава — адна з аўтарак дасьледаваньня, удзельніца Фэм-групы Каардынацыйнай рады
Алена Агарэлышава — адна з аўтарак дасьледаваньня, удзельніца Фэм-групы Каардынацыйнай рады

У ім расказваецца, якія гендэрныя праблемы падаюцца беларусам і беларускам найбольш актуальнымі, пра іх досьвед дыскрымінацыі і што трэба зрабіць, каб выкараніць гендэрную няроўнасьць.

31 жніўня адбылася прэзэнтацыя дасьледаваньня Фэм-групы Каардынацыйнай рады «Ўяўленьні беларускага грамадзтва аб гендэрнай роўнасьці». Яго аўтары з 29 траўня па 6 чэрвеня 2023 году правялі інтэрнэт-апытаньне жыхароў і жыхарак Беларусі аб іх уяўленьнях пра гендэрную роўнасьць і гендэрныя праблемы. Усяго апыталі 402 жыхароў у розных гарадах ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшых.

Cкрын з прэзэнтацыі дасьледаваньня
Cкрын з прэзэнтацыі дасьледаваньня

Алена Агарэлышава — адна з аўтарак дасьледаваньня, удзельніца Фэм-групы Каардынацыйнай рады, гендэрная экспэртка, магістарка сацыялёгіі.

Адной з асноўных задач дасьледаваньня было даведацца, што беларусы разумеюць пад «гендэрнай роўнасьцю», наколькі яны да гэтага тэрміна ляяльныя, наколькі лічаць праблемы гендэрнай няроўнасьці актуальнымі для Беларусі, кажа Алена.

«Акрамя таго, мы спыталі пра разнастайны досьвед, які лічыцца гендэрным або зьвязаны з гендэрнай дыскрымінацыяй, ці сутыкаліся нашыя рэспандэнты і рэспандэнткі ў жыцьці з падобнымі сытуацыямі».

Алена дадае, што 402 чалавекі — гэта недастаткова, каб гаварыць пра рэпрэзэнтатыўнасьць гэтага дасьледаваньня.

«Мы ня можам гаварыць пра ўсіх жыхароў Беларусі, арыентуючыся выключна на гэтыя лічбы, але, тым ня менш, улічваючы памер выбаркі і захаваньня яе па квотах (памер населеных пунктаў, узрост і іншае), мы можам гаварыць пра пэўныя тэндэнцыі».

«Жанчынам трэба ўвесь час жыць з аглядкай»

Дасьледаваньне паказвае, што жанчынам гендэрныя праблемы здаюцца больш важнымі і актуальнымі, чым мужчынам, сьцьвярджаюць аўтары.

«Прычым як праблемы, якія тычацца непасрэдна мужчын, калі мы, напрыклад, гаворым пра алькагалізм або высокі ўзровень сьмяротнасьці, так і праблемы, якія непасрэдна зьвязаныя з жаночым досьведам, напрыклад дыскрымінацыя пры прыёме на працу або асуджэньне з нагоды вонкавага выгляду».

Cкрын з прэзэнтацыі дасьледаваньня
Cкрын з прэзэнтацыі дасьледаваньня

Жанчыны часьцей сутыкаюцца з сытуацыямі, калі ацэнка іхных паводзінаў і ўчынкаў зьвязваецца з полам.

«Яшчэ было пытаньне: „Ці сутыкаліся вы з гвалтоўнымі дзеяньнямі з боку чалавека, зь якім вы былі ў адносінах?“. Станоўчыя адказы далі 7% мужчын і 27% жанчын. Практычна кожная 3-я, што пацьвярджае мноства дасьледаваньняў, зьвязаных з гендэрным гвалтам».

Таксама 28% жанчын і толькі 3% мужчын былі ў сытуацыі, калі адчувалі сябе небясьпечна ў публічнай прасторы праз свой пол. Гэта паказвае, наколькі гендэрызаванае нашае жыцьцё, кажа Алена, калі жанчыны пастаянна жывуць з аглядкай на свой пол.

«Як ты выглядаеш, як паводзіш сябе, як размаўляеш, як дзейнічаеш і ня дзейнічаеш, залежыць ад твайго полу. І пры гэтым трэба ўвесь час жыць з аглядкай на тое, як дзейнічаць, каб зьменшыць колькасьць небясьпекі для сябе, разумеючы, што ты ў любой публічнай або хатняй прасторы можаш апынуцца ва ўразьлівым становішчы проста з прычыны свайго полу, хай гэта будзе сямейны гвалт або гвалт у публічнай прасторы».

«Нізкая дасьведчанасьць пра тое, што ўваходзіць у гендэрныя праблемы»

Пры гэтым адна з высноваў дасьледаваньня — цяпер беларусам не да пытаньняў гендэру. Бо ў параўнаньні з іншымі праблемамі гендэр займае, на жаль, апошняе месца, кажа экспэртка.

«Акрамя таго, існуе нізкая дасьведчанасьць пра тое, што ўваходзіць у пералік гендэрных праблемаў. Значыць, з аднаго боку, гендэр успрымаецца як роўнасьць паміж мужчынамі і жанчынамі, або што жанчынам у жыцьці больш трэба, таму яны чамусьці трымаюцца за гендэрную роўнасьць».

Cкрын з прэзэнтацыі дасьледаваньня
Cкрын з прэзэнтацыі дасьледаваньня

Але недастаткова разуменьня ў насельніцтва, што, кажучы пра гендэрную роўнасьць, маецца на ўвазе барацьба з гендэрнай няроўнасьцю, тлумачыць Алена.

«Напрыклад, барацьба з мужчынскім алькагалізмам, мерапрыемствы па адказным бацькоўстве, каб двое бацькоў маглі прымаць удзел у выхаваньні дзяцей. А таксама пра тое, што абавязковы прызыў у войска для мужчын — гэта дыскрымінацыяй па прыкмеце полу».

Адзін з вынікаў дасьледаваньня паказвае нізкую талерантнасьць да ўсяго, што зьвязана з гвалтам, дадае экспэртка.

«Мы ўсё яшчэ бачым на ўзроўні практыкі, досьведу, што вялікі адсотак людзей непасрэдна ў сваім жыцьці сутыкаліся з гвалтам — у выхаваньні, у партнэрскіх адносінах. Але як мінімум на ўзроўні сьцьвярджэньня або поглядаў у насельніцтва ёсьць дакладнае ўяўленьне пра тое, што гэта недапушчальна. Іншае пытаньне, наколькі гэта суадносіцца зь дзеяньнем. Вы не дапускаеце гвалту на ўзроўні разуменьня, але на ўзроўні сваіх асабістых практык?»

«Гендэрная дыскрымінацыя адбылася са мной»

Акрамя таго, у апытаных беларусаў і беларусак няма ўяўленьня пра тое, што нейкі іхны траўматычны, нэгатыўны досьвед можа быць непасрэдна зьвязаны з гендэрам, кажа экспэртка.

«Знак „роўна“, што гэта ёсьць гендэрная дыскрымінацыя, не заўсёды праводзіцца, асабліва мужчынамі. Жанчыны больш ляяльныя да тэрміну гендэрнай роўнасьці і больш разумеюць, што зь імі адбылася гендэрная дыскрымінацыя. Але ўсё яшчэ няма знака „роўна“, што гэта ня толькі мой асабісты досьвед, а „гендэрная дыскрымінацыя адбылася са мной, бо гэта вынік гендэрнай няроўнасьці ў грамадзтве“».

Таксама досыць вялікая колькасьць рэспандэнтаў лічыць, што гендэрны досьвед — гэта натуральнае становішча рэчаў, быццам у прыродзе такі парадак, што жанчыны больш слабыя, кажа Алена.

«Гэта і гісторыя пра тое, што розны сьпіс забароненых для жанчын прафэсій ня лічыцца праблемай, бо „гэта мы жанчын так і ахоўваем, і гэта дадатковая падтрымка“. Ці, напрыклад, квоты на спэцыяльнасьці, зьвязаныя з аховай правапарадку — „гэта не пра дыскрымінацыю, а пра тое, што наагул так трэба, і гэта падтрымка натуральнага парадку“. У грамадзтве існуе сытуацыя, дзе жанчыны „пра дом“, а мужчына „пра зарабляньне грошай“».

Пры гэтым ёсьць разуменьне, што жанчынам складана дамагчыся кар’ерных вышыняў, у тым ліку з прычыны іх гендэру, але няма разуменьня, што з гэтым трэба нешта рабіць, кажа экспэртка.

Што рабіць, каб зьмяніць сытуацыю з гендэрнай няроўнасьцю

«У асноўным рабіць адукацыйныя мерапрыемствы, інфармацыйныя кампаніі, прасоўваць канкрэтныя тэмы, зьвязаныя з гендэрнай роўнасьцю. І важна рабіць упор на тое, што гендэрная роўнасьць — гэта ня проста „мы жанчынам выдадзім грамату, што яны роўныя“, а гэта комплексныя дзеяньні і перабудова грамадзтва. І гендэрная роўнасьць будзе ісьці на карысьць мужчынам у тым ліку», — кажа Алена.

Таксама людзі ў дасьледаваньні адказвалі, што выкараніць гендэрную няроўнасьць можна праз увядзеньне адміністрацыйнай адказнасьці.

«Для мяне гэта хутчэй сыгнал, што ў Беларусі настолькі таталітарны лад і што дыскурс аб пакараньнях настолькі пракраўся ва ўсе сфэры жыцьця, што мяккая сіла, інфармаваньне не варыянт. У нас трэба выключна праз карныя мэханізмы нечага дамагацца».

Таксама нехта з апытаных лічыў, што інфармаваць і адукоўваць у такіх пытаньнях трэба дзяцей і моладзь, а хтосьці — наадварот.

«Маладзейшыя людзі, наадварот, казалі пра тое, што трэба інфармаваць больш пажылое насельніцтва, якое ўвогуле ня вельмі разумее значэньне гэтага тэрміна. Яшчэ з варыянтаў было тое, што ва ўрадзе павінна зьявіцца жанчына. І яна ў нас ёсьць. І акрамя гэтага, мусіць быць узаемаразуменьне — як ключ да таго, каб далей ісьці да выкараненьня гендэрнай няроўнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG