Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кожная другая стала актывісткай пасьля жніўня 2020 году». У Вільні прэзэнтавалі вялікае дасьледаваньне беларускага жаночага актывізму


Скрын з прэзэнтацыі «Формы жаночага палітычнага ўдзелу і актывізму».
Скрын з прэзэнтацыі «Формы жаночага палітычнага ўдзелу і актывізму».

У Вільні адбылася прэзэнтацыя дасьледаваньня «Формы жаночага палітычнага ўдзелу і актывізму». Паразмаўлялі з экспэрткай Аленай Агарэлышавай пра праблемы, вынікі дасьледаваньня, стаўленьне грамадзтва да актывізму і жанчын адна да адной.

Сябры Фэмгрупы Каардынацыйнай Рады і незалежныя экспэрткі ў 2022 годзе правялі дасьледаваньне, онлайн-апытаньне, у якім паўдзельнічалі 1126 беларускіх актывістак з больш як 30 краін. Дасьледчыцы правялі 10 інтэрвію з жанчынамі, уцягнутымі ў грамадзянскі або палітычны актывізм, а таксама зрабілі пералік ініцыятыў і арганізацый, якія працуюць у тэме правоў жанчын і гендэрнай роўнасьці.

«Першае дасьледаваньне з падобнымі мэтамі мы рабілі ў 2020 годзе ў верасьні, акурат пасьля жнівеньскіх пратэстаў. Гэта другое дасьледаваньне, нашмат пашыранае, але агульны фокус застаўся такі самы. Мы апытвалі жанчын, якія лічаць сябе беларускімі актывісткамі, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца — у Беларусі ці за мяжой. Нашай мэтай было паглядзець, што ёсьць беларускі актывізм сёньня, як ён зьмяніўся за два гады, якія ў жанчын ёсьць патрэбы, бар’еры для актывізму, колькі яны на гэта выдаткоўваюць часу і іншае», — апавядае гендэрная дасьледчыца, актывістка, удзельніца Фэмгрупы Каардынацыйнай Рады Алена Агарэлышава.

Алена Агарэлышава
Алена Агарэлышава

Алена прызнаецца, што да пачатку дасьледаваньня перажывала, што зь Беларусі можа прыйсьці мала адказаў.

«На шчасьце, 60% адказаў мы атрымалі зь Беларусі. У 2020-м толькі 2,5% актывістак жыло па-за межамі краіны, а праз 2 гады мы маем 40%. На жаль, гэта ня дзіўна, бо актывісты і актывісткі — гэта ўразьлівая група цяпер, якая вымушаная пакідаць краіну, засьцерагаючыся ад палітычнага перасьледу».

Складана даведацца падрабязнасьці формаў і мэтадаў працы, якія прымяняюць актывісткі ўнутры Беларусі, бо гэта пытаньне бясьпекі, кажа Алена.

«Любы распаўсюд інфармацыі, прамыя дзеяньні, удзел у пратэстах небясьпечныя. Зноў-такі, у Беларусі амаль не засталося незалежных журналістаў, і таму вельмі складана ўвогуле пра актывісцкую дзейнасьць даведацца».

Графіка з прэзэнтацыі «Формы жаночага палітычнага ўдзелу і актывізму»
Графіка з прэзэнтацыі «Формы жаночага палітычнага ўдзелу і актывізму»

Па дадзеных дасьледаваньня, з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну каля 40% адсоткаў беларусак, якія знаходзяцца ў Беларусі, і каля 70% беларусак за мяжой удзельнічалі як мінімум у чатырох акцыях пратэсту ці больш.

«Калі казаць, чым займаюцца актывісткі, то збольшага гэта дапамога палітычна асуджаным, тым, хто выходзіць, дапамога з рэабілітацыяй беларусаў і беларусак, таксама дапамога ўкраінкам і ўкраінцам. Каля 70% актывістак займаюцца распаўсюдам інфармацыі, кожная 5-я актывістка займаецца дапамогай пацярпелым і палітвязьням. Таксама цікава, што кожная 2-я стала актывісткай пасьля жніўня 2020 году».

«Пытаньне да нас як да грамадзтва: чаму мы адну дзейнасьць лічым больш важнай і бачнай, чым іншую?»

У дасьледаваньні таксама ёсьць мэтадалягічны разьдзел, дзе экспэрткі разважаюць, чаму жанчын цяпер ня бачна. Алена заўважае, што гэта зьвязана ня з тым, што жанчыны нічога ня робяць ці іх роля меншая, а з тым, што іх актыўнасьць зьмянілася.

«У жніўні 2020-га была вялікая колькасьць жаночых маршаў, дзе мы бачылі гэтых актыўных людзей. Цяпер, паколькі небясьпечна, большасьць жанчын усё яшчэ займаюцца актывізмам, але праз інтэрнэт, робяць актыўнасьці як ініцыятывы, падтрымліваюць людзей — гэта не заўсёды прызнаецца як такі сапраўдны актывізм, які трапіць на вокладку New York Times, але праз гэта ён не становіцца менш карысным».

Жанчыны працягваюць займацца актывізмам унутры Беларусі, хоць могуць трапіць пад перасьлед: пішуць лісты палітвязьням, носяць перадачы ў турмы, распаўсюджваюць інфармацыю. Каб працягваць сваю дзейнасьць, яны робяць яе непублічнаю, але ад гэтага яна ня траціць важнасьці, мяркуе дасьледчыца.

«Тут пытаньне да нас як да грамадзтва: чаму мы адну дзейнасьць лічым больш важнай і бачнай, чым іншую? Можа, гэта нам трэба зьмяніць пункт гледжаньня на тое, што атрымліваецца і робіцца? Мы глядзелі на дасьледаваньне актывізму іншых краін. Краіны з адсутнасьцю дэмакратычных працэсаў, усходнія, азіяцкія сутыкнуліся з такімі ж мэтадалягічнымі праблемамі. То бок калі мы прымаем за ідэал толькі прамое дзеяньне, ці сацыяльныя зьмены, ці палітычныя партыі, — атрымліваецца, што ў большасьці краін з таталітарнымі рэжымамі ўвогуле нічога ня можа быць, або ўся дзейнасьць, якая робіцца, можа быць недастаткова эфэктыўная».

Варта паглядзець на актывізм зь іншага боку, лічыць Алена.

«Экспэрты зь іншых краін, напрыклад, дасьледуюць і глядзяць на тое, як шмат дзеяньняў робіцца для таго, каб стварыць любую інфраструктуру, альтэрнатыўныя прасторы, дзе ўлада ці дзяржава ня шмат мае моцы. І калі мы вось праз гэты ракурс глядзім, то высьвятляецца, што любая дзейнасьць — кніжны гурток ці хайкінг па лесе — усё гэта зараз у Беларусі палітычнае, тое, што робіцца ініцыятывамі людзей, зьбірае аднадумцаў, а не ідзе па ўказцы зьверху».

«Гэта важна — рабіць усю нябачную дзейнасьць бачнай»

Падчас дасьледаваньня правялі яшчэ 10 інтэрвію з актывісткамі, каб больш даведацца пра пэўныя тэндэнцыі актывізму.

«Яны казалі, як ім важная падтрымка жанчын-аднадумцаў. Адна з самых вялікіх патрэбаў — знайсьці людзей агульных поглядаў, бо празь міграцыю старыя сувязі разрываюцца, як у людзей, якія зьехалі зь Беларусі, так і ў тых, хто застаўся. Людзі насамрэч вельмі праз гэта пакутуюць».

Экспэрткі таксама рабілі пералік арганізацый і ініцыятываў, якія працуюць цяпер з жанчынамі, з гендэрнымі пытаньнямі, пазначалі іх па краінах і гарадах.

«Большасьць актывісцкай дзейнасьці робіцца адзінкавымі актывісткамі ці ініцыятывамі, якія аб’ядноўваюцца з 2020 году. І дасьледаваньне паказвае, што такая сыстэма працуе, калі людзі праз інтэрнэт аб’ядноўваюцца ў нефармальныя сеткі і суполкі, праз онлайн-каардынацыю якасна працуюць над вырашэньнем глябальных праблемаў», — кажа дасьледчыца.

Калі пачалося маштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, вельмі шмат ініцыятываў паўстала праз тое, што людзі ў розных краінах былі арганізаваныя з 2020-га, заўважае Алена.

Гэтае дасьледаваньне важнае для разуменьня, што адбываецца з жанчынамі-актывісткамі і якія тут тэндэнцыі, лічыць экспэртка.

«Гэта вельмі важна для разуменьня вялікай часткі грамадзтва. Мы апытвалі беларускіх жанчын-актывістак, але пэўныя вынікі могуць тычыцца і іншых слаёў беларускага грамадзтва. Трэба ведаць, што і як адбываецца, што ёсьць зараз беларускі жаночы актывізм, як ён робіцца, якія ў яго ёсьць бар’еры і чаму гэта важна — рабіць усю нябачную дзейнасьць бачнай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG