Яна спачатку пагадзілася на публікацыю, а потым адмовіліся з шэрагу прычынаў. Я вельмі спадзяюся, што Мая Тодараўна, якая цяпер у лепшым сьвеце, даруе мне, бо лічу вельмі важным захаваць памяць пра трагедыю, якую перажыла яна і яе сям’я, памяць пра сталінскія злачынствы, якія засталіся непакаранымі.
Апошняя сустрэча з Маяй Тодараўнай у сьнежні 2016 году
У сьнежні 2016 году я прыйшла ў менскую кватэру Маі Тодараўны Кляшторнай на вуліцы Заслаўскай, каб запісаць яе ўспаміны пра жыцьцё ў ГУЛАГу — у Акмалінскім лягеры, дзіцячым спэцпрыёмніку НКВД і ў ссылцы ў Сыбіры. Мая Тодараўна пагадзілася, і мы доўга размаўлялі пры ўключаным дыктафоне. Мая Тодараўна шмат гаварыла пра любімую ўнучку Хрысьціну. Нам прыносіў каву і гарбату яе муж, шляхотны Генадзь, якога ня стане празь некалькі гадоў. Мая Тодараўна паказвала старыя фатаздымкі, пляны баракаў дзіцячага спэцпрыёмніку НКВД на пажаўцелай паперы. На сьцяне вісеў партрэт яе бацькі, расстралянага паэта Тодара Кляшторнага.
Мы былі шмат гадоў знаёмыя, часта разам езьдзілі ў Курапаты. Неаднойчы разам мы стаялі на схіле за курапацкім пагоркам — Мая Тодараўна лічыла, што менавіта тут знаходзяцца парэшткі яе бацькі, якога забілі ў «ноч расстраляных паэтаў» 30 кастрычніка 1937 году. Калі мы гаварылі дзевяць гадоў таму, Мая Тодараўна наноў перажывала трагічны пэрыяд свайго жыцьця.
Успаміны Маі Кляшторнай, запісаныя ў сьнежні 2016 году
Я нарадзілася, калі бацька ўжо быў арыштаваны
Яніна Германовіч, жонка паэта Тодара Кляшторнага
Маму арыштавалі, калі мне было чатыры месяцы. Так запісана ў дакумэнтах КДБ. Зь неданошаным дзіцём за пазухай маму адправілі па этапе ў Казахстан, у Акмалінскі лягер для жонак здраднікаў радзімы (расейскі скарот А. Л. Ж. И. Р.) у Казахстане. Дзьвюх старэйшых дачок у яе адабралі, нават цётцы, татавай сястры, не пакінулі. Цётка ўклала старэйшай сястры ў кішэню фартушку капэрту зь яе адрасам. Сёстры былі на розных перасылках, а як вайна пачалася — у розных прытулках-разьмеркавальніках. Імя старэйшай Тадзіяны ўтворанае ад імёнаў бацькі і маці — Тодар і Яніна. Сярэдняя — Веснавіна, бо ўвесну нарадзілася. Іх бацька так назваў, а я нарадзілася ўжо, калі ён быў арыштаваны. Мяне назвалі Мая, бо я нарадзілася ў траўні. І Тадзіяны, і Веснавіны ўжо няма ў жывых...
Перад этапам маці паведамілі, што бацьку асудзілі на «10 гадоў бяз права перапіскі» і некуды накіравалі. Маці ўзялі пад канвой. У мяне ёсьць успаміны адной жанчыны (яе муж быў міністрам асьветы), якая з намі па этапе ехала. Яна мне пісала, як «Янка (Яніна Германовіч. — РС) ехала з намі па этапе, і зь ёю была маленькая Мая, і гэтую Маю па чарзе кожная жанчына ў сябе за пазухай трымала».
Распушчаныя валасы ў Акмалінскім лягеры і ў міліцэйскім пастарунку ў Менску ў 2000 годзе
Мая Кляшторная. Курапаты. 2008 год
На тэрыторыі Акмалінскага лягеру я жыла да пяці гадоў. Памятаю, як жанчын вялі на працу шыхтамі, як адчынялі брамы і іх выводзілі за межы зоны. Нас, дзяцей, таксама ставілі ў шыхты і вялі на прагулку па зоне ўздоўж калючага дроту. Мы ведалі, што за зону нельга заходзіць. Так і называлі «зазону», гулялі ўздоўж «зазоны». Ня ведаю, дзе мама знайшла цукерачку, але памятаю, як яна крычала мне: «Маечка, бяры цукерку». Яе схапілі ахоўнікі. А ў яе валасы былі даўгія, чорныя (бацька проста не ўстаяў перад маладой дзеўкай з такой касой). Дык ахоўнікі пачалі за гэтыя валасы яе цягнуць у шыхты. А яна ўсё крычала: «Маечка, бяры цукерку». Дзеці сталі мяне хаваць. Я слабая была, ставілі мяне заўсёды ў сярэдзіну, каб ня ўпала. Я згадала распушчаныя валасы маёй маці, калі мяне схапілі на Дзень Волі ў 2000 годзе.
Мая Кляшторная выступае на мітынгу БНФ “Пахаваньне КПБ” супраць перавароту ГКЧП. Менск, 24 жніўня 1991 году. Фота: Уладзімер Кармілкін
Мы дамовіліся з Марыяй Міцкевіч сустрэцца каля помніку яе дзеду на плошчы Якуба Коласа. Але да помніку было не падыйсьці, бо ўсю плошчу ачапілі людзі ў форме. Мы так і не сустрэліся, бо мяне схапілі. Дома мяне чакалі двухмесячны ўнучак і дачка, але мяне замкнулі ў клетцы ў міліцэйскім пастарунку. Валасы ў мяне былі даўгія, міліцыянты выцягнулі ўсё шпількі, пацерабілі валасы, каб я нешта ў іх не схавала. Запрасілася я ў прыбіральню, ахоўнік павёў, і нехта з затрыманых маладзёнаў угледзеў мяне і запытаўся, за што затрымалі. Кажу: «Відаць, за тое, што і вас». Вось тады і зьявілася паралель паміж сталінскай і цяперашняй турмой — праз распушчаныя валасы за кратамі.
«Памятай, што ў цябе вельмі добрыя бацькі і што ты — зь Беларусі»
Калі дзеці ў Акмалінскім лягеры падрасьлі, нас пасадзілі ў грузавікі і адправілі ў Асакараўскі раён Казахскай ССР, у спэцпасёлак НКВД «Піянэрскі». Там мяне і ў піянэры потам прымалі.
Жылі мы ў бараках. Дзеці былі ў асноўным аднаго ўзросту — 5–6 гадоў. Мы ня ведалі, што ў нашым бараку жылі дзеці зь Беларусі, але ведалі, што ў іншым бараку — украінцы, у другім — немцы. Сялілі паводле нацыянальных прыкметаў.
А даведалася я пра сваю беларускасьць ад адной жанчыны, цёці Веры. Адкуль і куды яна ішла, ня ведаю. Гэта была вельмі кароткая сустрэча. Цёця Вера прынесла мне некалькі вараных яек і маленькіх яблычкаў (да гэтага я ня ведала, што такое яблыкі і як іх ядуць). Цёця Вера мне хуценька расказала: «Твая мама да цябе ня можа прыехаць, бо яна ў турме. Тата твой таксама ў турме, але яны — добрыя людзі. Мама і тата абавязкова да цябе прыедуць. Яны — беларусы. Твой тата — паэт. Ён вельмі добры чалавек. У цябе яшчэ ёсьць дзьве старэйшыя сястрычкі, але нікому пра гэта не кажы. Гэта — твая таямніца. Галоўнае, памятай, што ў цябе вельмі добрыя бацькі і што ты — зь Беларусі».
Гэта было адкрыцьцё для мяне, што бацька — паэт. Я ведала толькі вершы кшталту «Внучата Ильича, забота горяча». Цёця Вера сышла. Яна была апранутая ў чорнае. Я доўга памятала яе твар. Пазьней я расказала маці пра цёцю Веру, але яна ня ведала, хто гэта мог быць.
Памятаю, як да нас у «Піянэрскі» прыяжджалі шэфы. Пазьней я даведалася, што шэфамі называлі старэйшых дзяцей, якіх прыставілі да нас камандзірамі. Гэта былі вельмі жорсткія дзяўчаты і хлопцы. Гаварылі, што нас нават можна забіць, і ніхто за гэта не адкажа. Потым іх забралі ў спэцпасёлак № 4, дзе быў камбінат, на якім займаліся ганчарствам і апрацоўвалі дрэва. Потым я даведалася, што ў шэфаў таксама былі рэпрэсаваныя бацькі, якіх пасадзілі раней за нашых.
Памятаю Веру, якая была ў нас камандзірам, і яе браціка Толіка, майго аднагодка, які быў не зусім у сваім розуме, ён сікаўся і какаўся. Мы спалі па двое. Чамусьці трэба было дзяўчаткам з хлопчыкамі разам спаць на адным ложку валетам. Я з Толікам спала, а заўсёды матрац у нас быў мокры, сьмярдзючы і ірваны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
80-годзьдзе Мая Кляшторная сустрэла ў былым лягеры «Алжыр». Разам з прэзыдэнтам КазахстануПісалі на працах Сталіна і боты зь іх выраблялі
Асноўныя кнігі ў нас былі — працы Сталіна. Такія тоўстыя кнігі. У нас не было абутку, і з кардонак гэтых кніг мы выразалі сабе падэшвы. Самі выраблялі вяроўкі, зьбіраючы воўну з авечак, прывязвалі іх да кардонак і так хадзілі. На працах Сталіна мы вучыліся пісьму. Пісалі на гэтых кнігах. Ня ведаю, законна гэта было ці не, але больш паперы ніякай не было. Вучыліся ў тым жа бараку, у якім і жылі. Я была выдатніцай, а выдатнікам як узнагароду давалі чысты сшытак, на якім па-казахску і па-расейску было напісана:
Страна цветет для вас, ребята.
в стране для вас встает рассвет
для ваших умных глаз, ребята.
Вам все открыто, как тетрадь,
Вам можно плавать и летать.
И моря ширь, и неба гладь
всегда для вас, ребята.
Пасьля заканчэньня вайны хлеба ўволю ўжо давалі. Раней выдавалі маленькі кавалачак, і яго трэба было доўга смактаць, каб ня зьнік. Я заўсёды трымала ў руцэ кавалачак хлеба, такі мяты, высушаны. І раптам сказалі, што цяпер будзе дастаткова хлеба. Як толькі клалі хлеб на талеркі, ён зьнікаў адразу, бо было шмат дзірак у вопратцы, куды можна было яго схаваць. Калі пабачылі, што мы хаваем хлеб, сталі кожнаму выдаваць асобна. Потым зьявіліся аграмадныя вянкі цыбулі. Цыбуля і хлеб — нічога смачнейшага не бывае. І яшчэ калі-нікалі гарохавая каша. Старэйшыя дзяўчаткі чамусьці гарохавую кашу ня елі і мяне клікалі: «Маечка, давай сваю талерку». І я ўсё зьядала. Калі пачалі выпускаць з баракаў і мы маглі хадзіць на тэрыторыю кухні, дзе былі тэрыконы солі, такія празрыстыя камякі, мы выбіралі кавалак і лізалі яго. Праз гэта і пачыналіся хваробы нырак. Але ня толькі праз гэта. Праз голад і холад, праз усё астатняе.
Мама ніколі не расказвала пра лягер
Тодар Кляшторны. Здымак з фондаў БДАМЛМ
Маме ў лягеры можна было адзін раз ці двойчы на год напісаць ліст на адзін адрас. Яна напісала ў бацькаву вёску Парэчча, дзе жылі цётка Александрына, бацькаў брат дзядзька Ягор і цётка Агап’я. Туды прыбілася падчас вайны і сястра Тадзіяна. Яшчэ да прыходу цёці Веры да мяне ў «Піянэрскі» прыйшла паштовачка. У нас былі дзьве Маі — Паўлоўская і Германовіч (прозьвішча маёй мамы). Паштоўка прыйшла на імя Маі Кляшторнай, а мне гэтае прозьвішча было незнаёмае. Я потым гэтую паштоўку знайшла. У нашым бараку акенцы былі маленькія, каб цяплей было, бо зімой не было чым паліць, і вокны закладалі ватай паміж рамамі. Аднойчы падчас генэральнай уборкі я знайшла там паштоўку. Я ўжо ведала, што я — Кляшторная, але трымала гэта ў тайне. Напалову зацёртая паштоўка, засьветлены адрас вёскі Парэчча. Мяне шукалі, бо мама падала сыгнал. Я напісала туды, адгукнулася мая старэйшая сястра. Яна прыслала мне невялікі нататнік і аловак, каб я магла ім пісаць. Гэта была такая радасьць. Да гэтага ніхто ня ведаў, дзе я і што.
Калі мама вярнулася, я ўжо прызвычаілася быць у «Піянэрскім». Раптам чую выхавальніцу: «Маечка, да цябе мама прыехала». Бачу, што за яе сьпінай незнаёмая жанчына стаіць. Значыць, мама. Я падбегла да яе, абняла, і тут жа ўсё ўсплыло ў памяці. Мне нейкая жанчына з тэрыторыі турмы расказвала, што ў мамы даўгія чорныя валасы. Вядома, была ўжо ня тая каса, што раней (у мяне ёсьць яе пазьнейшы фатаздымак з касой зь Сібіру, на якім яна ў белай сукенцы, якую сама сабе пашыла, і нешта нават вышыла на рукаўчыку). Мама плакала. А мы ня плакалі. Для нас гэта было звычайнае жыцьцё. Мы ня ведалі, што гэта дрэнна, што недзе ёсьць лепшае жыцьцё. А мамы плакалі.
Мама забрала мяне зь «Піянерскага», калі мне ішоў 11-ы год. Ёй прысудзілі восем гадоў, але вызвалілі толькі празь дзесяць гадоў. Мы паехалі зь ёй спачатку ў Караганду, там трэба было ўсе дакумэнты аформіць, а потым ужо нас у Сібір накіравалі. Мама ніколі не расказвала пра лягер...
Дзень нараджэньня ў турме
31 траўня мне споўніцца 80 гадоў. (Гэта быў сьнежань 2026 году. — РС) А мне здаецца, што я яшчэ з васьмі гадоў ня вырасла, калі на дзень нараджэньня мяне паставілі ў кружок і вакол дзеткі хадзілі і сьпявалі:
Вот какие маки, вот какие маки,
красные, большие, на лугу цвели.
Вытянулись ловко, подняли головку,
солнцу золотому шлют они привет.
Маленькая Майка вышла на лужайку,
к празднику все маки собрала в букет.
У нас адзеньня не было. Спачатку мяне адзелі ў нейкую чырвоную сукеначку, можа і са сьцяга яе пашылі. А потым нас адзелі амэрыканцы, якія падчас вайны прысылалі пасылкі. Такім чынам у нас зьявіліся белыя калготкі, які нам адзявалі на вялікае сьвята або для нейкіх камісіяў. Былі амэрыканскія белыя трусікі і белая кашуля, якая выглядала як начнушка, а для нас гэта была сьвяточная сукенка. Дзетак на дзень нараджэньня адзявалі ў белае. І я на свой дзень нараджэньня ў белай сукенцы на фота.
Сухоты хрыбта
Хвароба хрыбта ў мяне пачалася ўжо ў Сібіру. Сем гадоў я была ў ложку. Гэта былі касьцявыя сухоты. Разбурэньне дзьвюх хрыбетак было поўнае. Мне зрабіў апэрацыю хірург, які ў вайну салдатаў зь перабітым хрыбтом ставіў на ногі, каб тыя маглі дабрацца да тылу. Кавалак костачкі з нагі выразаў і ў хрыбет уставіў.
Адзін год я зусім памірала. Прытомнасьць траціла невядома на колькі, потым вярталася ў прытомнасьць і прасіла, каб мне далі нешта для рукадзельля. Мне давалі кручок, і я нешта спрабавала ім рабіць. Усё ад мяне сплывала. Колькі была ў такім стане, ня ведаю. У лютым, у самыя лютыя маразы, я папрасіла, каб мяне на мароз вынесьлі. Сонца было яркае-яркае. Мяне вынесьлі, бо думалі, што гэта мае апошнія гадзіны. І тэмпэратура ў мяне пачала зашкальваць. А да гэтага тэмпэратуры не было, ніжэйшая за 35 градусаў. З таго часу я люблю тэмпэратуру.
Так я стала выжываць. А тут і вясна хутка. Мне захацелася кіслага малака. А дзе яго ўзяць? Мама ў гэты час працавала на шахце «Піянэрская» і па ліні Чырвонага Крыжа, была і мэдсястрой, і забойшчыцай, кім толькі не была. Амаль нічога не плацілі, а ўсё каштавала вельмі шмат і нічога дастаць нельга было. Я была ў дзіцячай установе, у якую мяне накіраваў Чырвоны Крыж. Там абсалютна без усялякай надзеі на выздараўленьне ляжалі дзеці. Нехта папраўляўся, нехта — не. Малако мне дасталі, адну шклянку, квасілася яно амаль месяц. І давалі па адной лыжачцы кожны дзень. Потым памятаю, што ў яго паклалі чорны хлеб...
Доктар сказаў, што такія не нараджаюць
Мая Кляшторная сярод прадстаўнікоў БНФ “Адраджэньне” падчас ўскладаньня кветак да помніка на плошчы Перамогі. Менск, 9 траўня 1990. Фота: Уладзімер Кармілкін
Я аднавілася зь нічога. Калі ў шпіталі была, малілася па-свойму, ня ведаючы нічога пра Бога, ня ведаючы малітваў. Калі нельга была падымацца і садзіцца, я спрабавала ў ложку сесьці на калені і па-свойму малілася. Бог мяне стварыў зь нічога.
А потым я стала найразумнейшая, найпрыгажэйшая і найздаравейшая. І нават калі я Тамарай зацяжарала, першым дзіцём, была найздаравейшая. Праўда, доктар, які толькі павярхоўна ведаў пра мяне, сказаў, што такія не нараджаюць. А я нарадзіла найздаравейшае і наймілейшае дзіця. У мяне нават разрад у плаваньні быў.
Што да апэрацыі, якую мне зрабілі... Значна пазьней давялося зьвяртацца да дактароў з прычыны хваробы хрыбта. Пасьля таго як я адсядзела доўгую чаргу і зрабіла здымак, спэцыяліст сказаў, што такога хрыбта ён ніколі ня бачыў.
Але мяне ўвесь час непакоіла ня гэта. Непакоіла толькі адно — каб быў давер у адносінах паміж людзьмі, каб была — калі не сказаць любоў, так хаця б прыемнасьць. Гэта было для мяне галоўным у жыцьці заўсёды.
Дзяцей у лягеры ня ўлічвалі і не запісвалі
Мая Кляшторная. Архіўнае фота
Падчас «перабудовы» была створана камісія ў гарсавеце ў справе рэпрэсаваных. З вольнанаёмных у ёй працавалі я і Сяргей Іванавіч Грахоўскі (паэт, былы вязень ГУЛАГу. — РС), а кіравалі дэпутаты. Я доўга не зьвярталася, каб атрымаць пасьведчаньне аб сапраўднасьці маёй рэпрэсаванасьці. Сяргей Грахоўскі мяне падштурхнуў.
Калі я напісала ў Казахстан, аказалася, што ніякіх сьведчаньняў пра мяне ў іх няма. Дзяцей проста ня ўлічвалі. Мне адказалі, што ніякіх дакумэнтаў пра знаходжаньне дзяцей няма, а вось на маці ёсьць. З старэйшай дачкой Тамарай у канцы 1980-х мы паехалі ў «Піянэрскі». Замест баракаў там быў звычайны дзіцячы дом, але ўжо двухпавярховы. Мы паехалі ў Казахстан на прапанову «Беларусьфільму». Тады Сьвятлана Алексіевіч як аўтар сцэнару і Юры Лысятаў як рэжысэр зрабілі фільм пра мой лёс («Успамін пра дом», «Беларусьфільм», 1988. — РС).
Калі пачалі працаваць камісіі ў справах рэпрэсаваных, многіх старэйшых вязьняў ужо не было ў жывых. Дзеці ГУЛАГу былі самыя маладыя і сівыя падчас «перабудовы». А вось ужо ў Асакараўцы, у былым дзіцячым спэцпасёлку НКВД, мы знайшлі акты, якія складаліся аб прыёме дзяцей.
Няспалены мех «акціровак»
Дырэктар прыцягнуў нам велізарны мех папераў, патлумачыў, што іх яму аддалі, каб паліць у печы. Я зазірнула ў мех, а там акты-акты-акты. Было тады моднае слова «акціраваньне». Калі з турмы «акціруюць», гэта значыць, што чалавек пры сьмерці і яго выпускаюць за вароты (ведала маскоўскага прафэсара, якога «акціравалі» з пэляграй, а ён сам сябе ў тайзе выхадзіў, накінуўся на хвою, чарамшу і дабраўся потым да Масквы).
Бялізна сапсавалася ці матрацы — «акціраваць». «Акціравалі» анучы. Па гэтых актах можна было ўсю гісторыю прачытаць. Я знайшла акты пра сябе, пра шмат каго, хто мяне цікавіў, пра дзяцей і камандзіраў.
З дачкой Тамарай усю ноч працавалі. Дырэктару дзіцячага дому я сказала: «У вас тут вельмі каштоўныя паперы. Не паліце іх, гэта важныя дакумэнты». Пасьля гэтага ўсім, хто зьвяртаўся да іх, ужо пацьвярджалі, што яны тут знаходзіліся.
Як прачытала артыкул Пазьняка і Шмыгалёва пра Курапаты
Падчас «перабудовы» мы звычайна куплялі газэту «Московские новости» у «Белсаюздруку» на Танкавай. Аднойчы мне прадавачка кажа: «Вось якая сёньня газэта ёсьць». Я паглядзела — на пярэднім пляне чарапы... Узяла газэту «Літаратура і мастацтва». Мы ехалі з мужам на дачу, баяліся на электрычку спазьніцца. Ужо ў вагоне, уладкаваўшыся, я стала чытаць артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». Потым стала чытаць мужу ўголас. Людзі сталі прыслухоўвацца. А я чытаю і чытаю... Было моцнае ўражаньне. Я адразу ўсьвядоміла, дзе мой бацька.
Мы выйшла з электрычкі, дайшлі да дачнага ўчастку, а потым вярнуліся назад у Менск. Я ўжо больш ні пра што не магла думаць, не магла нічога рабіць. 10 гадоў бяз права перапіскі і канцы ў ваду. І чаму мы не падумалі, што ён ужо быў расстраляны ў Менску? А дзе? Гэткая вялікая колькасьць людзей была расстраляная, і не прыйшло ў галаву шукаць гэтае месца. І вось маладыя хлопцы шукалі і знайшлі. А мы ня раз там бывалі, гуляючы, бачылі нейкія косткі, але ніхто не задумваўся.
Я была як у нейкім сьне, трапіла ў іншае вымярэньне свайго жыцьця. Нешта жудаснае мяне трымала, падымала і апускала. Ужо ў Курапатах убачыла Зянона. Ён мне паказваў раскапаныя і дасьледаваныя магілы. Гэта было жудасна.
Мая Кляшторная і Зянон Пазняк. Дзяды. Курапаты 1989 год. Фота: Уладзімер Сапагоў
Вяртаньне бацькавай мовы
Калі я адчула сябе дзяўчынай, жанчынай, усё трымалася на любові. А тое, што са мной было... Я нікому не прызнавалася ў гэтым, таму што сьвет, у якім я жыла, быў незнаёмы з гэтым. І ніхто б не паверыў... Нават мужу я не магла прызнацца да канца, адкуль у мяне такі шоў вялікі на сьпіне. Але самы вялікі шоў быў на сэрцы. А трэба было ўсё жыцьцё быць вясёлай і добрай. А ў бацькоў жыцьця ўжо няма. Маці не дажыла да 50 гадоў.
Мама ў Сібіру гаварыла па-расейску. Я навучылася па-беларуску гаварыць падчас «перабудовы». Зянон мне казаў: «Мая Тодараўна, вы так хораша гаворыце па-расейску, прыемна проста». А потым кажа: «Вярніце сябе мову бацькаву».
Ні з кім кантактаў я апошнія гады ня маю. Апошні раз была ў Курапатах у пазамінулы год...