Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мая Кляшторная: Са справы КДБ зьнік аркуш, у якім «асобая прыкмета» маці была «полька»


Мая Кляшторная, былая зьняволеная ГУЛАГу.

Дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторнага расказала Свабодзе, чым адрозьніваецца перададзеная ёй сёлета з КДБ справа маці ад той, што ёй паказвалі пры канцы 1980-х. Мая Тодараўна падкрэсьлівае, што лічыць Паўла Якубовіча, галоўнага рэдактара газэты «СБ. Беларусь сегодня» прыстойным чалавекам.

— Мая Тодараўна, сёньня я рабіла інтэрвію з Паўлам Якубовічам, у якім ён кажа пра тое, што зь яго ініцыятывы зрушылася з месца пытаньне межаў і ахоўных зонаў Курапатаў, і спасылаецца на вас, бо вы ў свой час як кіраўніца курапацкага мэмарыялу шмат намаганьняў прыклалі дзеля гэтай справы...

— Мы гадзіну размаўлялі зь ім па тэлефоне. Я яму сказала, што ня трэба на тэрыторыі мэмарыялу нічога рабіць, а калі які памятны знак усталёўваць, дык толькі на полі, і самае галоўнае, каб былі дастаткова вялікія ахоўныя зоны. Ён усе мае аргумэнты прыняў.

30 кастрычніка споўніцца 80 гадоў ад дня расстрэлу вашага бацькі. Што вы будзеце рабіць у гэты сумны дзень?

— Я нічога рабіць не магу. Я толькі магу ляжаць. Я цалкам стала інвалідам.

— Ці можаце хаця б крыху па кватэры прайсьціся?

— Кроху магу яшчэ. А зараз яшчэ ацяпленьня няма, увогуле я ў такой роспачы. Я яшчэ спадзяюся, што не паміраю. Спадзяюся пабачыць, што Курапаты ў бясьпецы. Апошняя мая надзея.

2008 год. Шэсьце на Дзяды.
2008 год. Шэсьце на Дзяды.

Я ўжо казала, што лічу прыстойным чалавекам Паўла Якубовіча. Я была зь ім вельмі шчырая пры сустрэчы. Ён кожнае мае слова прыняў як добрае зерне. Я ўдзячная яму, што ён мае яшчэ дачыненьне да гэтага, таму як спадзяюся, што ўсё атрымаецца менавіта такім чынам. І боль мой, і спадзеў, што ўсё ж добрае пераможа, дзеля чаго трэба было жыць. Мне тэлефанавалі, што добрая была выстава ў музэі Янкі Купалы пра расстраляных літаратараў, але я не магу пайсьці...

— У чэрвені вам перадалі з КДБ справу вашай маці. Калі мы з вамі тады гутарылі, вы казалі, што вам патрэбны час, каб яе вывучыць...

Там пра маму пісалі ў разьдзеле «асобыя прыкметы» полька, а гэта на той час была расстрэльная прыкмета.

— Тэма яшчэ не закрытая. Калі пры канцы 1980-х мне паказвалі справу маці, там быў адзін аркуш, а цяпер у справе шмат розных аркушаў, а гэтага няма. А я добра памятаю яго. Там пра маму пісалі ў разьдзеле «асобыя прыкметы» полька, а гэта на той час была расстрэльная прыкмета. У мяне сьлёзы тады градам ліліся. А ў той справе, што мне сёлета перадалі, ужо беларуска напісана. Напічкалі другімі аркушамі, якія не прачытаеш, таму як яны дрэннай якасьці. Яны, відаць, пакуль званілі мне (я зь імі на кантакт не ішла), і ў Маскве, і ўсюды шукалі, што б туды панаклеіць, каб зрабіць справу, падобную на нешта. Падобную, але ня тую дзікунскую, што яна ў сабе несла. Ёсьць праблемы і прэтэнзіі. Але да каго ўжо зь імі зьвяртацца...

***

Сёлета ў чэрвені Мая Кляшторная наведала рэдакцыю газэты «СБ. Беларусь сегодня» на запрашэньне галоўнага рэдактара газэты Паўла Якубовіча. Дзякуючы ягонай ініцыятыве Мая Тодараўна ўпершыню змагла пазнаёміцца з архіўнай справай сваёй маці: кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і супрацоўнікі Цэнтральнага архіву КДБ пайшлі насустрач Паўлу Якубовічу і абнародавалі копіі сакрэтных дакумэнтаў.

31 траўня Маі Кляшторнай споўнілася 80 гадоў. Гэты дзень яна правяла ў Казахстане, у мэмарыяльным комплексе на месцы былога Акмолінскага лягеру жонак здраднікаў радзімы (Алжыр). У гэты дзень з былымі вязьнямі і іх нашчадкамі сустрэўся прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў.

30 кастрычніка 1937 году, у Менску быў расстраляны бацька Маі Кляшторнай, паэт Тодар Кляшторны. Ягоную жонку Яніну Германовіч з 4-месячнай Маяй этапавалі ў Акмолінскі лягер жонак здраднікаў радзімы. Пяць гадоў маленькая Мая правяла разам з маці ў Акмолінскім лягеры, яшчэ шэсьць — у дзіцячым спэцпрыёмніку НКВД, і яшчэ сем гадоў — разам з маці ў ссылцы ў Сыбіры. Толькі ў 18 гадоў, вярнуўшыся ў Беларусь, Мая Кляшторная ўсьвядоміла, што ёсьць іншае, вольнае жыцьцё.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG