Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іх мужы, браты і бацькі былі ворагамі народу. Гісторыі жанчын з Акмолінскага лягеру жонак здраднікаў радзімы


Айнур Коскіна, «Настоящее время»

З 1937 году нікому не вядомае казахскае паселішча стала называцца 26-й кропкай Галоўнага ўпраўленьня лягероў і месцаў зьняволеньня — ГУЛАГу. Менавіта сюды пачалі этапаваць жонак, дачок, сёстраў «здраднікаў радзімы» і іншых жанчын зь сем’яў асуджаных па «расстрэльных» артыкулах.

За 16 гадоў існаваньня празь лягер Алжыр прайшло больш за 20 тысяч вязьняў з усяго Савецкага Саюзу, і тут не было ні воднай жанчыны, асуджанай асабіста. Усе яны былі вінаватыя толькі ў тым, што іх родныя былі прызнаныя «ворагамі народу».

У бязьмежныя стэпы Казахстану адправілі жанчын зь сям’і расстралянага маршала Тухачэўскага, сьпявачку Лідзію Русланаву, маці Булата Акуджавы і Маі Плісецкай. У гэтым самым лягеры былі жонкі дзяржаўных дзеячоў Казахскай ССР Турара Рыскулава, Тэмірбека Жургенева, Санжара Асфэндзіярава, пісьменьнікаў Бэімбэта Майліна, Сакена Сэйфуліна і многіх іншых.

Леон Нурмухамэдаў — сын былога народнага камісара, міністра сельскай гаспадаркі Казахстану Хасэна Нурмухамэдава. Ён распавядае, што пасьля расстрэлу бацькі ягоную маці Кіру Бярсеньневу арыштавалі і адправілі ў Алжыр. Дзіця выжыла толькі дзякуючы бабулі па матчынай лініі.

«Яна знайшла ў сабе сілы прыехаць у Алма-Ату, знайсьці, адшукаць мяне ў нейкім бараку паміраючага, — распавядае Леон Нурмухамэдаў. — Здолела аформіць ўсякія дакумэнты, прывезьці ў Расею».

Дачка беларускага паэта Тодара Кляшторнага ў Акмолінскім лягеры жонак здраднікаў радзімы апынулася разам з мамай.

«Калі ўжо прысуд бацьку быў «10 гадоў бяз права перапіскі», тады ўжо арыштавалі і маму, — распавядае Мая Кляшторная. — Я нарадзілася ў Беларусі».

Майя — не адзінае дзіця, адпраўленае ў Алжыр разам з маці. Дзяцей у лягеры хутка стала так шмат, што на хадайніцтва начальніка лягеру Сяргея Барынава і вядомага ў 30-я гады маскоўскага пэдыятра, таксама вязьня Алжыру Ханы Марцінсан тут арганізавалі так званыя «ясьлі». Немаўляты жылі ў суседніх з мамамі бараках, але іх падзяляў калючы дрот. А пасьля таго, як ім спаўнялася тры гады, дзяцей чакаў дзіцячы дом.

Казахі, якія самі прайшлі праз голад у 30-х гадах, як маглі ратавалі змардаваных жанчын зь лягеру. Рэжысэр Дар’я Віёліна, унучка былой зьняволенай Алжыру Лідзіі Фрэнкель-Віёлінай распавядае, як яе бабуля з удзячнасьцю ўспамінала жыхароў пасёлку недалёка ад лягеру.

«Мне вельмі шмат гадоў хацелася апынуцца ў Казахстане і ўбачыць гэтую зямлю, таму што мая бабуля вельмі шмат добрага казала. Людзі, якія прайшлі лягеры ў гэтай краіне, захавалі пра Казахстан вельмі добрую памяць. І пра казахскі народ, які быў вельмі да іх міласэрны», — распавядае Віёліна.

Дар’я — аўтар двух дакумэнтальных фільмаў пра лёс жанчын і дзяцей Алжыру: «Даўжэй за жыцьцё» і «Мы будзем жыць». На думку рэжысэра, у стварэньні гэткага лягеру сталінскі рэжым закладваў глыбокі ідэалягічны сэнс.

«Была надзея вырасьціць, паводле геніяльнага вызначэньня Чынгіза Айтматава, „манкуртаў“, — заўважае рэжысёр. — Спрабавалі выгадаваць пакаленьне дзяцей, якое б ня ведала уласных каранёў і ня памятала сваіх бацькоў, пагарджала сваімі бацькамі Гэта не ўдалося».

У 2007 годзе ў пасёлку Акмол быў пабудаваны мэмарыяльны комплекс, які так і называецца — Алжыр. Работнікі музэю па драбніцах зьбіралі інфармацыю аб вязьнях лягеру ў архівах НКВД, а частку экспанатаў падалі сваякі жанчын-зьняволеных.

Пачынаючы з 1937 году, на тэрыторыі Казахстану знаходзіліся самыя буйныя лягеры структуры ГУЛАГы — Алжир, Степлаг (Особлаг № 4, лягер для палітычных зьняволеных у пасёлку Кенгір Карагандзінскай вобласьці Казахстана), Карлаг (Карагандзінскі папраўча-працоўны лягер). Рэспубліка практычна ператварылася ў адну вялікую турму. За гады рэпрэсіяў у лягеры Казахстану толькі афіцыйна былі сасланыя больш за 5 млн. чалавек. Але неафіцыйныя дадзеныя значна перавышаюць гэтую лічбу.

Аднак Дар’я Віёліна адзначае, што паміж Расеяй і Казахстанам ёсьць вялікая розьніца ў тым, як паважаецца памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

«Няма двухсэнсоўнасьці ў дачыненьні да сталінскіх рэпрэсій. У Расеі яна, на жаль, да гэтага часу ёсьць. У Расеі ўсур’ёз можна на фэдэральных каналах абмяркоўваць, ці ня варта перайменаваць Валгаград у Сталінград», — заўважае яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG