Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З архіву Свабоды: Анатоль Вярцінскі расказвае, як выйшла ў сьвет праўда пра Курапаты


Анатоль Вярцінскі. Архіўнае фота
Анатоль Вярцінскі. Архіўнае фота

Трыццаць пяць гадоў таму — 3 чэрвеня 1988 году — у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці».

У якіх абставінах выйшла ў сьвет праўда пра Курапаты? Якое дачыненьне да Курапатаў меў пэрсанальны кіроўца Янкі Купалы? Ці можна без пакараньня і пакаяньня адмежавацца ад зла? Прапануем з нашага архіву інтэрвію, якое дзесяць гадоў таму даў Свабодзе былы рэдактар «ЛіМу» паэт Анатоль Вярцінскі.

— Анатоль Ільліч, давайце прыгадаем той час — канец траўня 1988 году. Вы — галоўны рэдактар «Літаратуры і мастацтва» — папулярнага на той час тыднёвіка Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Ці былі ў вас ваганьні, сумненьні — друкаваць ці не артыкул «Курапаты — дарога сьмерці»?

— Сумненьняў і ваганьняў у мяне не было. І як у грамадзяніна, і як у галоўнага рэдактара, яны ў тым выпадку ва мне супалі. Артыкул пра Курапаты адпавядаў той ідэалягічнай, маральна-этычнай лініі, якую на той час праводзіла пісьменьніцкая газэта. Мяне ў артыкуле ўразілі ня толькі факты і жывыя сьведчаньні, але і выказаныя аўтарамі адкрытым тэкстам вызначэньні і высновы. Я ўжо ведаў, што аўтарам тэксту быў Зянон Пазьняк, хоць матэрыял ён зьбіраў разам са сваім паплечнікам і аднадумцам Яўгенам Шмыгалёвым. У артыкуле ставіліся ўсе кропкі над «і», гаварылася пра масавасьць рэпрэсій, пра іх «плянавую эканоміку» (гэта словы з артыкула), пра генацыд як найвялікшае злачынства супраць чалавецтва, пра неабходнасьць пакаяньня і пакараньня. Гэта ўсё абавязвала мяне як рэдактара падпісаць артыкул у друк. Што я і зрабіў.

— Ці ведалі пра пастаўлены ў нумар матэрыял пра Курапаты ў кіраўніцтве Саюзу пісьменьнікаў, у ЦК КПБ?

— Не, ня ведалі. І ў рэдакцыі апрача мяне ведаў толькі мой намесьнік Мікола Гіль. Ведаў яшчэ Васіль Быкаў, які напісаў па маёй просьбе кароткую, але вельмі трапную і зьмястоўную прадмову. Усё гэта было выкліна пэўнай асьцярожнасьцю і маім рэдактарскім досьведам, бо да гэтага мне ўжо даводзілася мець справу з тэлефоннымі званкамі то з Галоўліту — цэнзурнага органу, то з ЦК КПБ — з аддзелу прапаганды і агітацыі і з аддзелу культуры. Таму гэтым разам я праявіў пэўную тактыку — як мага менш агалоскі, як мага менш папярэдніх размоваў. — А чаму вы вырашылі зьвярнуцца да Быкава? Што прыўносіла ў публікацыю яго дужа ляканічная прадмова?

— Мне хацелася падстрахавацца. У Быкава быў аўтарытэт, ён быў ляўрэатам Ленінскай прэміі, Героем сацыялістычнай працы. Зразумела, што пачалася перабудова, галоснасьць і г.д. Але мне падумалася, што ў дадатак да той самай галоснасьці не зашкодзіць і аўтарытэт Васіля Быкава. Калі гаварыць пра зьмест прадмовы, то яна ўяўляла зь сябе міні-рэцэнзію на артыкул, у ёй гаварылася пра тое, што падобныя злачынствы павінны быць рана ці позна выкрытыя. І, памятаю, Быкаў заканчваў сваю прадмову словамі: вялікую справу зрабілі аўтары артыкула, яны выканалі свой людзкі абавязак перад народам і перад гісторыяй.


— Праўда пра Курапаты — гэта была бомба пад усю камуністычную сыстэму. Ці спрабавала ўлада, ЦК КПБ неяк дэзавуяваць, аспрэчыць публікацыю Пазьняка і Шмыгалёва?

— Наадварот, улады яе ўспрынялі адэкватна. Сталі прымаць неабходныя меры, прытым тэрмінова. Ужо 14 чэрвеня, праз адзінаццаць дзён пасьля публікацыі, была прынятая пастанова Савету міністраў БССР аб утварэньні камісіі па дасьледаваньні абставінаў масавых расстрэлаў у Курапатах. Пазьней зьявілася і пастанова Саўміну аб увекавечаньні памяці ахвяраў рэпрэсій. Літаральна праз некалькі дзён пасьля публікацыі галоўным пракурорам рэспублікі Тарнаўскім была распачатая крымінальная справа па факце масавых расстрэлаў у Курапатах. Падкрэсьлю, гэта была адзіная на той час пастанова на тэрыторыі Савецкага Саюзу такога парадку. Вось якая была рэакцыя ўладаў.

— Але ж я ведаю, што матэрыялы пра іншыя месцы масавых расстрэлаў у «ЛіМе» пэўны час больш не праходзілі. Цэнзура з вамі стала больш пільнай?

— Згадаю такі факт. Тым жа летам, відаць, пад уражаньнем артыкула «Курапаты — дарога сьмерці» ў «ЛіМ» прынёс свой матэрыял Васіль Хомчанка — пісьменьнік і падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы. Яго артыкул называўся «Прагулка па парку з пракурорам». Пад паркам меўся на ўвазе вядомы менчукам Парк чалюскінцаў. Хомчанка напісаў, што ў Парку чалюскінцаў адбывалася тое самае, што і ў Курапатах. Словам, размова ішла пра другія менскія Курапаты, што знаходзіліся ва ўсходняй частцы Парку чалюскінцаў. Мне пазванілі з ЦК КПБ: «Мы прапаноўваем вам зьняць артыкул Хомчанкі. — Чаму? — З Паркам чалюскінцаў трэба яшчэ разабрацца. Вэтэраны будуць супраць, бо там немцы расстрэльвалі нашых палонных. З нас хопіць адных Курапатаў,» — рашуча запатрабаваў адзін з работнікаў ЦК КПБ. Давялося зьняць.

— У артыкуле «Курапаты — дарога сьмерці» гаварылася пра пакараньне і пакаяньне. У Беларусі не адбылося ні таго, ні другога. Можа быць, сёньняшні лукашызм — як вынік таго непакараньня і непакаяньня?

— Зянон Пазьняк у тым выпадку аказаўся прадбачлівым. Сапраўды, распачатая крымінальная справа па факце масавых расстрэлаў, праведзенае адпаведнае сьледзтва, прынятая пастанова Савету міністраў аб увекавечаньні памяці ахвяраў, і раптам усё гэта кладзецца пад сукно. Сёньня Курапатамі займаюцца толькі грамадзкія актывісты, зьяўляюцца дасьледаваньні Леаніда Маракова, Ігара Кузняцова, на Радыё Свабода гучыць штодня перадача «Картатэка Сталіна»... Увесь цывілізаваны сьвет — і захад, і ўсход — ведае: без прызнаньня віны, без пакаяньня немагчыма. Пакаяньне — гэта адзіны магчымы сродак, каб усьвядоміць прычыненыя некаму табой гвалт і зло і адмежавацца ад гэтага зла. Кажучы словамі паэта Бродзкага: «Бог сохраняет всё, особенно слова прощенья и любви, как собственный свой голос». Але ў нашым выпадку няма ня толькі асуджэньня, ня толькі адпаведнай прававой і маральнай ацэнкі, а нават прызнаньня таго, што адбывалася ў Курапатах. Няма прызнаньня Курапатаў як рэальнасьці, якую грэх ня ведаць! У элемэнтарным маральным пляне грэх ня ведаць і адпаведна не асэнсоўваць! Горш за тое, трагічныя рэальныя падзеі фальсыфікуюцца. Пэўна, тут мае рацыю аўтар вядомых твораў «Вялікі тэрор» і «Жалобнае жніво» гісторык Робэрт Конквэст, які гаварыў, што справа ў тым, што савецкія людзі дзесяцігодзьдзямі жылі ва ўмовах татальнай фальсыфікацыі ўсяго грамадзкага жыцьця, ва ўмовах усеабдымнай хлусьні. Самае страшнае ў сталінізме, — гаварыў Конквэст, — не ўхваленьне дыктатара, а тэрор і фальсыфікацыя, што зьяўляюцца ягонай сутнасьцю.

— Пра Курапаты за дваццаць пяць гадоў напісана шмат. Якія публікацыі на гэтую тэму вас апошнім часам уразілі?

— Нядаўна я перачытваў кнігу Тарнаўскага, Собалева і Гарэліка «Сьледзтва працягваецца» і сустрэў там прозьвішча — Яртымік. Я спахапіўся — нешта знаёмае. Учытаўся ў тэкст і зразумеў, хто маецца на ўвазе. Кіроўца Яртымік згодна з матэрыяламі сьледзтва вазіў у Курапаты асуджаных да расстрэлу, а потым быў пэрсанальным кіроўцам Янкі Купалы! Між іншым, у часе вайны адвозіў паэта ў Маскву. А пасьля вайны ізноў знайшоў сабе адпаведнае месца — быў пэрсанальным кіроўцам Аркадзя Куляшова. Спачатку вазіў пісьменьнікаў у Курапаты на расстрэл, а потым — Купалу і Куляшова... Факт, які гаворыць сам за сябе.

— Мне расказваў Максім Лужанін, што калі той Яртымік памёр, то яго хавалі з такімі ўшанаваньнямі, як Купалу не хавалі... Ці можна сказаць, што Беларусь сярод былых савецкіх рэспублік вылучаецца яшчэ і непрызнаньнем сталінскага тэрору?

— Так і ёсьць. Прыкладам, у Казахстане, здаецца, 1997 год быў абвешчаны Годам памяці ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій. І гэтая традыцыя там усталявалася. З удзелам прэзыдэнта Назарбаева быў адкрыты помнік у «казахстанскіх Курапатах» — у мястэчку Жаналык пад Алма-Аты. У краіне ўшаноўваюць былых рэпрэсаваных. Удзельнікі ўшанавальных акцый прымаюцца самім прэзыдэнтам. Пра адзін з такіх прыёмаў мне распавяла Мая Тодараўна Кляшторная. Падчас прыёму яна сядзела побач з Назарбаевым, адказвала на яго пытаньні. Падарыла прэзыдэнту Казахстана кніжку свайго бацькі — паэта Тодара Кляшторнага, расстралянага ў Курапатах. Назарбаеў разгарнуў кніжку і пачаў чытаць адзін зь вершаў: «Бачу і чую, чую і бачу...». Усьміхнуўся і сказаў: «Ну, амаль усё зразумела». Другі прыклад, зьвязаны з «карэльскімі Курапатамі». Ва ўрочышчы Сандармох, што паблізу Мядзьведжагорска (там, дарэчы, адбываў пакараньне Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі) у свой час адбылася акцыя «Пакаяньне». І з таго часу ва ўсёй Карэліі адзначаецца Дзень памяці бязьвінна забітых.

— Неяк госьцем «Вольнай студыі» быў Георгі Каржанеўскі з Валожына, які наведваў месца зьняволеньня свайго бацькі ў Рэспубліцы Комі, у Абезі. Зь яго словаў, Польшча і Літва ўсталявалі там цэлыя мэмарыялы. А вось Рэспубліка Беларусь не зрабіла нічога.

— Затое ў Беларускай дзяржаве створаная гэтак званая Лінія Сталіна. Для гэтай «лініі» знайшліся сродкі, была праяўленая пэўная палітычная воля. Хоць, здавалася б, той самы Зянон Пазьняк завяршыў артыкул «Курапаты — дарога сьмерці» словамі, якія цяжка абвергнуць: «Кожны сумленны чалавек павінен змагацца са сталінізмам — самай подлай, самай ілжывай, самай антыгуманнай зьявай». Наўсьлед за словамі Пазьняка я згадваю, як своеасаблівую пераклічку ў часе, выказваньне вядомага дасьледчыка тэмы рэпрэсій Леаніда Маракова: «Сталін — галоўны забойца ўсіх часоў і народаў». Таму Курапаты і Лінія Сталіна несумяшчальныя — духоўна, ідэйна і маральна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG