Гэта гісторыя Маі Кляшторнай, дачкі паэта Тодара Кляшторнага. Мы ведалі адна адну шмат гадоў, разам езьдзілі ў Курапаты. Стаялі на схіле, дзе, як яна лічыла, ляжаць парэшткі бацькі. Апошні раз мы сустрэліся ў сьнежні 2016-га ў яе менскай кватэры. Муж Генадзь прыносіў каву і гарбату. Мая Тодараўна расказвала пра любімую ўнучку Хрысьціну, паказвала старыя фатаздымкі і пляны баракаў дзіцячага спэцпрыёмніку НКВД на пажаўцелай паперы. На сьцяне вісеў партрэт бацькі. Пяць гадоў яна правяла ў Акмалінскім лягеры, шэсьць — у дзіцячым спэцпрыёмніку НКВД, яшчэ сем — у сыбірскай ссылцы. Пра перажытае маўчала амаль да канца 1980-х.
Амаль дзесяць гадоў запіс нашай размовы захоўваўся ў маім архіве. Спачатку Мая Тодараўна пагадзілася на публікацыю, потым адмовілася. 3 жніўня 2026 году яе ня стала. Цяпер я публікую гэтыя ўспаміны. Спадзяюся, яна даруе мне гэтае рашэньне: хачу захаваць яе голас і памяць пра трагедыю яе сям’і, пра сталінскія злачынствы, якія засталіся непакаранымі.
- Мая Кляшторная нарадзілася 31 траўня 1937 году. Калі ёй было чатыры месяцы, яе бацьку, беларускага паэта Тодара Кляшторнага, расстралялі ў ліку больш як ста прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Неўзабаве арыштавалі і маці, Яніну Германовіч, як «жонку здрадніка радзімы». Разам зь немаўлём яе адправілі ў Акмалінскі лягер жонак «здраднікаў радзімы» (рас. скарот АЛЖИР). Дзьвюх старэйшых дачок Тодара Кляшторнага Тадзіяну і Веснавіну адправілі ў сталінскія дзіцячыя дамы ў Мардовіі. Пяць гадоў маленькая Мая правяла разам з маці ў Акмалінскім лягеры, яшчэ шэсьць — у дзіцячым спэцпрыёмніку НКВД, і яшчэ сем гадоў — разам з маці ў ссылцы ў Сыбіры. Толькі ў 18 гадоў, вярнуўшыся ў Беларусь, Мая Кляшторная ўсьвядоміла, што ёсьць іншае, вольнае жыцьцё. Але да канца 1980-х яна амаль нікому не расказвала пра перажытае ў ГУЛАГу.
- Пасьля адкрыцьця масавых пахаваньняў у Курапатах Мая Кляшторная стала адной з найбольш актыўных удзельніц стварэньня і захаваньня народнага мэмарыялу. Як архітэктарка і навуковая кіраўніца мэмарыялу яна ўдзельнічала ў яго добраўпарадкаваньні, распрацоўцы канцэпцыі і ахоўных зонаў, дзесяцігодзьдзямі адстойвала Курапаты ад забудовы й іншых пагрозаў, удзельнічала ў грамадзкіх кампаніях у абарону Курапатаў.
- 3 жніўня 2026 году Маі Кляшторнай ня стала.