Пра рэпрэсаванага бацьку
«Бацька ведаў пра маё нараджэньне, хоць ён быў ужо ў турме. Калі я нарадзілася, мама дамаглася спатканьня з бацькам… Бацька пабачыў немаўлятка неданошанае. А потым стала кепска і маме, і бацьку. Ён быў вельмі зьнясілены допытамі. Бацькаў сябра Алесь Пальчэўскі, якога таксама арыштавалі і які быў сьведкам, расказваў, што Кляшторны сам ісьці на допыты ня мог. Яго доўгая постаць проста валачылася. У нас быў добрым сябрам сям’і Апанас Фёдаравіч Кавалёў. Калі сам ён быў у турме, казаў, што, магчыма, чуў голас бацькі. І дзень і ноч крычаў чалавек. І калі ён запытаў, хто так крычыць, яму адказалі: „Паэт. Звар’яцелы“. Вось што такое той час. Што рабілі зь людзьмі, перш чым адправіць у Курапаты».
«Я лічу, што магіла яго ў Беларусі. Мне потым на Дзяды быў сон, што паўстаюць курапацкія людзі са сваіх магіл, ачапляюць гэтую тэрыторыю, і толькі аднаго я баюся, каб не разарваўся б ланцуг людзкі. Уражаньне было моцнае ад гэтага сну. Я толькі прасіла: „Людзі, не разрывайце ланцуг“. А потым на месцы гэтага ланцугу паўсталі блакітныя каменьчыкі, я кажу: „Людзі станавіцеся, людзі, давайце абаронім гэтую мясьціну“. Я не сумняваюся, што душы і бацькі майго і ягоных сяброў і тых, каго напаткаў такі лёс, у Курапатах».
Пра дзяцінства ў ГУЛАГу
«Мы тады не ўяўлялі [што адбылося з бацькамі]. Для нас норма жыцьця была тая, што была. Мы жылі ў бараках. Потым дзіцячы барак асобна пабудавалі каля карцэра і будынку адміністрацыі. Таму што гуртаваць дзяцей трэба было асобна ад іх мацярэй. Трэба было з нараў нас перавесьці ў нейкае памяшканьне на тэрыторыю ГУЛАГу».
Пра знаёмства з архіўнай справай маці
«Ня толькі паказалі, але далі копію мамінай справы. Зьдзівіла мяне, што там ёсьць болей дакумэнтаў, чым у той справе, зь якой мяне знаёмілі шмат гадоў таму, калі ўпершыню да гэтых справаў можна было атрымаць доступ. Калі пры канцы 1980-х мне ў КДБ паказвалі справу, то толькі адкрылі папку, нейкі лісток прачыталі зь яе. Ня мела права нават рукамі дакрануцца. Мне чыталі, а я плакала, была заслона сьлёз. Тады паказвалі і справу бацькі, і справу маці. У той копіі, якую я атрымала цяпер, ёсьць невядомыя мне дакумэнты, напрыклад ліст, мамінай рукой напісаны Кліму Варашылаву».
Пра стварэньне «Мартыралёгу Беларусі»
«[19 кастрычніка 1988] У Доме кіно мы ўбачылі культурных, выхаваных людзей — яны былі абуджаныя раней за нас. Гэта былі тыя, хто змог данесьці да людзей праўду пра Курапаты, — Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк і ягоныя сябры. Тады многія людзі не разумелі, атрымаўшы зьвесткі аб рэабілітацыі сваіх бацькоў, што яшчэ ёсьць і магілы. Стварэньне „Мартыралёгу“ якраз і было абуджэньнем народу. У людзей нібы шоры з вачэй упалі. Ужо тады зьявілася вядомая публікацыя „Курапаты — дарога сьмерці“, былі праведзеныя дасьледаваньні, дакумэнтаваліся ўспаміны сьведкаў. І гэта абудзіла ўсю Беларусь».
Пра ахову Курапатаў
«Калі Курапаты ўнесеныя ў дзяржаўны сьпіс як помнік, то да іх павінна быць і стаўленьне гэткае ж, як да ўсіх помнікаў — як да Кургану Славы, стэлы на праспэкце Машэрава, Трасьцянца і гэтак далей. Але заўсёды Курапаты адкідаюць як помнік, які не адбыўся на дзяржаўным узроўні. На самай справе ён адбыўся, ён унесены ў дзяржаўны сьпіс, таму ніякага выключэньня тут не павінна быць».
Пра паламаныя крыжы ў Курапатах
«Прызнаны, і зарэгістраваны, і ў сьпіс помнікаў увайшоў, і як помнік першай катэгорыі… Але, тым ня менш, прызнаць — прызналі, але не ахоўваюць. Недзе залішне гэтых ахоўнікаў, прычым, на месцах, дзе няма такога сьвятога падмурку, як тут. Тут вельмі сьвяты падмурак, тут косткі чалавечыя, тут гісторыя наша. Да яе трэба асабліва ашчадна ставіцца… Ёсьць боскае. А ёсьць сатанінскае. Хто ня мае душы, да Бога ня зьвернуты, ён робіць тое, што яму падказвае сатана…»
Пра адкрыцьцё Лініі Сталіна
«Кожны раз, калі згадваецца імя Сталіна, я адчуваю на сабе гэткае надмагільле. Так, мне будзе цяжка стаяць на тым прыпынку ля Сувораўскай вучэльні. Я ўсё чакала, што перайменаваньне будзе самой вучэльні, а тут, бачыце, Сталіна туды вярнулі. Гэта ўсё роўна, што мяне прывязалі да таго будынку, і камянямі закідалі. У нашым бараку на бачным месцы партрэт Сталіна вісеў. Так мы і вырасьлі. Я не магу нават вымаўляць гэтага імя».
Пра рэстарацыю «Поедем поедим» побач з Курапатамі
«Гэта нахабства людзей, якія гаспадараць па ўсё Беларусі… І ў нас пад вокнамі бізнэс-цэнтры распачынаюць будаваць. Гэтае нахабства ніколі ня скончыцца. Я перажыла столькі за гэтыя гады, але ніколі не рабіла шуму, а толькі дамаўлялася з тымі чыноўнікамі, ад якіх гэта залежала. Чыноўнікі мяняюцца, а пляны іх не мяняюцца, перадаюцца ў спадчыну».
«Для мяне галоўнае, што Курапатам патрэбны спакой. Калі жадаеш дабра, тады ахоўваеш. Там не павінна быць шумных падзей, якія магчымыя на плошчы ці яшчэ дзе. Вакол Курапатаў не патрэбны шум».
Мая Кляшторная нарадзілася 31 траўня 1937 году. Калі ёй было чатыры месяцы, яе бацьку, беларускага паэта Тодара Кляшторнага, расстралялі ў ліку больш як ста прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Неўзабаве арыштавалі і маці, Яніну Германовіч, як „жонку здрадніка радзімы“. Разам зь немаўлём яе адправілі ў Акмолінскі лягер жонак „здраднікаў радзімы“ (АЛЖЫР).
Першыя пяць гадоў жыцьця Мая правяла разам з маці ў лягеры. Потым яшчэ шэсьць гадоў знаходзілася ў дзіцячым спэцпрыёмніку НКВД, а пасьля разам зь маці яшчэ сем гадоў была ў ссылцы ў Сыбіры. У Беларусь яна вярнулася толькі ў 18 гадоў.
Архітэктарка паводле адукацыі, у канцы 1980-х Кляшторная стала адной з заснавальніц гісторыка-асьветніцкага таварыства „Мартыралёг Беларусі“, якое займалася дасьледаваньнем і ўшанаваньнем памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Шмат гадоў яна была навуковай кіраўніцай мэмарыяльнага комплексу ў Курапатах, удзельнічала ў яго добраўпарадкаваньні, распрацоўцы канцэпцыі і ахоўных зонаў, дзесяцігодзьдзямі адстойвала Курапаты ад забудовы і іншых пагрозаў.
Форум