Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто павінен ахоўваць урочышча Курапаты?


Ганна Соусь, Менск У дзяржаўным сьпісе гістарычна-культурных каштоўнасьцяў запісана, што месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў урочышча Курапаты знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Тым ня менш, днямі там адбыўся чарговы акт вандалізму. Хто і якім чынам павінен ахоўваць Курапаты?

Я запыталася ў намесьніка начальніка ўпраўленьня аховы гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Ігара Чарняўскага, хто нясе адказнасьць за захаванасьць урочышча Курапаты, а таксама ўсталяваных там крыжоў і мэмарыяльных знакаў.

(Чарняўскі: ) “Усё, што ў Курапатах прыўнесена чалавекам — крыжы, надпісы і гэтак далей — не зьяўляецца суб’ектам аховы гістарычна-культурнай каштоўнасьці. Трэба распрацаваць у вызначаным парадку праектную дакумэнтацыю, зацьвердзіць яе, гэта будзе называцца мэмарыялізацыяй. І тады гэта можна будзе ахоўваць як прававы суб’ект. Лава Клінтана… Усталявалі — і добра. Яшчэ нешта ўсталявалі, і добра. Тое, што прынамсі не перашкаджае, не стварае пагрозы Курапатам, мы на гэта глядзім спакойна. Хаця па вялікім кошце, усе гэтыя дзеяньні — усталяваньне крыжоў ды іншае — не зьяўляюцца законнымі”.

Паводле прадстаўніка Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага, праблема палягае ў тым, што ў Курапатаў няма сапраўднага гаспадара. Паколькі Менская лесапаркавая гаспадарка, якая падпісала ахоўныя забавязаньні, мае абсалютна іншы профіль — догляд лесу, і Курапаты для іх ёсьць проста адным зь лясных участкаў. І пакуль урочышча ня будзе мець гэтак званага профільнага гаспадара, акты вандалізму могуць паўтарацца, лічыць Ігар Чарняўскі.

Навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная ўпэўненая ў тым, што дзяржава абавязаная ахоўваць і даглядаць урочышча, паколькі месца згубы ахвяраў масавых рэпрэсіяў унесенае ў дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў.

(Кляшторная: ) “Калі Курапаты ўнесеныя ў дзяржаўны сьпіс як помнік, то да іх павінна быць і стаўленьне гэткае ж, як да ўсіх помнікаў — як да Кургану Славы, стэлы на праспэкце Машэрава, Трасьцянца і гэтак далей. Але заўсёды Курапаты адкідаюць як помнік, які не адбыўся на дзяржаўным узроўні. На самай справе ён адбыўся, ён унесены ў дзяржаўны сьпіс, таму ніякага выключэньня тут не павінна быць”.

Ва ўрочышчы Курапаты ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі паводле розных падлікаў ад 40 да 250 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG