Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася вуліца Тодара Кляшторнага


Дзяды 2007(фота "Нашай Нівы")
Дзяды 2007(фота "Нашай Нівы")

16 красавіка на Лепельшчыне адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 105-ых угодкаў рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага. Госьці “Начной Свабоды” -- дачка паэта Мая Кляшторная, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч і колішні рэдактар “Ліму” Анатоль Вярцінскі.


Пашкевіч: “Камянецкая зямля годна, як мне падаецца, адзначыла 105 гадавіну свайго знакамітага земляка Тодара Кляшторнага. Была паўнюткая заля людзей, больш сотні школьнікаў, моладзі. Наладзілі літаратурныя чытаньні, чыталі вершы, выконвалі песьні на словы Тодара Кляшторнага. У гэты не зусім па-вясноваму цёплы веснавы дзень на лепельскай зямлі адбылося сьвята ўшанаваньня і ганараваньня вялікага беларускага паэта”

Я папрасіла Маю Кляшторную падзяліцца ўражаньнямі ад сёньняшняй імпрэзы.

ў цэнтры назвалі вуліцу імем Тодара Кляшторнага
Кляшторная:
“У мяне вельмі моцнае ўражаньне. Радзіма бацькі Парэчча -- блізка каля Каменя, але гэта ўсё адно. Тут ў цэнтры назвалі вуліцу імем Тодара Кляшторнага. Дзякуючы энтузіязму людзей, якія ад сваіх бацькоў памятаюць, што было і хто быў на гэтай зямлі. Прыехалі з навакольных мясьцінаў шмат вучняў з пяці школаў. З Лепеля прыехалі людзі, з Віцебшчыны. Маё ўражаньне, настолькі моцнае, быццам Госпад ахінуў нас тут, і ўсе людзі, якія зьехаліся, пабывалі пад ягоным крылом у памяць бацькі”.

Соўсь: “Вас ў трохмесячным узросьце разам з маці адправілі ў ГУЛАГ, дзе вы правялі амаль 18 гадоў. Скажыце, калі ласка, а дзеці ў лягеры ўсьведамлялі, што адбылося з іхнімі бацькамі, яны ўяўлялі сябе маштаб рэпрэсій?”

Кляшторная: “Мы тады не ўяўлялі, Для нас норма жыцьця была тая, што была. Мы жылі ў бараках. Потым дзіцячы барак асобна пабудавалі каля карцэра і будынку адміністрацыі. Таму што гуртаваць дзяцей трэба было асобна ад іх мацярэй. Трэба было з нараў нас перавесьці ў нейкае памяшканьне на тэрыторыю ГУЛАГу”.

Соўсь: “Калі 3 чэрвеня 1988 году ў “ЛіМе” выйшаў артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты. Дарога сьмерці”, Вы памятаеце свае першыя пачуцьці?”

Я вярнулася ў Менск, бо далей я рухацца ўжо не магла
Кляшторная:
“Я памятаю, калі набыла гэтую газэту. Я прыйшла ў кнігарню на Танкавай, каб набыць нешта сёньняшняе, і мне раптам прапаноўваюць "ЛіМ". Я сьпяшалася на электрычку. У электрычцы я пачынаю чытаць. Уражаньне маё такое, што я чытаю ўголас. Каля мяне людзі ўжо зьбіраюцца, слухаюць. Я не даехала туды, куды мне трэба было. Я вярнулася дахаты. Уражаньне было звышмоцнае, таму як перада мной адкрыўся сьлед, дзе мой бацька. Увесь час я яго чакала даволі доўга. Потым зразумела, што не дачакаюся, але вось мне Зянон Станіслававіч паважаны і Яўген Шмыгалёў паказалі магілу майго бацькі. Я вярнулася ў Менск, бо далей я рухацца ўжо не магла...”

Соўсь
: “Я памятаю, як у Курапатах Вы паказвала мне месца, дзе, як Вы мяркуеце яго магіла. Ёсьць розныя вэрсіі, дзе ляжаць парэшткі Вашага бацькі – ў парку Чалюскінцаў ці ў Курапатах. Калінебудзь магчыма адбудзецца ідэнтыфікацыя ахвяраў у Курапатах. Дзе б Вы хацелі, каб была магіла Вашага бацькі?”

Кляшторная”
“Я лічу, што магіла яго ў Беларусі. Мне потым на Дзяды быў сон, што паўстаюць курапацкія людзі са сваіх магіл, ачапляюць гэтую тэрыторыю, і толькі аднаго я баюся, каб не разарваўся б ланцуг людзкі. Уражаньне было моцнае ад гэтага сну. Я толькі прасіла: “Людзі, не разрывайце ланцуг”. А потым на месцы гэтага ланцугу паўсталі блакітныя каменьчыкі, я кажу: “Людзі станавіцеся, людзі, давайце абаронім гэтую мясьціну”. Я не сумняваюся, што душы і бацькі майго і ягоных сяброў і тых, каго напаткаў такі лёс, ў Курапатах”.

Соўсь: “Што пакінуў па сабе Ваш бацька паэт Тодар Кляшторны?”

Кляшторная: “Душа яго, відаць, адчувала... І калі я ехала сюды, згадала ягоны верш:

У незапамятных аддалях
На непадлічаных касьцях
Мы чалавецтву паказалі
І верны крок і верны шлях.



Сёлета 105 гадоў, як у Парэччы нарадзіўся Тодар Кляшторны. Яго расстралялі 30 кастрычніка 1937 году. Мая Кляшторная нарадзілася, калі бацька быў у турме. Праз колькі месяцаў пасьля нараджэньня Майі, маці арыштавалі. Да 5-6 год прабыла разам з маці ў Карлагу. А пасьля яе разам зь іншымі дзецьмі лягеру перавялі ў асобны лягер пад назвай “Піянерскі”. У 18 гадоў яна вярнулася ў Менск. Шмат хварэла. Скончыла архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, пасьля Маскоўскі інжэнэрна-будаўнічы інстытут.
У Маі Тодараўны дзьве дачкі. Яна навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу.


Соўсь: У Камені разам з Маяй Кляшторанай быў паэт і кольшні рэдактар “ЛіМу” Анатоль Вярцінскі. Гэта ён у 1988 годзе прыняў рашэньне надрукаваць артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты. Дарога сьмерці”. Я запыталася Анатоля Ільіча, ці ўсьведамляў ён, якія будуць наступствы, і якую ролю ён адыграе ў гісторыі Беларусі?

Анатоль Вярцінскі: “Ня думаю, што на самым пачатку ўсьведмляў. Для мяне гэта было адкрыцьцём, свайго роду шокам псыхалягічным Але, па-першае, не было ніякага сумневу, што нарэшце прыйшлоў час сказаць гэту праўду. Не было сумневу, што трэба друкаваць. Прадбачыў, што будуць цяжкасьці ідэйнага пляну. Дакладней кажучы, думаў, што можа перашкодзіць цэнзура. У той час існаваў Галоўліт. Але, дзякуй Богу, гэты артыкул удалося апублікаваць без умяшаньня Галаўліта у тым ліку і двух адзелаў ЦК -- прапаганды і культуры. Цяжкасьці былі тады, калі мы намераныя былі надрукаваць другі артыкул Зянона Пазьняка "Шумяць над магіламі сосны...”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG