На палітвязьня Віктара Сьнегура завялі пятую крымінальную справу
Палітзняволенага фігуранта «справы Аўтуховіча» Віктара Сьнегура трымаюць у зьняволеньні ўжо пяць гадоў і дзевяць месяцаў. У кастрычніку 2022 году Горадзенскі абласны суд асудзіў яго на 19 гадоў зьняволеньня паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку пра «замах на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
З таго часу Сьнегура ўжо тройчы судзілі паводле 411 артыкулу і дадалі да прысуду яшчэ пяць з паловаў гадоў няволі. Усяго, паводле падлікаў «Вясны», Віктар Сьнегур мае адбыць у вязьніцы 22 з паловай гады, але тэрмін можа павялічыцца.
Цяпер стала вядома, што супраць яго завялі чацьвёртую крымінальную справу паводле гэтага артыкулу, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Што вядома пра Віктара Сьнегура
Віктару Сьнегуру 38 гадоў, ён фігурант «справы Мікалая Аўтуховіча». Паводле «Вясны», у сьнежні 2025 году Віктар Сьнегур знаходзіўся ў ПК № 20 у Мазырскім раёне, але яго мусілі перавесьці ў іншае месца, таму актуальнага адрасу палітвязьня праваабаронцы ня ведаюць.
Вядома, што ў Віктара пагоршылася здароўе, яго ўжо некалькі месяцаў трымаюць у рэжыме інкамунікада.
Цягам амаль шасьці гадоў Віктара рэгулярна зьмяшчаюць у ШЫЗА і ПКТ, ён страціў шмат вагі, пачаліся праблемы зь сьпінай, нагамі і скурай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 20 кастрычніка: работніка «Беларусбанку» асудзілі за заклікі да санкцый і прызналі «тэрарыстам»Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 20 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 886 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 931.