Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 кастрычніка: работніка «Беларусбанку» асудзілі за заклікі да санкцый і прызналі «тэрарыстам»

Менскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота
Менскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

Работніка «Беларусбанку» асудзілі за заклікі да санкцый і прызналі «тэрарыстам»

На 53‑гадовага менчука Андрэя Кашанскага завялі крымінальную справу за «заклікі да санкцый».

Паводле «Нашай нівы» Андрэю Кашанскаму 53 гады, ён жыве ў Менску, працаваў у «Беларусбанку» на пасадзе старшага інкасатара.

Нядаўна Кашанскага асудзілі паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэксу («заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь»). Вырак невядомы, але ў кастрычніку 2026 году КДБ дадаў яго ў так званы «сьпіс тэрарыстаў».

У Менску будуць судзіць 17-гадовага юнака за «гераізацыю нацызму»

У Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі аб завяршэньні расьсьледаваньня супраць 17-гадовага ўдзельніка алімпіядаў у гісторыі, які «публічна апраўдваў злачынствы нацысцкага рэжыму, адмаўляючы пэўныя гістарычныя факты».

Як вынікае з паведамленьня, хлопец як адміністратар аднаго з даступных Telegram-каналаў два гады вырабляў і публікаваў «дэструктыўнае зьмесьціва», а таксама матэрыялы, што распальвалі нацыянальную варожасьць, і ілюстраваў іх «нацысцкай сымболікай і атрыбутыкай». Юнака ўзялі пад варту.

«Абвінавачаны выхоўваўся ў поўнай сям’і, характарызаваўся высокай акадэмічнай пасьпяховасьцю і быў удзельнікам прадметных алімпіядаў, у тым ліку ў гісторыі. Названыя абставіны сьведчаць аб тым, што юнак меў дастатковы аб’ём ведаў, цалкам усьведамляў характар і маштаб злачынстваў, учыненых нацыстамі на акупаваных тэрыторыях, а таксама бесчалавечную сутнасьць нацысцкай ідэалёгіі», — адзначылі ў Сьледчым камітэце.

Стаў вядомы вырак нампаліту памежнай заставы з Хвойнікаў

Праваабарончая ініцыятыва dissidentby паведаміла, што былога намесьніка начальніка памежнай заставы «Хойнікі» Артура Сыраквашу асудзілі на 3 гады 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Яго трымаюць у ПК № 3 у Віцьбе Віцебскай вобласьці. Памежніка асудзілі ў справе «Гаюна».

Раней было толькі вядома, што яго справу летась разглядаў Гомельскі абласны суд і вынес вырак — яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 і 2 артыкулу 361‑4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).


Telegram-ініцыятыва «Беларускі Гаюн» займалася зьбіраньнем зьвестак пра перамяшчэньне расейскіх войскаў. Зьвесткі дапамагалі ўкраінскаму боку арыентавацца ў становішчы і ацэньваць пагрозы.

Пра тое, што сілавікі маюць доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», стала вядома на пачатку лютага 2025 году. Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і праз два дні пасьля гэтага заявіў аб спыненьні працы «Гаюна». З таго часу праект, які стаў важнай крыніцай інфармацыі для беларускіх, украінскіх і міжнародных мэдыя, больш не публікуе зьвестак аб дзеяньнях расейскіх і беларускіх вайскоўцаў. 20 кастрычніка 2026 году «Вясна» паведаміла, што па «справе Гаюна» ўжо асудзілі сама меней 235 чалавек. Праваабаронцы прагназуюць, што колькасьць фігурантаў «справы Гаюна» можа дасягнуць 1000 чалавек.

Улады ўнесьлі ў «экстрэмісцкі» сьпіс старонку беларускага брэнду адзеньня

  1. KOZYR (TikTok)
  2. Siarhei Bespalau (Facebook)
  3. znivien_2020 (ZNIVIEN ЖНІВЕНЬ Беларускі брэнд адзення) (Threads)
  4. Алена Жаркевiч (Instagram)
  5. Беларусь Беларуская / Землянка (Telegram, Telegram-чат)
  6. Евгений Глушков (YouTube)
  7. Новости Беларусь (Instagram)
  8. Піліп Шаўроў (Facebook)
  9. Саня Наўковіч (Instagram)
  10. Сергей Будкiн (прапісаны ў табліцы Мінінфармацыі адрас вядзе на закрыты профіль Instagram, памылка ў напісаньні імя — таксама з апублікаванага дакумэнту)
  11. Честные люди (Facebook)

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 20 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 886 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 931.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG