15 кастрычніка ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выступіў на Саміце свабоды, піша «Вясна».
Форум у Вільні арганізавалі Міністэрства замежных справаў Літвы і міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House.
Апавядаючы пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, Алесь Бяляцкі падзякаваў усім, хто дамагаецца вызваленьня палітычных вязьняў рэжыму Лукашэнкі. Праваабаронца заклікаў да салідарнасьці зь беларускім дэмакратычным грамадзтвам. Апісваючы становішча ў Беларусі, ён падкрэсьліў:
«Няма ніякіх падставаў казаць пра адлігу».
Бяляцкі пералічыў крытэры, выпрацаваныя беларускімі праваабарончымі арганізацыямі для ацэнкі сытуацыі:
- вызваленьне палітзьняволеных;
- магчымасьць для беларускіх грамадзян, якіх выслалі і якія выехалі, бесьперашкодна вярнуцца ў Беларусь;
- спыненьне рэпрэсіяў і палітычна матываванага перасьледу ўва ўсіх формах;
- мараторый на рэпрэсіўнае заканадаўства.
«Нам мала вызваленьня палітычных зьняволеных, нам неабходная свабода», — падкрэсьліў Бяляцкі.
Сярод удзельнікаў форуму — міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс, кіраўнік Freedom House Джэймі Флай, лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская, украінскі журналіст і былы вязень данецкай турмы «Ізаляцыя» Станіслаў Асееў, прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, дэмакратычных рухаў, праваабаронцы з Вэнэсуэлы, Кубы і Нікарагуа.
Задачай саміту было выпрацаваць практычныя рэкамэндацыі для ўрадаў і міжнародных арганізацыяў у падтрымцы дэмакратычных рухаў і абароне людзей ад рэпрэсіяў.
Удзельнікі форуму выказалі падтрымку дэмакратычным памкненьням беларускага народу і яго праву самастойна вызначаць сваю будучыню, а таксама поўную салідарнасьць з дэмакратычнымі лідэрамі Беларусі, незалежнымі журналістамі і праваабаронцамі, якія працягваюць змагацца за свабоду, нягледзячы на ўсё больш жорсткія рэпрэсіі.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 16 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 878 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 929.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
- Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
- У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).
Форум