Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вызваліўшы нас, пасадзілі іншых». Алесь Бяляцкі паглядзеў фільм пра Алеся Бяляцкага

Алесь Бяляцкі на канфэрэнцыі ў Варшаве
Алесь Бяляцкі на канфэрэнцыі ў Варшаве
Слухаць
11 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

У Варшаве паказалі дакумэнтальны фільм «Бяляцкі / Нязломны» (Bialiatski / Unbroken) — пра ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году, кіраўніка «Вясны», праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Ён адказаў на пытаньні гледачоў і паабяцаў праз год выдаць новую кнігу.

Дакумэнтальны фільм «Бяляцкі / Нязломны» зьняла ў Літве кампанія «Ketvirta versija». Рэжысэр Эймантас Бяліцкас (Eimantas Belickas), аўтары сцэнару Аляксандра Глагольева і Юры Буцько, музыку да стужкі напісаў вядомы літоўскі кампазытар і музыка Андрус Мамантавас.

Праца над фільмам пачалася, калі Алесь Бяляцкі быў у зьняволеньні. А пад канец вытворчасьці фільму, 13 сьнежня 2025 году, Алеся Бяляцкага нечакана выпусьцілі з турмы і вывезьлі ў Літву. Сам праваабаронца ня ведаў пра стварэньне стужкі, пакуль быў за кратамі. Але калі паглядзеў, быў вельмі ўзрушаны і ўдзячны камандзе, назваўшы фільм «нечаканым, прыемным сюрпрызам».

Спэцдакладчыца ААН па сытуацыі з правамі чалавека Андрэа Баланас Варгас выступіла пасьля паказу дыстанцыйна
Спэцдакладчыца ААН па сытуацыі з правамі чалавека Андрэа Баланас Варгас выступіла пасьля паказу дыстанцыйна

На паказе ў Варшаве, акрамя самога Бяляцкага, былі яго калегі — праваабаронцы з Азэрбайджану і Кіргізстану Джавід Агаеў і Талекан Ісмаілава. Дыстанцыйна ў дыскусіі ўдзельнічала спэцыяльная дакладчыца ААН аб сытуацыі з правамі чалавека Андрэа Баляньняс Варгас.

Фільм пачынаецца кадрамі з уручэньня Нобэлеўскай прэміі міру ў 2022 годзе ў Осла жонцы ляўрэата Натальлі Пінчук і яе кранальнай прамовы. У стужцы шмат дакумэнтальных здымкаў: з пачатку 1990-х, дзе Бяляцкі ідзе ў маршы разам зь Юрыем Хадыкам, Генадзем Карпенкам, Юрыем Захаранкам ды іншымі; бульдозэры ў Курапатах; гвалтоўны разгон пратэстаў у 2020-м: стогны і крыкі з Акрэсьціна, відэазапіс з РУУС, дзе зьдзекуюцца з затрыманых; жорсткія кадры з турмаў. А таксама нечаканыя вызваленьні Бяляцкага з турмы ў 2014-м і ў 2025-м: кранальныя сустрэчы з жонкай Натальляй на менскім вакзале і ў віленскім аэрапорце.

«Свабоду Алесю Бяляцкаму»

Разгон Плошчы 2010 году. Бяляцкі тады быў віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH). На пачатку 2011 году, калі ён прыехаў у Парыж, калегі яго адгаворвалі вяртацца ў Беларусь. Але ён вярнуўся. Праваабарончы цэнтар «Вясна» тады падтрымліваў палітвязьняў і іхныя сем’і, аплочваў паслугі адвакатаў. У жніўні Алеся затрымалі і абвінавацілі паводле ч. 2. арт. 243 Крымінальнага кодэксу («утойваньне даходаў у асабліва буйным памеры»).

Суд па справе Алеся Бяляцкага ў лістападзе 2011 году. Архіўнае фота
Суд па справе Алеся Бяляцкага ў лістападзе 2011 году. Архіўнае фота

На суд тады прыйшлі дзясяткі людзей, калега-праваабароца Тацяна Равяка ў залі суду разгарнула плякат «Свабоду Алесю Бяляцкаму», людзі выгукалі: «Ганьба!».

23 лістапада 2011 году Алеся Бяляцкага асудзілі на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Адседзеў ён на 1 год і 8 месяцаў менш: выйшаў 21 чэрвеня 2014 году па амністыі — дзякуючы міжнароднаму ціску і салідарнасьці.

Пасьля падзеяў 2020 году беларускія палітыкі, актывісты пачалі масава зьяжджаць з краіны. Кіраўніцтва праваабарончага цэнтру «Вясна» прынцыпова заставалася ў Беларусі — дапамагала людзям зь юрыдычнымі парадамі, з найманьнем адвакатаў, з атрыманьнем візаў.

Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч на судзе ў 2021 годзе. Архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч на судзе ў 2021 годзе. Архіўнае фота

14 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі і па Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзя Лабковіча. Іх жорстка затрымалі. На свабоду праваабаронцы «Вясны» выйшлі амаль праз 5 гадоў.

Калі Алесь адбываў першае пакараньне, у бабруйскую калёнію № 2 яму прыходзіла па некалькі соцень лістоў у дзень. У фільме ёсьць іранічны момант. Тагачасная кіраўніца бюро для Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Саша Кулаева шмат пісала Алесю Бяляцкаму, дасылаючы лісты ў прыгожых капэртах. Пасьля вызваленьня Алеся яны разам прыехалі да будынку бабруйскай калёніі, зрабілі сэлфі на фоне яе шыльды.

Натальля Пінчук (у цэнтры) на цырымоніі атрыманьня Нобэлеўскай прэміі, сьнежань 2022
Натальля Пінчук (у цэнтры) на цырымоніі атрыманьня Нобэлеўскай прэміі, сьнежань 2022

І тут на ганак выходзіць цэнзар — проста пакурыць. Бяляцкага ён пазнаў і пажартаваў: «Алесь Віктаравіч, вы засумавалі і хочаце зноў да нас?» — «Не!» — адказвае Алесь. А Саша Кулаева кажа цэнзару: «Я Алесю шмат лістоў пісала». Цэнзар тут жа іх ацаніў: «Я памятаю, вашы лісты былі вельмі цікавыя». Заля таксама таксама ацаніла словы цэнзара — сьмехам і воплескамі.

А вось калі Алеся Бяляцкага разам з калегамі-вясноўцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам асудзілі адпаведна на 10, 9 і 7 гадоў зьняволеньня ў 2023 годзе, то кіраўнік «Вясны» адбываў пакараньне ў калёніі, вядомай асаблівай жорсткасьцю да палітвязьняў, — ПК-9 у Шклове. І тады ранейшая «адседка» ў Бабруйску ў параўнаньні з Шкловам здалася Бяляцкаму даволі лёгкай.

«З пачатку вайны з Украінай уся перапіска была спыненая, і палітвязьні апынуліся ў якасьці закладнікаў-палонных. За ўвесь 2025 год я атрымаў толькі адзін ліст ад жонкі. І ўсё — гэта было поўнае інкамунікада. Але я ведаў, што падтрымка ёсьць, салідарнасьць ёсьць — я быў у гэтым перакананы! І апавядаў іншым зьняволеным. Я ж ня першы год у праваабарончым руху і ведаю, наколькі моцна і праваабронцы, і актывісты, знаходзячыся на волі, стараюцца падтрымаць тых, хто за кратамі».

«Усе ацэнкіі нэгатыўныя»

Алесь прызнаецца, што пасьля вызваленьня глядзіць гэты фільм трэці раз. Праўда, пасьля перапынку ў 4 месяцы.

«У фільме я бачу маладога адваката Дзьмітрыя Лаеўскага, які мяне бароніць у 2011-м, а цяпер ён сам за кратамі — прысудзілі 3 гады зьняволеньня… Перасьлед адвакатаў, праваабаронцаў, грамадзкіх актывістаў працягваецца», — скрушна кажа нобэлеўскі ляўрэат.

Удава Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей і Алесь Бяляцкі на паказе фільма пра Бяляцкага ў Варашаве
Удава Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей і Алесь Бяляцкі на паказе фільма пра Бяляцкага ў Варашаве

Пасьля паказу ў Бяляцкага запыталіся, як ён ацэньвае сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі праз 6 гадоў пасьля 2020-га.

«Усе ацэнкіі нэгатыўныя. І пастаянны аналіз спэцыяльнага дакладчыка ААН, іншых міжнародных арганізацыяў, іхныя справаздачы сьведчаць, што ацэнка не зьмянілася, яна нэгатыўная. Таму і былі ўведзеныя палітычныя і эканамічныя санкцыі. Так, палітзьняволеных вызваляюць. Але ці зьяўляецца гэта сур’ёзнай зьменай і паляпшэньнем сытуацыі з правамі чалавека? Адназначна — не! Бо вызваліўшы нас, пасадзілі іншых. І тое, што зараз у турмах Беларусі знаходзяцца каля 1000 палітзьняволеных, — сьведчаньне таго. Зьявілася пэўная стомленасьць, некаторыя палітыкі загаварылі, што, можа быць, варта пачаць размаўляць з рэжымам… Але такія „выпускі“ палітзьняволеных не павінны нас падманваць. Мы ўсё ж павінны дабівацца кардынальных зьменаў у сытуацыі з правамі чалавека ў самой краіне», — перакананы Бяляцкі.

Новая кніжка

Праваабароца Алесь Бяляцкі — аўтар некалькі кніг: «Літаратура і нацыя» (1991); «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера» (2006); «Асьвечаныя беларушчынай» (2013); «Іртутнае срэбра жыцьця» (2014); «Халоднае крыло Радзімы» (2014). Мы запыталіся ў яго, ці напіша ён штосьці новае пасьля турмы.

«Пісаць мне даводзілася ў асноўным у турме, бо там было больш вольнага часу, чым маю зараз. Але я хачу напісаць хаця б успаміны, асэнсаваньне таго, што адбывалася за гэтыя 5 гадоў, калі я быў у зьняволеньні. Спадзяюся, што праз год зьявіцца новая кніжка», — паабяцаў Алесь Бяляцкі.

І дадаў, што шмат хто з былых палітычных вязьняў піша мэмуары, успаміны. Адзначыў некалькі новых кніжак: «Інкамунікада. Катаваньне адзінотай» Ігара Карнея, «Каляністы» Максіма Знака.

Алесь Бяляцкі пасьля вызваленьня і вывазу ў Вільню, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі пасьля вызваленьня і вывазу ў Вільню, архіўнае фота

«У нас зьяўляецца цэлы жанр — беларуская турэмная літаратура, і яна вельмі якасная, усім раю пачытаць. У межах нашай фундацыі мы будзем падтрымліваць і выдавецкую дзейнасьць, яна будзе арыентавацца ў пэўнай ступені на пераклады зь іншых моваў на беларускую і зь беларускай на іншыя», — паабяцаў Алесь Бяляцкі.

Ці зьявіліся зараз новыя магчымасьці, інструмэнты, каб выцягваць людзей з турмы? Алесь Бяляцкі кажа, што гэта складанае пытаньне.

«Я згодны з маімі калегамі: толькі сумесныя салідарныя дзеяньні — з дыпляматычнымі, міжнароднымі, інфармацыйнымі кампаніямі — прыводзяць да вызваленьня палітзьняволеных. Так было і зь беларускімі зьняволенымі, так было і зь вязьнямі з Азэрбайджану, Кіргізстану. Частка — больш пасьпяховыя, частка — менш, але гэта трэба рабіць!» — перакананы нобэлеўскі ляўрэат.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG