Значную ўвагу дасьледнікі надалі ролі «несілавых» ведамстваў у «новай архітэктуры кантролю» над грамадзянамі, якую працягвае выбудоўваць у Беларусі рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Паводле дасьледнікаў ЦНІ, на звычайных беларусаў рэжым усё мацней цісьне якраз праз структуры, якія не ўваходзяць у сілавы блёк.
«На прадпрыемствах у кожнага дырэктара цяпер ёсьць намесьнік па ідэалёгіі і бясьпецы, які прыйшоў альбо адслужыўшы ў сілавой структуры, альбо яшчэ сумяшчае цывільную працу са службай. Абавязак такога намесьніка — „паляваць“ за нядобранадзейнымі працаўнікамі. Дырэктар у школе, альбо рэктар ва ўнівэрсытэце ня возьме на працу настаўніка ці выкладчыка, які „засьвяціўся“ на пратэстах. Нават банкіры мусяць цяпер уводзіць фінансавыя абмежаваньні для тых беларусаў, якія трапілі пад увагу карнікаў. Сыстэма імкнецца да татальнасьці» — тлумачыць дасьледнік ЦНІ Максім Знак.
Юрыст Максім Знак, якога арыштавалі ў 2020 годзе і вызвалілі толькі летась, на сабе ведае, што значыць быць ахвярай палітычнага перасьледу ў Беларусі праз тое, што ты грамадзкі актывіст. Максім адзначае зьмены: калі на пачатку дасьледаванага пэрыяду сыстэма яшчэ была нацэленая на тое, каб праз фармальнае сьледзтва і суд вызначыць умоўную віну чалавека і пакараць яго ў межах нормаў закону, дык цяпер парадак зьмяніўся.
«Мы ўсё часьцей бачым, што яшчэ не асуджанаму чалавеку надаецца статус экстрэміста, а ўжо тады лягчэй весьці крымінальны перасьлед. Прыкладам, чалавек быў у складзе экалягічнай арганізацыі, якую прызналі экстрэмісцкай, альбо друкаваўся ў выданьні, прызнаным экстрэмісцкім фармаваньнем, альбо заданаціў некалькі рублёў праекту, які апынуўся ў „экстрэмісцкім сьпісе“. Усё, ягоны лёс фактычна вызначаны. Прычым менавіта „інфармацыйны сьлед“, а ня пэўнае дзеяньне, разглядаецца як асноўны доказ віны. Лайк, камэнтар, падпіска — гэтага цяпер дастаткова, каб перасьледаваць чалавека, нават калі ён знаходзіцца за мяжой. Кантроль імкнецца перасекчы любыя межы», — адзначае юрыст Максім Знак.
Чаму проста трапіць у «экстрэмісты»
Дасьледнік прывёў статыстыку, якая сьведчыць пра масавасьць такой практыкі: на 2026 год у сьпісе экстрэмісцкіх фармаваньняў ужо 368 пунктаў. У гэтую катэгорыю залічваюць ініцыятывы самых розных формаў: аб’яднаньні, выданьні, музычныя гурты, сайты. На думку дасьледнікаў, такі мэтад рэпрэсій супраць ініцыятываў абраны таму, што адносна фармаваньняў не патрэбна рашэньне суду, як з зарэгістраванымі грамадзкімі арганізацыямі.
«Прызнаньне экстрэмісцкім фармаваньнем не патрабуе судовага працэсу. Гэтак хутчэй і лягчэй. Міністэрства інфармацыі з падказкі КДБ і МУС напаўняе сьпісы экстрэмісцкіх фармаваньняў актывістамі, журналістамі, пісьменьнікамі альбо музыкамі, для якіх трапіць у гэтыя сьпісы значыць апынуцца пад рызыкай крымінальнага перасьледу. І часьцей за ўсё такі перасьлед пачынаецца. Гэтак цяпер перабудавана машына рэпрэсій: каб пашырыць іх максымальна. Караюць не за ўчынак, а за статус. Свой ці той структуры, зь якой ты зьвязаны», — даводзіць Максім Знак.
Паводле Знака, кола карных паўнамоцтваў расьце разам з колам тых структур, якім дадзенае права праводзіць рэпрэсіі. Дасьледнікі зафіксавалі 28 сфэр жыцьця, дзе цяпер ёсьць структуры з рэпрэсіўнымі паўнамоцтвамі. Натуральна, што на чале сьпісу крымінальны перасьлед і правасудзьдзе, дзе галоўная роля належыць КДБ, МУС, пракуратуры ды іншым спэцслужбам. Але цяпер у пераліку сфэр жыцьця, дзе дзяржава ня проста можа ўмяшацца, але і націснуць на чалавека, апынуліся «самыя мірныя»: адукацыя і навука, рэлігія, ахова здароўя і нават сям’я. Прыкладам, бацькам, западозраным у пратэставай актыўнасьці, могуць пагражаць тым, што адбяруць у іх дзяцей, спаслаўшыся на бытавыя ўмовы.
«Цывільныя ўстановы ўсё шырэй уцягваюцца ў рэпрэсіі. Працадаўцы, банкі, апэратары сувязі, школа і дзіцячыя сады, сацыяльная служба — кожны робіць свой унёсак», — мяркуюць аўтары дакладу «Трансфармацыя рэпрэсіўнай машыны ў Беларусі (2020-2026)».
20 этапаў рэпрэсій для звычайнага беларуса
Дасьледнік Юры Козікаў падрабязна прасачыў практыку перасьледу грамадзянаў Беларусі на падставе артыкулаў Крымінальнага кодэксу пра экстрэмісцкія фармаваньні і экстрэмісцкую дзейнасьць — ад 361-1 да 361-5 КК. Дасьледнік адзначае, што любая сувязь з такімі фармаваньнямі — стварэньне, супраца, фінансаваньне, спрыяньне — азначае рызыку крымінальнага перасьледу. Яскравы прыклад: пасьля ўзлому бота «Беларускага Гаюна» у лютым 2025 году пад перасьледам апынуліся сотні беларусаў, яшчэ тысячы застаюцца пад пагрозай.
Для ілюстрацыі наступстваў, якія чакаюць актыўнага беларуса, дасьледнік прасачыў лёс умоўнага Аляксея. Яму 42 гады, ён мае жонку і сына, у яго вышэйшая адукацыя. У 2020 годзе ён хадзіў на мірныя пратэсты, данаціў. У 2020 годзе яго арыштаваў ГУЗАЗіК, вобшук у кратэры правялі без пастановы суду. Адміністрацыйны суд даў Аляксею 15 содняў арышту і не ўлічыў утрыманьне малога дзіцяці. Аляксей трапіў на ўлік у базе «беспарадкі» і быў звольнены з працы, яму пагражала прызнаньне «дармаедам», ён вымушана зрабіў «добраахвотны» унёсак на рахунак сілавікоў, але гэта не ўратавала ад завядзеньня крымінальнай справы. У калёніі даведаўся пра арышт маёмасьці і атрымаў дадатак да тэрміну па 411 артыкуле. Па вызваленьні Аляксея паставілі на прэвэнтыўны нагляд, ён гэтак і не знайшоў працы паводле прафэсіі і мусіў зьехаць за мяжу. Там даведаўся пра ціск на сваякоў і новы завочны прысуд.
«Мы вызначылі 20 этапаў у ланцугу рэпрэсій, якія ўжо зьведаў наш Аляксей. Кожны новы этап фармуецца папярэднім, рэпрэсіі не заканчваюцца выкананьнем аднаго пакараньня, а яно стварае падставы для новых і канца гэтаму не бачна. Машына рэпрэсій ужо працуе на аўтапілёце, часам патрабуе толькі нязначных правак», — зазначыў Юры Козікаў.
Што рэкамэндуюць дасьледнікі?
У дакладзе «Трансфармацыя рэпрэсіўнай машыны ў Беларусі (2020-2026)» дасьледнікі выказалі свае рэкамэндацыі для краін Эўразьвязу і міжнародных структур, якія сочаць за падзеямі ў Беларусі і рэагуюць на іх, у тым ліку праз санкцыі. Дасьледнікі прапануюць ацэньваць адказнасьць за рэпрэсіі ў Беларусі ня толькі сілавікоў, але і ўсіх зьвёнаў рэпрэсіўнага ланцугу. Таксама сярод рэкамэндацый — абарона беларусаў у выгнаньні ад трансгранічных рэпрэсій. «Дакумэнты, ахова, грамадзянства для тых, хто яго пазбаўлены», — зазначаюць дасьледнікі ЦНІ.
Самім беларусам, якія зьведалі рэпрэсіі, яны рэкамэндуюць дакумэнтаваць выканаўцаў, а ня толькі факты.
«Трэба фіксаваць па імёнах тых, хто інфармаваў, хто пачаў, хто вырашаў. Карная сыстэма працуе паводле прынцыпу, калі адказнасьць размытая для выканаўцаў, але становіцца калектыўнай для апанэнтаў. Гэта можна зьмяніць», — мяркуюць аўтары дакладу.
З дакладам «Трансфармацыя рэпрэсіўнай машыны ў Беларусі (2020-2026)» можна азнаёміцца на сайце Цэнтру новых ідэй.
Форум