Цэнтар новых ідэй (ЦНІ) прадставіў дасьледаваньне «Анатомія беларускай улады», прысьвечанае ўладкаваньню беларускай уладнай сыстэмы знутры, а не паводле фармальных пасадаў.
Дасьледчыкі прааналізавалі сувязі ўнутры кіроўнай групы, склалі сьпіс найбольш уплывовых нефармальных лідэраў, абазначылі ўплывовыя групы, у тым ліку замералі ступень уплыву на беларускую эліту ўладных колаў Расеі.
«Расейская сацыялізацыя ёсьць у кожнага пятага прадстаўніка кіроўнай групы Беларусі, але гэтыя людзі не ўтвараюць асобнай сеткі. Яны альбо служылі, альбо вучыліся ў Расеі, але ў розны час і ў розных месцах, а пазнаёміліся паміж сабой ужо ў беларускіх установах», — даводзіць старшыня рады «Цэнтра новых ідэя» дасьледчык Антон Раднянкоў.
Паводле падлікаў аўтараў «Анатоміі», гэткая выснова тычыцца амаль 95% прааналізаваных сувязяў паміж прадстаўнікамі эліты.
Усяго дасьледчыкі вывучылі біяграфіі 271 прадстаўнікоў кіроўнай групы клясы, разьбітых на 5 службовых групаў. Паміж імі былі вывучаныя 3 500 кар’ерных і адукацыйных сувязяў, і выявілася, што ў такіх групах, як «Войска і МУС», альбо «КДБ і спэцслужбы» сувязі з Расеяй куды больш шчыльныя — 39% і 38%, а ў іншых — значна меншыя.
Гэтак, група «ўрад і рэгіёны» паводле ранейшых сувязяў з Расеяй знаходзіцца ў канцы сьпісу з паказчыкам толькі 9%. Перад ёй, з паказчыкам 17%, апынулася група «прэзыдэнцкая вэртыкаль», што таксама меней за сярэдні ўзровень паказчыку, які можа сьведчыць пра «руку Масквы».
«55 чалавек з 271 зьвязаныя паходжаньнем альбо вучобай ці працай з Расеяй. Гэта ня шмат, менш, чым прынята лічыць, калі кажуць, што нібыта „паўсюль рука Масквы“. Але адзначу, што чым вышэйшы службовы ўзровень прадстаўнікоў кіроўнай клясы, тым гэты „расейскі сьлед“ заўважней і гэта варта ўлічваць пры прагназаваньні падзей у Беларусі», — мяркуе Антон Раднянкоў.
Яшчэ адна важная асаблівасьць, на якую зьвяртае ўвагу дасьледчык, шчыльных сувязяў паміж блёкамі «Армія і МУС» ды «КДБ і спэцслужбы» няма, камунікацыя паміж імі праходзіць у асноўным праз «ядро» эліты, якое, паводле аўтараў дасьледаваньня, складаецца з 17 самых уплывовых чалавек.
«Шэрыя кардыналы»— хто яны?
Паводле аўтараў «Анатоміі беларускай улады» 17 чыноўнікаў складаюць топ-групу ўплывовых «пасярэднікаў», якая датычная да вырашэньня большасьці важнейшых пытаньняў па кіраваньні краінай.
Аляксандра Лукашэнку дасьледчыкі ў гэтую групу сьвядома не ўключылі. Яны спасылаюцца на асаблівасьць беларускага рэжыму, цалкам пэрсанальнага, пабудаванага як «дзяржава аднаго кіраўніка». Але гэта ня значыць, што ў такой сыстэме няма іншых уплывовых асобаў, гэтак званых «шэрых кардыналаў», даводзіць палітычны аналітык, кандыдат фізыка-матэматычных навук Юры Дракахруст.
Паводле складзенага дасьледчыкамі рэйтынгу ў топ-17 апынуліся прадстаўнікі вэртыкалі, адзін сілавік дзейны і два былых, адзін кіраўнік выканкаму, прэм’ер і некалькі міністраў, якія яго апярэдзілі паводле ўплыву, адзін прадстаўнік сям’і Лукашэнкі і яшчэ некалькі чыноўнікаў.
«Гэтыя людзі адметныя найперш не пасадамі, а сваімі кантактамі, сувязямі, рольлю пасярэднікаў у вырашэньні важнейшых пытаньняў. Таму важная выснова: нават калі прыбраць верхавіну гэтай топ-групы, сыстэма не абваліцца, што мы пралічылі на розных мадэлях паводле навуковых мэтадаў. Сыстэма даволі ўстойлівая і будзе такой заставацца нават пры раптоўным транзыце ўлады», — мяркуе Юры Дракахруст.
Паводле аўтараў «Анатомія беларускай улады» высновы дасьледаваньня будуць карысныя дэмакратычным сілам, якім пасьля транзыту ўлады разьлічваюць вярнуцца ў Беларусь.
Цалкам азнаёміцца з дасьледаваньнем і ўбачыць сьпіс топ-17 беларускіх чыноўнікаў можна тут.
Форум