Афіцэра спэцназу асудзілі за «здраду дзяржаве» на 19 гадоў калёніі
У Менскім абласным судзе за «здраду дзяржаве» (ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэксу) асудзілі 23-гадовага афіцэра з Бабруйску Яўгена Жарыкава. Яму прызначылі 19 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у 500 базавых велічыняў (22 500 рублёў). Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, падрабязнасьці абвінавачаньня невядомыя. Прысуд вынесьлі яшчэ ў траўні, але праваабаронцы «Вясны» пра яго ўведалі толькі цяпер.
Яўген Жарыкаў родам з Бабруйску. Пасьля заканчэньня вайсковай навучальнай установы праходзіў службу ў Мар’інай Горцы, дзе дысьлякуецца пятая асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня. Што стала прычынай яго затрыманьня — невядома.
Супрацоўнікі КДБ затрымалі Яўгена Жарыкава ў лютым 2025 года, суд над ім адбыўся ў траўні 2026 году. У верасьні яго накіравалі адбываць тэрмін у калёнію.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.