Суд Фрунзэнскага раёну Менску 16 кастрычніка пачынае завочны разгляд справы супраць заснавальнікаў праваабарончай ініцыятывы Dissidentby Марыны і Вячаслава Касінеравых.
Марына Касінерава паведаміла, што 14 кастрычніка сілавікі пачалі яе шукаць у сваякоў.
«Дзесьці паведамілі, што „начальник сказал, что я приехала домой“, а дзесьці — што мяне „всё равно депортируют и рано или поздно я буду у них“ і дадуць мне „большой срок“. А я ўсяго толькі выслала хадайніцтва, каб мяне з маім „абаронцам“ пазнаёмілі і растлумачылі, за што судзіць будуць», — напісала Марына Касінерава на сваёй старонцы ў Facebook.
Раней у праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамлялі, што Касінеравым ставяць у віну некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Вячаславу інкрымінуюць «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім», «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці», «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь», «абразу Лукашэнкі», а таксама «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Марыне, акрамя такіх жа абвінавачаньняў, ставяць у віну «паўторнае стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або кіраўніцтва ім».
Справу ў рэжыме спэцыяльнага вядзеньня супраць Касінеравых пачалі сёлета 28 жніўня.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 15 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 878 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 929.
Форум