Музэй Вольнай Беларусі працуе ў Варшаве з 17 ліпеня 2022 году. Мэта яго стварэньня — захаваньне памяці аб падзеях 2020 году ў Беларусі, падтрымка беларускай культуры і супраціў дыктатуры, збор артэфактаў барацьбы за свабоду. «Разам захоўваем тое, што не павінна зьнікнуць» — пад такім дэвізам працуе ўстанова.
За 4 гады працы праведзена некалькі дзясяткаў выставаў, у запасьніках музэю сабраныя каля 800 артэфактаў. А цяпер яго супрацоўнікі вырашылі паслухаць калегаў з розных краінаў сьвету.
«Музэі рэпрэсіяў, тыраніі, акупацыі ёсьць ува ўсім сьвеце»
Канфэрэнцыю «Пасьля татарытарызму: музэй, памяць і беларуская пэрспэктыва» плянавалі даўно. Арагнізатарам музэю вельмі цікавы і карысны абмен досьведам: як калегі зь іншых краін прайшлі гэты шлях, як зьбіралі экспанаты, як захоўвалі, як пераасэнсоўвалі падзеі, кажа дырэктарка ўстановы Натальля Задзяркоўская.
«Музэі рэпрэсіяў, музэі тыраніі, музэі акупацыі ёсьць ува ўсім сьвеце. Будзе асобная дыскусія пра наш музэй — куды рухацца нам? Таму абралі такі фармат — навукова-практычная канфэрэнцыя. Тут ёсьць вялікае этычнае пытаньне. Як правільна паказаць моманты гвалту, як далікатна і тактоўна паказваць ахвяраў, як паказваць катаў, злачынцаў? Бо ёсьць розныя падыходы: ёсьць эўрапейскія музэі, дзе партрэты катаў з подпісам „вінаваўцы“… Як не трансьляваць гэтую траўму далей, але адначасова паказаць, што адбывалася, каб грамадзтва асэнсавала гэта, бо мы будзем дэманстраваць гэта ўжо крыху іншаму грамадзтву. Як праводзіць люстрацыю ў музэйнай справе? Каб пасьля зьмены рэжыму працаваць не на раскол у грамадзтве, а на кансалідацыю. І нам здаецца, што такі склад удзельнікаў з 15 краінаў сьвету — гэта сынэргія навукі і практыкі», — кажа дырэктарка Музэю Вольнай Беларусі.
Натальля Задзяркоўская
Сваім досьведам падзеляцца прадстаўнікі музэяў і інстытуцыяў Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Малдовы, Нямеччыны, Вугоршчыны, Малдовы, Альбаніі, Бэльгіі, Францыі, Вялікай Брытаніі. Беларусы не разьлічвалі на такую колькасьць краін-удзельніц, чакалі перш за ўсё прадстаўнікоў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, бліжэйшых суседзяў, кажа спадарыня Натальля.
«Але цяпер у нас сьпікеры з 15 краін. Нечакана далучыліся яшчэ Данія і Нідэрлянды. Нам вельмі важна пачуць Украіну — як яны ў час вайны працуюць. Да таго ж гэтая прадстаўнічая канфэрэнцыя — яшчэ адна магчымасьць нагадаць пра Беларусь, паказаць фонды музэю, калекцыі, зьвязаныя зь беларускімі ваярамі ва Ўкраіне, з палітвязьнямі. Нядаўна нам перадалі свае рэчы вызваленыя менш за месяц таму. Чаму гэта важна? Ня буду называць краіну (хоць яна і эўрапейская, сябра ЭЗ). Калі мы запрашалі на канфэрэнцыю, апавядалі пра наш музэй, які паўстаў пасьля 2020 году, супрацоўніца кажа: „Я штосьці чула, нібыта ў Беларусі нешта было ў 2020-м. Але нагадайце, што канкрэтна?“ І гэта музэйніца запытвалася…» — не хавае зьдзіўленьня Натальля Задзяркоўская.
800 артэфактаў
Дырэктарка музэю кажа пра завяршэньне праекту «Музэефікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі», накіраванага на захаваньне ў бясьпечных умовах гістарычных каштоўнасьцяў, што паўсталі ў сучаснай Беларусі падчас супраціву дыктатуры Лукашэнкі. Было праведзена шмат выставаў.
«У нас назапашана каля 800 фізычных артэфактаў, вялікая калекцыя рэчаў палітвязьняў, артэфакты, зьвязаныя з пратэстамі 2020 году (якія людзі вывезьлі зь Беларусі). Зьбіраем ня толькі фізычныя рэчы, але аблічбаваныя. Аднак маем экспанаты і да 2020 году. Цікавыя рэчы з выбараў 2001 году нам у музэй перадалі Аляксандар Мілінкевіч і Павал Казанэцкі. Маем шмат артэфактаў: плякатаў, налепак, газэт яшчэ з 1990-х. І калі рыхтуем выставы, стараемся рабіць так, каб экспазыцыю разумела і маладое пакаленьне, якое ня памятае тых часоў. На канфэрэнцыі будзем размаўляць і пра будучыню, калі зьявіцца магчымасьць працаваць у Беларусі», — расказвае Задзярскоўская.
Выстава «Нічога асабліва новага». Музэй Вольнай Беларусі ў Варшаве, асабістыя рэчы палітвязьняў, роба
Зараз Натальлю хвалюе, што будзе ў новым Нацыянальным гістарычным музэі, які неўзабаве адкрыецца ў Менску, — як там будуць адлюстраваныя падзеі 1937 году, пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў, падзеі апошніх гадоў? Што будзе з архівамі, з запасьнікамі, якія былі ў старым будынку на вуліцы Карла Маркса?
«Перажываю, як бы ня зьнішчылі ўсё гэта. Напэўна, у новым музэі будуць „белыя плямы“. Але прыйдзе час, калі прыйдзецца „размалёўваць“ гэтыя „белыя плямы“. Нашы замежныя калегі гэта ўжо прайшлі. А што будзе ў нас? Будзем слухаць. І сваё будзем паказваць», — кажа Натальля Задзяркоўская.