Блогеры паказалі, як цяпер выглядае тэрыторыя Пішчалаўскага замку, дзе амаль два стагодзьдзі працавала турма. Экскурсію ім 31 жніўня арганізаваў Менгарвыканкам.
Паводле агучанай гарадзкімі ўладамі канцэпцыі, у комплексе зьявяцца кавярні і рэстарацыі, адміністрацыйныя памяшканьні, а таксама музэйная экспазыцыя з інтэрактыўнымі элемэнтамі. Побач з замкам плянуюць праводзіць культурна-масавыя імпрэзы і гістарычныя рэканструкцыі.
У комплексе захаваюць чатыры гістарычныя будынкі. Іх умацуюць, рэканструююць і прыстасуюць да новых функцыяў.
На тэрыторыі ўжо знесьлі 17 пазьнейшых збудаваньняў без гістарычнай каштоўнасьці. Будаўнікі таксама дэмантавалі старыя інжынэрныя сеткі і пачалі ўмацоўваць падмуркі і сьцены гістарычных аб’ектаў.
Пасьля завяршэньня рэканструкцыі комплекс хочуць уключыць у адкрытую гарадзкую прастору і зрабіць даступным для наведнікаў.
«Быў я ў гэтай кавярні паўгода, наеўся на ўсё жыцьцё»
Навіна пра будучыя кавярні і рэстарацыі на тэрыторыі «Валадаркі» выклікала неадназначную рэакцыю ў сацыяльных сетках.
«Быў я неяк у гэтай кавярні паўгода, наеўся на ўсё жыцьцё», — пажартаваў адзін з карыстальнікаў.
За гэтым жартам стаіць амаль двухсотгадовая гісторыя месца, якое практычна ўвесь гэты час выкарыстоўвалася як турма.
Пішчалаўскі замак пачаў працаваць як турэмны астрог у 1825 годзе. Комплекс на тагачаснай ускраіне Менску, на Раманаўскім пагорку, узьвялі паводле праекту, які традыцыйна прыпісваюць архітэктару Казіміру Хршчановічу. Падрадчыкам будаўніцтва быў памешчык Рудольф Пішчала, ад прозьвішча якога замак і атрымаў сваю назву.
У XIX стагодзьдзі тут трымалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1830–1831 і 1863–1864 гадоў.
2 чэрвеня 1863 году каля турмы царскія ўлады расстралялі Міхала Цюндзявіцкага. Адным з галоўных пунктаў абвінавачаньня стала тое, што ён чытаў сялянам «Мужыцкую праўду», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі.
У 1906 годзе на турэмнай браме павесілі Івана Пуліхава, асуджанага за замах на менскага губэрнатара Паўла Курлова.
У розныя гады праз Пішчалаўскі замак прайшлі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Алесь Дудар, Якуб Колас і Максім Танк. Тут таксама трымалі Фэлікса Дзяржынскага, Барыса Савінкава і, паводле некаторых зьвестак, Юзафа Пілсудзкага. Некаторыя зь іх адбывалі пакараньне, іншыя знаходзіліся пад сьледзтвам або праходзілі праз турму этапам.
У савецкі час, пасьля перайменаваньня вуліцы ў гонар рэвалюцыянэра Валадарскага, за турмой замацавалася неафіцыйная назва «Валадарка». Падчас нямецкай акупацыі комплекс працягвалі выкарыстоўваць як турму. Тут трымалі мірных жыхароў і ўдзельнікаў менскага падпольля.
Сотні палітвязьняў
За гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі празь СІЗА № 1 прайшлі шматлікія людзі, якіх перасьледавалі з палітычных прычынаў. Асабліва шмат палітвязьняў утрымлівалі там пасьля падзеяў 2020 году.
Былыя вязьні і праваабаронцы паведамлялі пра перапоўненыя камэры, цяжкія ўмовы ўтрыманьня, пабоі і праблемы з доступам да мэдычнай дапамогі.
Сярод тых, хто прайшоў праз «Валадарку», — палітык і былы палітвязень Павал Севярынец. Ён лічыць, што пасьля перабудовы комплексу ягоная турэмная гісторыя ня мусіць быць забытая.
«Насамрэч руіны “Валадаркі” — гэта знакавае месца. Праз “Валадарку” прайшлі, можна сказаць, пакаленьні беларускага руху канца 90-х, пачатку 2000-х», — сказаў Севярынец у інтэрвію праграме «ПіК Свабоды».
На ягоную думку, былы турэмны комплекс варта ператварыць таксама ў месца памяці пра людзей, якія траплялі сюды з палітычных прычынаў.
«Туды варта будзе запрашаць тых людзей — тысячы людзей, тысячы сьвядомых беларусаў, якія былі запханыя ў турму па палітычных прыкметах. Вось пра гэта варта казаць. І музэй гэтых страшных часоў там павінен быць», — лічыць Севярынец.
СІЗА закрылі ў 2024 годзе
СІЗА № 1 працавала на тэрыторыі комплексу Пішчалаўскага замку да канца красавіка 2024 году. Галоўны гістарычны корпус амаль не выкарыстоўваўся пасьля таго, як у 2008 годзе абрынулася адна зь ягоных вежаў, аднак у іншых будынках комплексу працягвалі трымаць вязьняў.
29 красавіка 2024 году стала вядома, што ізалятар на вуліцы Валадарскага расфармавалі. Вязьняў перавялі ў новае СІЗА каля Калядзічаў у Менскім раёне, а таксама ў вязьніцы Жодзіна, Магілёва і іншыя.
Паводле цяперашніх плянаў, гістарычныя будынкі комплексу захаваюць і прыстасуюць да новых функцыяў, а тэрыторыю былой турмы адкрыюць для наведнікаў. Пакуль невядома, ці будзе музэйная экспазыцыя расказваць пра палітычныя рэпрэсіі і людзей, якія прайшлі праз «Валадарку».
Форум