Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаўся знос часткі будынкаў былой турмы «Валадаркі»


Пішчалаўскі замак
Пішчалаўскі замак

Міністэрства культуры Беларусі раней вызначыла ахоўныя зоны гістарычнага аб’екту на вуліцы Валадарскага, дзе было СІЗА.

Пішчалаўскі замак, што стаіць у цэнтры Менску і больш вядомы як СІЗА № 1, дзе трымаюць у тым ліку палітычных зьняволеных, ператворыцца ў пляцоўку для адпачынку, з кавярнямі і культурна-масавымі мерапрыемствамі.

Мяркуючы па здымках, зносяць двухпавярховы корпус з боку «Фабрыкі-Кухні», да якога прымыкае былы будынак СІЗА пад умоўнай назвай «Шанхай», піша Blizko.by. Будынак месьціцца каля замку.

Згодна з канцэпцыяй, захаваюць некалькі пабудоваў, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў: сам турэмны замак, аднапавярховы будынак побач і аб’екты першай лініі з боку вуліцы Валадарскага, цяпер схаваныя за агароджай. Пазьнейшыя прыбудовы і плот дэмантуюць.

У сакавіку 2025 году дырэктар «Менскай спадчыны» Аляксандр Кохан казаў, што архітэктурна-плянавальная канцэпцыя замку ўжо ўзгодненая. Паводле Кохана, у замку будуць аб’екты харчаваньня і адміністрацыйныя памяшканьні, а на тэрыторыі — пляцоўка для масавых імпрэзаў. Пра адкрыцьцё музэю гаворкі няма.

Замак зьявіўся ў Менску ў 1825 годзе. Архітэктар Казімер Хрышчановіч спраектаваў на замову абшарніка Рудольфа Пішчалы каменную фартэцыю-замак. Драўляны астрог, які стаяў на месцы цяперашняга трэцяга гарадзкога шпіталю, быў у аварыйным стане. Для будоўлі новай турмы абралі тагачасную ўскраіну Менску — Раманаўскі пагорак.

Будынак быў выкананы ў выглядзе турэмнага астрогу з элемэнтамі архітэктуры клясыцызму — такі стыль тады быў распаўсюджаны ў Расейскай імпэрыі.

Знакамітыя вязьні: Дунін-Марцінкевіч, Колас, Пілсудзкі, Дзяржынскі

У вязьніцы трымалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў.

У чэрвені 1863 году каля брамы Пішчалаўскага замку царскія карнікі расстралялі маладога афіцэра, ураджэнца Барысаўскага павету шляхціча Міхала Цюндзявіцкага за тое, што ён у карчме вёскі Камень на Барысаўшчыне прачытаў сялянам адзін з нумароў «Мужыцкай праўды», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі.

На турэмнай браме за замах на генэрал-губэрнатара Паўла Курлова ў 1906 годзе павесілі Івана Пуліхава.

За свае перакананьні ў розныя гады тут сядзелі клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Алесь Дудар. Якуб Колас адседзеў за ўдзел у несанкцыянаваным зьезьдзе радыкальна настроеных настаўнікаў, Максім Танк — за нелегальны пераход савецка-польскай мяжы. Памятаюць сьцены Пішчалаўскага замку і Фэлікса Дзяржынскага, Юзэфа Пілсудзкага, Барыса Савінкава.

У савецкі час астрог атрымаў нефармальную назву «Валадарка» (вуліцу Серпухаўскую тады перайменавалі ў вуліцу Валадарскага). Замак перажыў Другую ўсясьветную вайну: немцы яго таксама выкарыстоўвалі як турму.

Да пачатку 2024 году тут быў СІЗА № 1 Менску. З 1994 і да 2024 году празь СІЗА на Валадарскага прайшлі сотні палітвязьняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG