Беларуская тэлевізія з сьпазьненем уключыла трансьляцыю матчу паміж зборнымі Беларусі і Фінляндыі.
Як паведаміла выданьне by.tribuna.com, перад пачаткам матчу традыцыйна мусілі прагучаць гімны дзяржаваў. Але заўзятары на стадыёне абсьвісталі афіцыйны гімн Рэспублікі Беларусі. Запіс, які гэта пацьвярджае, апублікавала жонка паўабаронцы зборнай Беларусі Яўгена Яблонскага Крысьціна. Яна раней працавала на дзяржаўнай тэлевізіі, а тут была на трыбуне для журналістаў у шаліку зь дзяржаўнай сымболікай.
На разьмінку гаспадары матчу выйшлі ў футболках з надпісам «Мы выступаем за мір»
Выданьне нагадала, што спачатку Фінляндыя ўвогуле не хацела прымаць зборную Беларусі за падтрымку яе ўладамі расейскай агрэсіі супраць Украіны. У выніку на 36-тысячны Алімпійскі стадыён прадалі толькі 6,5 тысячы квіткоў. Перад гэтым фінская футбольная фэдэрацыя заявіла, што ўсе грошы за квіткі пойдуць арганізацыі «Ўкраінцы ў Фінляндыі».
На разьмінку гаспадары матчу выйшлі ў футболках з надпісам «Мы выступаем за мір».
Апроч украінскіх сьцягоў, фінскія заўзятары разгарнулі вялікі банэр, на якім палярная сава палюе на прусака. На ім было напісана «Твой дзень прыйдзе».
Фінскія гледачы на знак салідарнасьці з Украінай трымаюць сланечнікі падчас футбольнага матчу паміж Беларусьсю і Фінляндыяй
У другім тайме за брамамі беларускай зборнай фанаты вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. І калі ён трапляў у кадар, сьцьвярджае выданьне, дзяржаўная тэлевізія закрывала яго загадзя падрыхтаваным кадрам з выявай трыбунаў.
Матч завяршыўся без забітых галоў. Пасьля дзьвюх гульняў зборная Беларусі займае трэцяе месца ў першай групе Лігі С.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
Фінская футбольная асацыяцыя хацела перанесьці сустрэчу ў Лізе нацыяў супраць нацыянальнай зборнай Беларусі на нэўтральную тэрыторыю. Але потым вырашылі праводзіць яго ў сталіцы Фінляндыі Хэльсынкі.
Фінляндыя была сярод дзяржаваў, якія байкатавалі цырымонію адкрыцьця Паралімпійскіх гульняў 2026 году ў Італіі. Некалькі краінаў учынілі дэмарш, бо расейцам і беларусам дазволілі выступаць пад дзяржаўнымі сьцягамі.
Фінляндыя падтрымлівае Ўкраіну ў яе абарончай вайне супраць Расеі.
Футбольная зборная Беларусі, адрозна ад расейскай каманды, не адлучаная ад міжнародных спаборніцтваў. Аднак ёй не дазваляюць гуляць хатнія паядынкі ў Беларусі, таму яны праходзяць у трэцяй краіне. Зазвычай у Вугоршчыне.