Дзяржаўны тэлеканал «Спорт ТБ» пакажа ў Беларусі паядынкі першынства сьвету ў футболе 2026 году, які пачынаецца 11 чэрвеня.
Канал недасяжны на звычайнай антэне ў беларускіх карыстальнікаў, а толькі ў сетцы ў кабэльных апэратараў. Ён уваходзіць у пакет IPTV-апэратараў, напрыклад, ZALA.
Турнір упершыню праходзіць адразу ў трох краінах — Мэксыцы, Канадзе і ЗША.
З прычыны вялікай розьніцы ў часе шэраг гульняў будзе адбывацца ў начны для Беларусі час. Для такіх паядынкаў «Спорт ТБ» прадугледзеў дзённыя паказы, якія будуць выходзіць у этэр у запісе.
Акрамя таго, тэлеканал прапануе і агляды матчаў.
Першай сустрэчай новага чэмпіянату сьвету будзе гульня Мэксыка — Паўднёвая Афрыка, якая стартуе а 22-й гадзіне беларускага часу.
Што было з трансьляцыямі раней?
Нявызначанасьць з паказамі матчаў буйнога турніру ў футболе ў Беларусі паўстала ўжо не ўпершыню. Перад чэмпіянатам сьвету 2002 году расейскія тэлеканалы літаральна за некалькі гадзінаў да пачатку турніру адмовіліся паказваць гульні беларускім тэлегледачам. Бязьдзейнасьць беларускіх тэлевізійнікаў зьмянілася на пасьпяховае падпісаньне пагадненьня і куплю тэлеправоў з боку «Белтэлерадыёкампаніі» толькі пасьля таго, як у Менску адбыўся мітынг пратэсту. З таго часу беларускія тэлевізійнікі ўжо не спадзяваліся на Маскву, а куплялі правы на паказ гульняў самастойна.
Перад першынством Эўропы 2004 году беларускія тэлегледачы да апошняга рыхтаваліся глядзець пірацкія трансьляцыі праз інтэрнэт. Прычынай былі санкцыі супраць Беларусі і адкрыта абвешчаны намер беларускай тэлевізіі паказваць Эўра-2024 нелегальна, без афіцыйнага пагадненьня і куплі правоў на паказы. На баку «Беларусь 5» нібыта быў і закон. У красавіку таго году Міністэрства інфармацыі пашырыла сьпіс арганізацый, імпрэзы якіх беларускія тэлеканалы могуць паказваць без дазволу. Гэта тычылася зьмесьціва, якое вырабляюць так званыя «недружалюбныя краіны» і зьвязаныя зь імі арганізацыі. У сьпісе апынулася і УЭФА.
Белтэлерадыёкампанія плянавала скарыстацца такой магчымасьцю і не прасіць афіцыйнай згоды УЭФА. Тады УЭФА прыгразіў Белтэлерадыёкампаніі санкцыямі за нелегальную трансьляцыю матчаў. Кампанія ўжо была пад санкцыямі. УЭФА абвясьціла, што ўвядзе санкцыі ў дачыненьні Беларускай фэдэрацыі футболу і беларускіх клюбаў, калі ў краіне будуць весьціся пірацкія трансьляцыі чэмпіянату Эўропы.
Але тады рашэньне знайшлі, правы афіцыйна выкупіў агульнадаступны тэлеканал СТВ, і паказы турніру ў Беларусі адбыліся. Таксама гульні паказвалі на канале «РТР-Беларусь».
Форум