Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзявочым футбольным зборным Літвы і Эстоніі залічылі тэхнічныя паразы за адмову гуляць супраць Беларусі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзьве балтыйскія дзяржавы працягваюць прынцыпова ігнараваць сустрэчы зь беларускімі атлетамі.

У сувязі з адмовай футбольных фэдэрацыяў Эстоніі і Літвы браць удзел у адборачных матчах першынства Эўропы сярод дзяўчат да 17 гадоў супраць зборнай Беларусі, абедзьвюм камандам залічаныя тэхнічныя паразы зь лікам 0:3.

Такое рашэньне прыняў Кантрольна-этычны і дысцыплінарны орган Зьвязу эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (UEFA), які накіраваў афіцыйнае пацьверджаньне сваёй пастановы ў Беларускую фэдэрацыю футболу (АБФФ).

Акрамя эстонак, літовак і беларусак, у групе гуляюць таксама мальтыйкі — яны адмаўляцца ад сустрэчаў зь беларускамі ня сталі.

Дакладная інфармацыя аб правядзеньні астатняга матчу зборнай Беларусі супраць аднагодак з Мальты стане вядомая пазьней. Але з залічанымі перамогамі над аднагодкамі з Эстоніі і Літвы шанцы беларусак выйсьці на Эўра істотна вырасьлі.

Атлеты, у прыватнасьці, футбалісты з Латвіі, Літвы і Эстоніі ўжо ня раз адмаўляліся гуляць з прадстаўнікамі Беларусі на міжнароднай арэне. Так бывала як у вялікім футболе, так і ў футзале і пляжным.

Напрыклад, сёлета частку першынства Эўропы ў футзале, разам з вырашальнай стадыяй, перанесьлі з Латвіі і Літвы ў Славенію толькі таму, што латыская і літоўская фэдэрацыі адмовіліся прымаць беларускую зборную, якая перш мела гуляць у Коўне.

На Беларусь накладзеныя міжнародныя санкцыі за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў поўнамаштабнай вайне, якую супраць Украіны вядзе Расея. У адрозьненьне ад расейскіх, на беларускія каманды UEFA не наклаў санкцыяў, і яны ўдзельнічаюць у міжнародных турнірах.

Раней у лютым 28 эстонскіх клюбаў напісалі ліст ва UEFA з патрабаваньнем спыніць так званыя салідарныя выплаты расейскім клюбам. Нягледзячы на прыпыненьне сяброўства Расейскага футбольнага саюзу, UEFA працягвае рабіць выплаты расейскім клюбам: у сэзоне 2022/23 яны склалі 3,305 млн эўра; у 2023/24 3,381 млн эўра, а ў сэзоне 2024/25 вырасьлі да 4,224 млн эўра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG