Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборная Фінляндыі ў футболе адмовілася прыняць каманду Беларусі на сваім полі

Футбол, ілюстрацыйнае фота
Футбол, ілюстрацыйнае фота

Сустрэчу Лігі нацый фіны байкатаваць ня будуць, але пашукаюць нэўтральнага поля, каб не прымаць беларусаў на сваёй зямлі.

Фінская футбольная асацыяцыя прыняла рашэньне перанесьці сустрэчу Лігі нацый супраць нацыянальнай зборнай Беларусі на нэўтральную тэрыторыю.

Гульня адбудзецца 29 верасьня. Новае месца вызначаць пазьней.

«Міністэрства асьветы, культуры і спорту і Міністэрства замежных спраў не рэкамэндавалі ладзіць матч у Фінляндыі. Хоць гэта і не забарона, мы лічым важным прытрымлівацца замежнапалітычнай лініі Фінляндыі. Цяпер мы пачынаем падрыхтоўку да арганізацыі сустрэчы на нэўтральным полі.

Мы таксама заявілі, што падзеі ва ўсясьветнай палітыцы ў апошнія гады і месяцы разьвіваюцца імкліва і непрадказальна. Калі адбудуцца істотныя зьмены ў гэтым пытаньні, мы гатовыя хутка адрэагаваць», — паведаміў старшыня Фінскай футбольнай асацыяцыі Ары Лахці.

Фінская асацыяцыя ўжо шукае месца ў іншай краіне, каб правесьці там сустрэчу.

Фінляндыя была й сярод дзяржаў, якія байкатавалі цырымонію адкрыцьця Паралімпійскіх гульняў 2026 году ў Італіі. Шэраг краінаў учыніў дэмарш, бо расейцам і беларусам дазволілі выступаць пад дзяржаўнымі сьцягамі.

Фінляндыя падтрымлівае Ўкраіну ў яе абарончай вайне супраць Расеі.

Футбольная зборная Беларусі, у адрозьненьне ад расейскай каманды, не адлучаная ад міжнародных спаборніцтваў. Аднак ёй не дазваляюць гуляць хатнія паядынкі ў Беларусі, таму яны праходзяць у трэцяй краіне. Зазвычай у Вугоршчыне.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG