Прэзыдэнт FIFA Джаньні Інфантына падтрымаў ідэю вяртаньня Расеі ў міжнародны футбол. Раней пэўныя колы зь ліку спартовыя дзеячоў ужо падымалі тэму вяртаньня ў эўракубкі расейскіх камандаў і спыненьня ізаляцыі расейцаў у спорце агулам. Некаторыя міжнародныя фэдэрацыі ў розных відах спорту скарацілі санкцыі, уведзеныя супраць расейцаў у 2022 годзе пасьля таго, як Масква напала на Ўкраіну з паўнамаштабнай вайной.
«Гэтая забарона нічога не дасягнула, яна толькі стварыла больш расчараваньня і нянавісьці», — сказаў Інфантына.
На думку кіраўніка ФІФА, арганізацыя павінна разгледзець магчымасьць зьмяніць свае правілы і «замацаваць у сваіх статутах, што мы ніколі не павінны забараняць якой-небудзь краіне гуляць у футбол празь дзеяньні яе палітычных лідэраў», піша Sky News.
Таксама швайцарскі футбольны дзеяч адзначыў, што лічыць карысным, калі б «расейскія хлопцы і дзяўчаты гулялі ў футбол у розных частках Эўропы».
Рэакцыя Ўкраіны
Гэта выклікала гнеў з боку Ўкраінскай асацыяцыі футболу.
«Мы ня згодныя са сьцьверджаньнем, што забарона на ўдзел у спаборніцтвах не працуе. Мы лічым адхіленьне ад удзелу ў спаборніцтвах эфэктыўным мэтадам ціску на агрэсара. Патэнцыйная рэінтэграцыя якіх-кольвечы расейскіх зборных ставіць пад пагрозу бясьпеку і цэласнасьць спаборніцтваў», — заявілі ў арганізацыі.
Больш за тое — словы Інфантына прымусілі выказацца міністра замежных спраў Украіны. Андрэй Сыбіга з адсылкай да словаў Інфантына пра «расейскіх хлопцаў і дзяўчат» адзначыў, што 679 украінскіх хлопцаў і дзяўчат больш ніколі ня змогуць гуляць у футбол, бо Расея забіла іх.
«І можа забіць больш, пакуль маральныя дэгенэраты прапануюць прыбраць забароны, нягледзячы на адмову Расеі скончыць вайну. Наступныя пакаленьні аднясуць гэта да ганьбы, як было з Алімпійскімі гульнямі ў 1936 годзе», — сказаў Сыбіга.
У 1936 годзе Нямеччына прыняла як Зімовыя, так і Летнія Алімпійскія гульні. Яны прайшлі ў Гарміш-Партэнкірхэне і Бэрліне і, паводле меркаваньняў шэрагу гісторыкаў, адно паспрыялі ўмацаваньню дыктатуры Адольфа Гітлера і далі пэўны карт-блянш на далейшую захопніцкую палітыку нацысцкай Нямеччыны.
FIFA і UEFA адхілілі Расею ад міжнародных спаборніцтваў пасьля паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Тады расейская зборная была зьнятая з вырашальнага этапу ў бітве за выхад на топ-турнір, а расейскія клюбы пасярод сэзону з гульняў на выбываньне ў эўрапейскіх кубках. Зрэшты, выданьне Independent раней пісала, што насамрэч Расею зьнялі не з маральных меркаваньняў, бо тая пачала паўнавартасную вайну супраць суседа, а толькі таму, што прынамсі 12 эўрапейскіх асацыяцый адразу адмовіліся гуляць з расейцамі. Тады чакалася, што гэтая лічба павялічыцца да 18 зборных.
Адной з такіх краінаў якраз была Польшча, якая мела гуляць з Расеяй у адборачным паядынку на чэмпіянат сьвету ў Катары ў 2022 годзе, што паставіла ФІФА перад вострым выбарам, і ў Ньёне, дзе месьціцца штаб-кватэра арганізацыі, зьнялі Расею з турніру.
У 2023 годзе міжнародныя фэдэрацыі дазволілі расейскім моладзевым камандам да 17 гадоў удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Ідэя магчымага вяртаньня Расеі на футбольнае поле выклікала нэгатыўную рэакцыю з боку асобных фэдэрацый, больш за дзясятак зь якіх заявілі, што забароняць сваім камандам гуляць супраць расейскіх супернікаў.
Скандал з брытанцамі
Між іншым, з першынством сьвету ў Катары зьвязаны яшчэ адзін скандал, які выклікала апошняе інтэрвію Інфантына. У ім ён пажартаваў, што той турнір у Катары стаў «першым Кубкам сьвету, цягам якога ня быў арыштаваны ніводзін брытанец». Ён, відавочна, намякаў на ранейшыя праблемы з законам у ангельскіх хуліганаў, якія нэгатыўна праславіліся на шэрагу турніраў сваімі хуліганскімі выхадкамі і атакамі на заўзятараў іншых зборных.
Аднак ужываньне слова «брытанец» выклікала пратэсты і мноства адмоўных камэнтароў з боку заўзятараў з Валіі, Шатляндыі і Паўночнай Ірляндыі, чые краіны таксама ўваходзяць у Вялікую Брытанію. Яны палічылі падобнае абагульненьне недарэчным і абразьлівым, бо гаворка мае ісьці толькі пра мінулыя здарэньні, зьвязаныя толькі са зборнай Ангельшчыны.
За тыя словы пра брытанцаў Інфантына ўжо папрасіў прабачэньня ў валійцаў, шатляндцаў і ірляндцаў. На словы ўкраінскага боку прэзыдэнт FIFA пакуль не адрэагаваў.
Форум